Палітвязень Мікалай Аўтуховіч не атрымаў за мінулы год ніводнае бандэролі


Палітзняволены Мікалай Аўтуховіч за ўвесь 2023 год не атрымаў за кратамі ніводнае бандэролі. Яму іх проста не перадавалі, хаця паводле заканадаўства ён меў права на прынамсі адную бандэроль. Пра гэта распавяла для радыё «Свабода» сваячка палітвязня, якая цяпер у Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мікалай Аўтуховіч пасля вызвалення з гарадзенскай турмы ў красавіку 2014 года.
Фота: svaboda.org

«Загадзя адправілі яму бандэроль з віншаваннем і цукеркамі. Разлічвалі, што яшчэ на Раство атрымае, але ўжо і Новы год, а бандэроль так і не дайшла. Высветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся яе атрымліваць. Але ж гэта няпраўда», – расказала сваячка Мікалая Аўтуховіча.

Яна кажа, што напярэдадні навагодніх святаў Аўтуховіч зрабіў некалькі кароткіх тэлефанаванняў да сваякоў. Палітвязень павіншаваў блізкіх з надыходам Новага года, запэўніў, што са здароўем у яго «збольшага нармальна», і сказаў, што ад бандэроляў ніколі не адмаўляўся.

Мікалай Аўтуховіч адбывае трэцяе ў сваім жыцці палітычнае зняволенне. Ён сустрэў за кратамі, паводле падлікаў сваякоў, ужо дзявяты Новы год. 7 студзеня Аўтуховічу споўніцца 61 год. Гэты дзень народзінаў ён правядзе ў адзіночнай камеры гарадзенскай турмы.

«У яго ёсць магчымасць крыху грошай траціць у турэмнай краме. Сказаў, што купіў там печыва і цукерак, таму зможа адзначаць святы з салодкім», – распавяла сваячка палітзняволенага.

Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны 17 кастрычніка 2022 года на 25 гадоў калоніі строгага рэжыму, 5 з якіх мусіць, паводле выраку, адбыць у турме. Прадпрымальніка прызналі вінаватым паводле 10 крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «акце тэрарызму» і «стварэнні злачыннай групоўкі». Судзіў яго Максім Філатаў. Сваёй віны Аўтуховіч не прызнаў і падчас працэсу трымаў галадоўку.

12 траўня 2023 года МУС уключыла Мікалая Аўтуховіча ў спіс «экстрэмістаў».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», станам на 2 студзеня 2024 года ў Беларусі 1452 асобы прызнаныя палітвязнямі. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у краіне – 1613 палітзняволеных. Насамрэч іхная колькасць можа быць большая ў некалькі разоў. Як падлічыла «Вясна», 185 палітвязняў сустрэлі Новы год за кратамі ўжо чацвёрты раз.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў