У Мазыры на НПЗ другі раз запар загарэлася яшчэ не дабудаваная ўстаноўка гідракрэкінгу


На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (НПЗ) адбыўся пажар на ўстаноўцы гідракрэкінгу. Аб гэтым паведамляе Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі. Пры гэтым устаноўка яшчэ нават не здадзеная ў эксплуатацыю.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: «Гомельская праўда» / gp.by

Паводле прэсавай службы МНС, увечары 19 студзеня пажар на НПЗ здарыўся з-за разгерметызацыі фільтру камбінаванай устаноўкі гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў. У выніку адбыўся выхад гідрагенізату.

«У 23:41 ратавальнікам паведамілі аб выхадзе гідрагенізату з наступным гарэннем у выніку разгерметызацыі фільтру камбінаванай устаноўкі гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў (у эксплуатацыю не ўведзены, праводзяцца пусканаладачныя работы) на тэрыторыі ААТ «Мазырскі НПЗ». Ратавальнікамі праводзіліся работы для ахаладжэння», – цытуе БелТА МНС.

Паводле паведамленняў МНС, учорашні пажар патушылі, прадпрыемства працы не спыняла. Пацярпелых таксама няма. Пра тое, ці ўплывае сітуацыя на навакольных, не паведамляецца. Паблізу Мазырскага НПЗ месціцца некалькі маленькіх вёсак, да гораду – 15 км.

Год таму на ўстаноўцы адбыўся яшчэ адзін пажар, які быў звязаны з пусканаладачнымі работамі, што працягваюцца дагэтуль. Устаноўка гідракрэкінгу лічыцца адным з галоўных інвестыцыйных праектаў Мазырскага НПЗ апошніх гадоў. Яна яшчэ не ўведзеная ў эксплуатацыю. Пуск комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў неаднаразова адкладваўся, першыя спробы ўвесці ўстаноўку ў эксплуатацыю былі да санкцыяў 2021 года.

Гідракрэкінг – адзін з відаў перапрацоўвання высокакіпячых нафтавых фракцыяў, мазуту, вакуумнага газойлю або дэасфальтызату для атрымання бензіну, дызельнага і рэактыўнага паліва, змазачных аліваў, сыравіны для каталітычнага крэкінгу і іншага. Працэс ажыццяўляецца з выкарыстаннем вадароду з мэтай памяншэння малекулярнай масы кампанентаў сыравіны і змены прапорцый, у якіх гэтыя кампаненты сустракаюцца. Гідракрэкінг дазваляе павялічыць глыбіню перапрацоўвання нафты і атрымаць з яе больш нафтапрадуктаў, перш за ўсё светлых.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў