«Сардэчна запрашаем у 1986 год!» Эксперты – пра няштатныя сітуацыі на БелАЭС і рэакцыю на гэта ўладаў


Аўтарытэтнае агенцтва Bloomberg на днях апублікавала матэрыял, згодна якому ў лютым 2022 года на БелАЭС здарылася сур’ёзная праблема з контурам другога энергаблоку. Гэта магло прывесці да сур’ёзных наступстваў. 19 снежня «Расатам» і Мінэнерга Беларусі назвалі гэта ўсё хлуснёй і спробай дыскрэдытацыі. Аднак незалежныя эксперты мяркуюць: пазаштатная сітуацыя сапраўды была, а рэакцыя афіцыяльных асобаў вяртаюць нас у сітацыю 1986 года, калі адбылася аварыя на ЧАЭС.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

18 снежня агенцтва Bloomberg са спасылкай на ўнутраныя дакументы «Расатаму» паведаміла, што ў лютым 2022 года на БелАЭС выявілася сур’ёзная праблема – у першы контур другога энергаблоку прасочвалася іонаабменная смала, пагражаючы заклінаваць крытычна важныя кампаненты.

Гэта магло прывесці да пашкоджання або паломкі стрыжняў кіравання і цеплавыдзяляльных зборак. У горшым выпадку, па словах экспертаў агенцтва, знаёмых з праблемай, магло адбывацца назапашванне іонаабменнай смалы, якая рэгулюе чысціню вады, якая прапампоўваецца па трубах падчас працы рэактару. Гэта магло б прывесці не толькі да збояў у працы рэактару, але і да павышэння рызыкі расплаўлення. Таму «Расатам» часова адклаў запуск другога энергаблоку.

Паводле звестак літоўскай выведкі, у лютым 2022 года былі выяўлены змены ў хімічным складзе вады ў першым контуры рэактару: яна была забруджана смалой. Патрабавалася механічная прачыстка труб контуру з выгрузкай ядзернага паліва. Цеплавыдзяляльныя зборкі былі выгружаны і ачышчаны. Частка з іх была заменена новымі.

19 снежня публікацыю Bloomberg пракаментаваў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. Ён заявіў, што тое, што адбылося, «нельга назваць няштатнай сітуацыяй, таму што гаворка ідзе аб пуска-наладачных працах, гэты нюанс – самы важны».

Следам у Мінэнерга Беларусі публікацыю Bloomberg назвалі спробай дыскрэдытацыі.

«Чарговая спроба дыскрэдытаваць праз гэты праект нашыя добрыя адносіны з нашым старэйшым братам у Расейскай Федэрацыі, таму што тое становішча, якое склалася вакол нашых краін, паказала, што наша канструктыўнае ўзаемадзеянне толькі, так бы мовіць, нарошчвае мускулы нашай эканомікі і павышае ўзровень жыцця нашых людзей», – заявіў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Ён зазначыў, што спробы дыскрэдытаваць БелАЭС рабіліся са старту будаўніцтва, пры тым, што беларускі бок прадʼяўляў завышаныя патрабаванні да бяспекі станцыі, а ў МАГАТЭ няма прэтэнзіяў.

«Таму вось гэты выпад, які зʼявіўся ў СМІ, гэта чарговая спроба дыскрэдытаваць, увогуле ачарніць наш сумесны з Расейскай Федэрацыяй праект і праз гэта БелАЭС. Час пакажа, і ён ужо паказвае: станцыя працуе надзейна і ўпэўнена», – падсумаваў намеснік міністра.

Аб’ектыў
На будаванні БелАЭС ашчадзілі больш як 4,5 млрд долараў
2023.11.01 20:46

Што кажуць эксперты?

Інжынер-фізік, удзельнік Беларускай антыядравай кампаніі Андрэй Ажароўскі ў каментары «Белсату» прыгадвае падзеі 2022 года, калі мусіў адбыцца запуск другога энергаблоку станцыі, але чамусьці быў адкладзены. Ён мяркуе, што агенцтва Bloomberg, хутчэй за ўсё, напісала праўду: на БелАЭС сапраўды здарылася няштатная сітуацыя, але яе далі рады нейтралізаваць. А Крэмль асобаю Пяскова і «Расатам» хлусяць, сцвярджаючы, што «нічога такога не было»

«Тое, што адбылося на самой справе, ведаюць бадай толькі супрацоўнікі самой атамнай станцыі. На станцыях, якія будуе «Расатам», гэта не першы такі выпадак. Напрыклад, на Калінінскай атамнай станцыі адбылася падобная сітуацыя, дзе таксама цягам года чысцілі корпус. Але стратэгія «Расатаму» – усё адмаўляць. Сардэчна запрашаем у 1986 год!», – кажа эксперт.

На яго думку, БелАЭС пабудаваная як пудзіла, якім хацелі спачатку напалохаць Літву, а ў выніку напалохалі ўвесь свет. І не тым, што можа ўзарвацца, а сваёй якасцю.

«Эканамічныя паказчыкі працы першага энергаблоку правальныя: 50 % часу працуе, 50 % прастойвае на бясконцых рамонтах. Калі другі энергаблок паўторыць лёс першага, калі праблемы будуць замоўчвацца і адмаўляцца, як зараз, то гэта становіцца добрым праектам, каб пераканаць увесь свет, што атамная энергетыка – гэта кепска. А атамная энергетыка ад «Расатаму» – кепска ўдвая і ўтрая», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Сузаснавальніца «Экадому» Ірына Сухій таксама мяркуе, што год таму на БелАЭС здарылася няштатная сітуацыя. Яна адзначае, што недахопы на станцыі выкрываюцца пастаянна, ад самога адкрыцця, але на запыты актывістаў улады толькі адмоўчваюцца або хлусяць.

«Калі ўсе працэсы праходзяць не празрыста, няма належнага кантролю над гэтым, усе адбываецца за зачыненымі дзвярыма і ў гармадсвта няма інфармацыі, што рэальна адбываецца, гэта прыводзіць да ўсё большых праблем. Пастаянна з’яўляюцца звесткі пра нейкія недаробкі, пра няякасць выкананай працы, напрыклад, што пабудаваныя напачатку прыступкі ўжо пачалі разбурацца. Узгадаем і сурʼёзны інцыдэнт, калі выранілі корпус рэактару. Пра гэта стала вядома толькі таму, што інфармацыя прасачылася, і ўлады мусілі на гэта рэагаваць. Другі корпус таксама ўдарылі, эксперты кажуць, што гэта можа паўплываць на яго падчас працы», – адзначае эксперт.

Па яе словах, сітуацыя з БелАЭС, якая здарылася год таму, паказвае, што ў корпуса ёсць праблемы ў канструкцыі, а таксама тое, што персанал станцыі недастаткова кваліфікаваны. Гэта ўсё падвышае небяспеку БелАЭС.

Hавiны
«сПокойный Островец»: Другі энергаблок БелАЭС здалі з 12 500 дэфектамі. Не ўсе выпраўляюць
2023.07.30 15:09

СП, belsat.eu

Стужка навінаў