Першы энергаблок АЭС ізноў апынуўся на рамонце


У Літве вучацца рэагаваць на імаверную аварыю на Беларускай АЭС. Такія вучэнні ладзяцца прынамсі некалькі разоў на год. І логіка тут ёсць. Астравецкая атамная электрастанцыя – усяго за 50 кіламетраў ад Вільні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усе разумеюць блізкасць гэтага, усе таксама добра разумеюць, што гэта крамлёўскі праект, за крамлёўскія грошы і ў прынцыпе з крамлёўскім ноу-хау, чалавечым рэсурсам. Так што ёсць шмат асцярогаў», – кажа літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

Ад сёння – першы энергаблок на нібыта планавым рамонце. Паводле Мінэнерга, у рэактар часткова перазагрузяць свежае ядравае паліва, правераць рэактарную сістэму, турбагенератар, галоўныя цыркуляцыйныя помпы ды іншае тэхналагічнае абсталяванне. Нягледзячы на «планавасць», колькі працягнуцца працы – не паведамляюць.

«Праблема ў тым, што сітуацыя непразрыстая, няма нейкага доступу незалежных экспертаў, якім бы маглі давяраць, няма зразумелых тлумачэнняў», – зазначае рэдактар і складальнік «Беларускага штогодніку» Вадзім Мажэйка.

Вядома, што летась такі рамонт на энергаблоку праводзілі 198 дзён, хоць планавалі зрабіць за 80. Паводле расейскага фізіка-ядравіка Андрэя Ажароўскага, калі цяперашні рамонт сапраўды планавы, ён мае скончыцца не пазней за сярэдзіну лістапада:

«Асноўны ўнёсак у безаварыйнае апраменьванне людзей робяць гэтыя планава-папераджальныя рамонты, звязаныя з перазагрузкай ядравага паліва. Таму, калі ў нашых слухачоў ёсць магчымасць – у тых, хто жыве ў радыусе 50 кіламетраў ад атамнай станцыі, – вось на гэты час, да 15 лістапада, кудысьці з’ехаць падалей… Гэта трэба зрабіць».

Дамову пра будаўніцтва АЭС у Астраўцы афіцыйны Менск падпісаў з Масквою ў 2011 годзе. Першы энергаблок увялі ў камерцыйную эксплуатацыю ў чэрвені 2021. Мінэнерга сцвярджае, што за час працы ён вырабіў каля 20 мільярдаў кілават-гадзінаў электраэнергіі. Пры гэтым за першы год працы станцыю адключалі ад сеткі прынамсі 8 разоў, а ў 2022 годзе блок прастойваў больш за палову часу.

БелАЭС. Астравец, Беларусь. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Министерство энергетики Республики Беларусь / Facebook

У канцы ж 2021-га «Кіберпартызаны» атрымалі доступ да дакументаў. Паводле іх, органы кантролю спачатку выявілі на станцыі ажно 18 тысяч дэфектаў. Будоўлю вяла расейская кампанія «Росатом», нагадвае Андрэй Ажароўскі:

«Цалкам верагодна, што тыя гучныя гісторыі, калі, памятаеце, упусцілі корпус рэактару пры спробе яго ўсталяваць. Прыкладна ў тым жа стылі працавалі не толькі тыя людзі, што ўсталёўвалі корпус рэактару, але і падрадчыкі, субпадрадчыкі. Крываватыя зваркі, крываватыя падвесы, крываватае заліванне бетону».

Другі энергаблок – на этапе даследча-прамысловай эксплуатацыі. Днямі пачалося яго комплекснае выпрабаванне, у прамысловую эксплуатацыю яго пакуль не ўвялі.

Што ж да асцярогаў краінаў-суседак адносна бяспекі, афіцыйны Менск на іх не рэагуе. Затое з вуснаў Лукашэнкі неаднаразова гучала падобнае:

«Калі на тое пайшло, трэба будзе, пабудуем і другую атамную станцыю».

Мэта ў такіх заявах – наступная:

«АЭС была палітычным, за апошнія пяць год перад выбарамі фактычна адзіным праектам, які быў Лукашэнкавым. Вядома, цяпер з дасягненняў у Беларусі што? Што мы сталі суагрэсарамі ў расейскай вайне супраць Украіны? І калі дасягненняў няма, трэба хоць нечым хваліцца. Ну, магчыма, планамі на будучыню»,, – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Расейскі ж крэдыт на 10 мільярдаў долараў за Астравецкую АЭС Беларусь і не пачынала выплочваць. Сёлета ў лютым урад Расеі дазволіў перанесці пачатак пагашэння пазыкі на чарговы год.

Алесь Яшчанка, «Белсат»