Адна з самых складаных эвакуацыяў: пінскі праваабаронца выскачыў з пасткі лукашэнкаўскіх сілавікоў


Актывіст і праваабаронца з Пінску Аляксандр Рамановіч зʼехаў з Беларусі ў Польшчу. Гэта была адна з самых складаных эвакуацыяў, напісаў у сацыяльных сетках Андрэй Стрыжак.

Фота: t.me/stryzhak

«Гэта быў адзін з самых складаных эвакаў апошняга часу. Пінскага праваабаронцу, што пабываў у кіпцюрах губазятаў і нават быў прымушаны імі зняцца ў прапагандысцкім кіно пра кепскі «BYSOL», які няздольны дапамагчы людзям. Аляксандр, які выскачыў з пасткі і цяпер пачынае жыццё з нуля ў Польшчы, мае патрэбу ў нашай дапамозе», – напісаў Андрэй Стрыжак.

«BYSOL» абʼявіў збор для дапамогі Рамановічу.

Аляксандр Рамановіч браў удзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і надаваў прававую дапамогу людзям. Да апошняга затрымання ў 2024 годзе хадзіў на палітычныя судовыя працэсы. З 2020-га да 2024 года яго сем разоў прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Апошні раз мужчыну затрымалі ў сакавіку 2024 года, выламаўшы дзверы ў кватэру.

«Яны выцягнулі мяне з ложка, катавалі, білі, выломвалі рукі за спінаю – усё таму, што напярэдадні была заведзеная чарговая крымінальная справа супраць праваабарончага цэнтру «Вясна», і сілавікі шукалі сувязь паміж мной і «Вясною», каб прыцягнуць мяне паводле гэтай справы. Аднак дабіцца прызнання ці выявіць нейкія сувязі з арганізацыяй яны не здолелі, таму мне прызначылі дату суда і адпусцілі дадому.

А праз некалькі дзён у сябе ў тэлефоне я выявіў усталяваную шпіёнскую праграму, замаскаваную пад сістэмныя наладкі з шырокім доступам да ўсіх функцыяў тэлефона: камеры, мікрафона, месцазнаходжання, файлаў і гэтак далей, я выдаліў яе. Праз пару гадзінаў да мяне зноў уварваліся сілавікі і зноў катавалі. Але паколькі ў іх не было зачэпак, каб завесці на мяне крымінальную справу, мяне перадалі ўчастковаму, які склаў чарговы пратакол аб «адміністратыўным правапарушэнні», праз што я адсядзеў чарговыя 15 содняў. Пасля гэтага, адседзеўшы 15 дзён і не чакаючы чарговага арышту, я тэрмінова зʼехаў з Беларусі», – апавёў Рамановіч.

Hавiны
Журналіст Аляксандр Васюковіч эвакуяваны з Беларусі
2024.04.25 18:19

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў