«Белсат» падводзіць вынікі 17 верасня – чарговага дня няспыннага пратэсту беларусаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, адсутнасці законаў і гвалту сілавікоў.
17 верасні ў лукашэнкаўскай Беларусі ўпершыню святкаваўся Дзень народнага адзінства – успаміну таго, як у выніку пакту Гітлера і Сталіна Савецкі Саюз напаў на міжваенную Польшчу, захапіў Заходнюю Беларусь і рэпрэсаваў мясцовае насельніцтва.
У звычайных беларусаў дзень, які да таго ж не з’яўляецца выходным, не выклікаў асаблівай цікавасці. Але афіцыйныя падзеі і форумы ладзіліся. Сам Лукашэнка выстаўляў тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Вільню і Беласток, забываючыся пры гэтым на Смаленск і Бранск.
Цікава, што менавіта 17 верасня стала вядома пра ліквідацыю Таварыства беларускай школы – арганізацыі-пераемніцы міжваеннай ТБШ, якая дзейнічала менавіта ў Заходняй Беларусі ў 1921-1936 гадах.
А сам уладны форум у закрытым памяшканні быў сабраны на тле рэкордных паказнікаў колькасці захворванняў на каронавірус.
Пра тое ж, як улады ўяўляюць сабе народнае адзінства сведчыць афіцыйнае пацверджанне прыпынення расследавання крымінальнай справы за забойства Рамана Бандарэнкі. Хоць імёны саўдзельнікаў злачынства ўжо даўно ні для каго не сакрэт.
А зліты кібер-партызанамі аўдыязапіс размовы кіраўніцтва МУС 6 жніўня 2020 года паказвае, як і кім арганізоўвалася спецаперацыя па забеспячэнню 80% Лукашэнкі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.
Беларусы ж ва ўмовах адсутнасці законаў і рэпрэсіяў выходзяць у абарону тых, хто сам патрапіў за краты, абараняючы іх – праваабаронцаў «Вясны».
МГ belsat.eu