17 верасня на рашэнне ўладаў у Беларусі ўпершыню адзначаць новае свята – Дзень народнага адзінства. Чытачы Belsat.eu дзеляцца звесткамі, як яго правядуць у розных рэгіёнах краіны.
Самыя маштабныя святкаванні адбудуцца ў сталіцы. Паводле інфармацыі згуртавання «Сумленныя людзі», 17 верасня будзе адзначацца свята народнага адзінства на «Менск-Арэне». Па задуме арганізатараў, на свята, дзе будзе прысутнічаць Лукашэнка, мусяць прыехаць 11 тысячаў чалавек з усёй краіны.
Людзей для паездкі адбіраюць з дзяржаўных арганізацыяў. Метады збору традыцыйныя – добраахвотна-прымусовыя. І кожнай вобласці выставілі сваю канкрэтную лічбу ўдзельнікаў. Вядома, што з кожнага раёну Менску на «Менск-Арэне» мусяць прысутнічаць па 700 чалавек.
Адною пятніцай адзначэнне гэтак званага Дня народнага адзінства ў Менску не абмяжуецца. На суботу запланавалі сустрэчу з ідэалагічным ухілам каля царквы Усіх Святых. Тут таксама ёсць планы ў колькасці ўдзельнікаў: кожны раён Менску мусіць выставіць па 200 чалавек.
Сябры згуртавання «Сумленныя людзі» паведамляюць, што ў выпадку невыканання неабходнай яўкі, кіраўнікоў дзяржаўных арганізацыяў, адказных за збор людзей, могуць пазбавіць прэміяў, а калі яўка акажацца зусім нізкаю, могуць не працягнуць кантрактаў. На ўсе хібы кіраўнікам прадпрыемстваў абавязкова ўкажуць пасля свята.
Цікава, што афіцыйна пра маштабную ўрачыстасць на «Менск-Арэне» у гэтак званы Дзень народнага адзінства пакуль не паведамляюць. На думку «Сумленных людзей», гэта ўказвае на тое, што звычайных беларусаў там не будзе.
Каб зразумець, як будуць арганізоўвацца выезды ў Менску з усёй краіны, варта звярнуць увагу на Пружанскі райвыканкам, які для гэтых мэтаў аб’явіў адпаведны тэндар. Паездку ў сталіцу для дэлегацыі з мінімум 40 чалавек ацанілі на 2000 беларускіх рублёў, якія возьмуць з мясцовага бюджэту.
Аднак адной «Менск-Арэнаю» Пружанскі райвыканкам пастанавіў не абмяжоўвацца: асобная дэлегацыя, таксама з мінімум 40 чалавек, мае паехаць і ў суседнюю Бярозу, дзе адбудзецца святочная імпрэза на плошчы Леніна. 85 кіламетраў дарогі да Бярозы і назад ацанілі на 500 беларускіх рублёў.
А вось жыхароў Пружанаў чыноўнікі вырашылі павіншаваць з гэтак званым Днём народнага адзінства больш сціпла. У мясцовай газеце «Раённыя будні» напярэдадні 17 верасня апублікавалі віншаванні і здымак з дзецьмі ў народных строях. Праўда, мясцовыя жыхары ўжо паспелі заўважыць, што касцюмы на здымку дакладна не беларускія.
Чытачы паведамляюць, што і для жыхароў Барысава ўлады зарганізуюць сваё асобнае «народнае адзінства». Мясцовы райвыканкам 17 верасня запрашае бацькоў разам з дзецьмі ўзяць удзел у святочным забегу «За адзіную Беларусь». Цікава, што адпаведнае запрашэнне на забег тэрмінова разаслалі ва ўстановы адукацыі. У запрашэнні гаворыцца, што забегі пройдуць у розных узроставых групах дзяцей, а таксама будзе зарганізаваны агульны сямейны забег, у якім возьмуць удзел і бацькі школьнікаў. З тэксту запрашэння вынікае, што яно таксама носіць добраахвотна-прымусовы характар:
«Усяго ад кожнай установы адукацыі неабходна падаць 14-15 прадстаўнікоў (дзяцей і бацькоў), а таксама назначыць адказнага педагога ўстановы за суправаджэнне на акцыю».
У Віцебску 17 верасня новае дзяржаўнае свята адзначаць на цэнтральнай плошчы гораду – плошчы Свабоды. Акрамя гэтага, разнастайныя імпрэзы пройдуць ува ўсіх школах абласнога цэнтру. Гэтак, у СШ № 25 Віцебску настаўнікаў прымушаюць браць удзел у велапрабегу «За адзінства», запланаваным на гэтую суботу. Ровараў выдаваць не будуць, таму пра іх настаўнікам давядзецца паклапаціцца самастойна.
Добраахвотна-прымусовы характар будзе насіць свята і ў Слуцку. Напярэдадні мясцовых школьнікаў сагналі на рэпетыцыю на гарадскі стадыён. На 17 верасня там запланавалі канцэртную праграму «Мы адзіныя!».
У Магілёве таксама ўсе папярэднія дні актыўна рыхтаваліся да пятнічнага свята і рэпетавалі. 17 верасня на плошчы каля Магілёўскага абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтру адкрылі памятны знак у гонар першага святкавання гэтак званага Дня народнага адзінства.
Цікава, што плошчу для такой падзеі перайменавалі ў плошчу Адзінства. Гэтак пастанавілі на папярэдняй сесіі гарадскога Савету дэпутатаў.
Ініцыятарамі ўсталявання памятнага знаку і перайменавання плошчы выступілі мясцовы БРСМ і «Белая Русь», ініцыятыву разгледзелі і падтрымалі на паседжанні тапанімічнай камісіі.
«Гэтая плошча сталася цэнтрам прыцягнення для гараджанаў розных узростаў, да таго ж стала традыцыяй адзначаць тут гарадскія імпрэзы і святы, бавіць час з сям’ёй і сябрамі», – гаворыць старшыня Магілёўскага гарадскога Савету дэпутатаў Максім Гурын.
А нашыя чытачы нагадваюць, што менавіта на гэтай плошчы ў Магілёве збіралі подпісы за Сяргея Ціханоўскага, а таксама праходзілі пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Аднак, магчыма, найлепшым чынам адзначаць новае свята ў Лідскім МКК. Чытачы паведамляюць: да свята работнікам арганізацыі выдалі дапамогу памерам 100 беларускіх рублёў.
ВК belsat.eu