Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 16 жніўня


У Беларусі штодня працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні і суды. «Белсат» распавядае пра чарговыя выпадкі пераследу беларусаў, пра якія стала вядома 16 жніўня.

У Беларусі шэсць новых палітвязняў. Гэта вайсковы эксперт Ягор Лебядок, якога затрымалі за каментар «Еўрарадыё», Дзмітрый Шувалаў, Аляксандр Іваноў, Сяргей Вайцюк, Міхаіл Лістападаў і Сяргей Грыбовіч. Іхныя справы звязаныя з вайной ва Украіне і артыкуламі 361-3 і 361-4 КК РБ – «Удзел у ваенным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы» і «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».

Частка суда па справе «аб змове» сёння прыйшла ў закрытым рэжыме – паказанні сведкі Івана Жураўскага вырашылі слухаць без іншых назіральнікаў. Гэты сілавік быў укаранёны ў групу «змоўшчыкаў».

У Горадні затрымалі незалежнага назіральніка на выбарах-2020 Андрэя Навасельчана. 37-гадовага мужчыну затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», «абразу супрацоўнікаў міліцыі» і рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога».

Меркаванні
Марш перамогі над страхам
2022.08.16 17:50

Суд Ваўкавыскага раёну вынес прысуд 40-гадоваму мясцоваму жыхару Сяргею Бакачу. Нібыта ён размяшчаў абразлівыя каментары пад публікацыямі ў «дэструктыўных тэлеграм-каналах» пра Аляксандра Лукашэнку, Андрэя Шведа і Наталлю Эйсмант. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і прысудзілі 32 000 рублёў штрафу і чатыры гады «хатняй хіміі».

Жыхарку Мазыра асудзілі за відэа расейскіх верталётаў. Палітзняволеную 28-гадовую Ганну Пышнік абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК) нібыта за перадачу відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі (верталётаў) у адзін з тэлеграм-каналаў. Жанчына мае няпоўнагадовую дачку.

Сілавікі зладзілі цэлую спецаперацыю, каб затрымаць мянчанку Алену Малькевіч, якая ўдзельнічала ў некалькіх жнівеньскіх акцыях у 2020 годзе. Частка сілавікоў на тросах спусцілася з даху шматпавярховага дома і залезла ў кватэру праз вокны, а іншыя ў гэты час заходзілі праз дзверы.

Затрыманне Алены Малькевіч. Крыніца: viasna96/Telegram

Наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына асудзілі пяты раз запар. Ён правядзе ў няволі 75 сутак. Сёння над ім адбыўся чарговы суд. Суддзя Зінаіда Балаболава пакарала яго 15-соднявым арыштам.

Палітвязня Алега Яфрэменку асудзілі да яшчэ аднаго года зняволення за «непадпарадкаванне» адміністрацыі магілёўскай турмы ў дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі. Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым на турэмны. Вядома, што адміністрацыя магілёўскай турмы рэгулярна змяшчала палітвязня ў ШІЗА.

За ўдзел у пратэстах затрымалі жонку і мужа – Касценка Марыю і Мікалая. Марыя – настаўніца геаграфіі ў 38 школе Менску, Мікалай – намеснік начальніка аддзелу па кіраванні карпаратыўнымі інтэрнет-рэсурсамі Беларускай Чыгункі. Згодна з інфармацыяй сілавікоў, яны прынялі ўдзел у жнівеньскіх акцыяй пратэсту ў 2020 годзе і перакрывалі рух транспарту.

Hавiны
Пасля галадавання Мікалай Аўтуховіч пачаў патроху есці кашы, але сілаў усё роўна мала
2022.08.16 16:41

ГУБАЗіК затрымаў былую супрацоўніцу МТЗ Святлану Саковіч. Нібыта, у 2020 годзе 45-гадовая жанчына ўдзельнічала ў паслявыбарчых пратэстах і перакрывала рух транспарту. Святлана раней працавала ў ліцейным цэху МТЗ, але пазней яе звольнілі.

У Менску затрыманы Ігар Назаранка. Згодна з інфармацыяй праўладных каналаў, хлопец прыняў удзел у акцыі пратэсту ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года на Нямізе. Ігар трапіў на відэа, па якім яго і вылічылі.

Сёння ў Полацку быў затрыманы Віталь Сакалоўскі. Паводле папярэдняй інфармацыі, сёння таксама адбыўся суд – Віталю прысудзілі 30 сутак арышту.

Hавiны
У Гомельскай вобласці махляры збіраюць грошы для палітзняволеных, а потым знікаюць
2022.08.16 21:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў