«Спадарыня прэзідэнт?» – «Дастаткова Святлана». Ціханоўская сустрэлася з гуртом «Би-2»


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская паразмаўляла з удзельнікамі гурту «Би-2», калі яны прыехалі ў Вільню з канцэртам. Музыкі ўпершыню выступілі ў літоўскай сталіцы пасля вызвалення з турмы ў Тайландзе.

«Спадарыня прэзідэнт?» – спытаў Ягор Бортнік, вядомы як Лёва, вітаючы Святлану Ціханоўскую. Яна адказала: «Святлана – дастаткова».

Абраная прэзідэнтка сустрэлася з удзельнікамі гурту «Би-2» у Вільні, куды яны прыехалі з першым пасля вызвалення з тайскай турмы канцэртам. Музыкі апавялі пра свае «прыгоды», падзякавалі Ціханоўскай за падтрыманне ў той момант. Ціханоўская выказала словы павагі за антываенную пазіцыю творцаў.

Ягор Бортнік і Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 15 сакавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Музыкі прызналіся, што ў 2020 годзе планавалі вялікі канцэрт каля стэлы ў Менску, «тысячаў 200 б сабраў», аднак не паспелі. Яны паабяцалі выступіць у Беларусі «пасля перамогі».

Ціханоўская засталася на канцэрт, у зале было багата беларусаў, у натоўпе луналі бел-чырвона-белыя сцягі.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з музыкамі гурту «Би-2». Вільня, Літва. 15 сакавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Би-2» затрымалі ў Тайландзе напрыканцы студзеня за працу без патрэбных дакументаў – гэта была афіцыйная версія. Масква дамагалася дэпартацыі музыкаў у Расею, там ужо паспелі прыгразіць ім турмою, аднак дапамагло ўмяшанне некалькіх краінаў. Гурт выратавала грамадзянства Ізраілю ды Аўстраліі ў некаторых удзельнікаў, і дзякуючы хвалі салідарнасці і высілкам дыпламатаў усіх музыкаў выправілі ў Тэль-Авіў.

Падчас мірнай рэвалюцыі ў Беларусі Бортнік казаў, што Лукашэнка мусіць сысці, а пасля пачатку вайны ва Украіне назваў расейцаў забойцамі.

Ягор Бортнік паходзіць з Менску, другі лідар гурту – Аляксандр Уман, вядомы як Шура, – з Бабруйску.

Hавiны
«Гэта таталітарны рэжым». Саліст «Би-2» распавёў пра 2020 год і хворую маці ў Беларусі
2024.03.15 20:23

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў