Тайланд вызваліў усіх удзельнікаў гурту «Би-2». Яны вылецелі ў Ізраіль


«Усе музыкі шчасліва пакінулі Тайланд і накіроўваюцца ў Тэль-Авіў», – паведаміў Telegram-канал гурту «Би-2». Такім чынам, артысты пазбеглі дэпартацыі ў Расею, дзе ім ужо абяцалі «танцы на вачах у сукамернікаў».

Канцэрт «Би-2» у Сан-Дыега, ЗША. 5 лістапада 2023 года.
Фота: b2band / Telegram

Шасцёра ўдзельнікаў «Би-2» уляцелі з Тайланду ў Ізраіль, паведамляецца ў Telegram-канале гурту. Дзякуючы каму і чаму музыкі пазбеглі дэпартацыі ў Расею, не ўдакладняецца. Усе падрабязнасці гурт паабяцаў распавесці неўзабаве.

30 студзеня ў Тэль-Авіў уляцеў першы ўдзельнік – саліст Ягор Бортнік. Астатнім, як паведамлялася, «у раней узгодненым вылеце ў Ізраіль было адмоўлена».

Hавiны
Гурт «Би-2» лічыць, што іх затрыманне ў Тайландзе звязанае з «ціскам звонку»
2024.01.28 15:42

Удзельнікаў «Би-2» затрымалі 24 студзеня пасля канцэрту. Іх абвінавацілі ў працы без дазволу. Паводле версіі музыкаў, некаторыя паперы сапраўды былі аформленыя «некарэктна», але адказныя за гэта мясцовыя арганізатары.

Артыстаў аштрафавалі і пастанавілі дэпартаваць.

Як паведамлялі пракрамлёўскія медыі, затрыманне «Би-2» фактычна ініцыявала Расея праз сваіх дыпламатаў у Тайландзе. Тыя папрасілі ўлады каралеўства «уважліва спраўдзіць дакументы» у музыкаў.

Генконсул Расеі ў Пхукеце Уладзімір Сасноў казаў, што пяцёра з сямі ўдзельнікаў «Би-2» – грамадзяне Расеі, а, паводле законаў каралеўства, парушальнікаў-мігрантаў дэпартуюць наўпроставым авіярэйсам у краіну выдачы пашпарта.

Пры гэтым у міграцыйнай паліцыі Тайланда ўдакладнілі, што парушальніка без ягонай згоды дэпартаваць не могуць, а затрыманыя з падвойным грамадзянствам не пагадзіліся вярнуцца ў краіну паходжання на падставе ўязных (расейскіх) пашпартоў. Праз гэта давялося ўзгадняць дэпартацыю з іншай дзяржаваю.

Лідары гурту «Би-2» Ягор Бортнік і Аляксандр Уман падчас выступу ў ЗША ў траўні 2023 года.
Фота: b2band / Telegram

У Расеі ж музыкам абяцалі «цёплы прыём». Дэпутат Дзяржаўнай думы Андрэй Лугавой назваў артыстаў падонкамі і прыгразіў ім турмою:

«Хлопцы няхай рыхтуюцца: хутка граць і спяваць яны будуць на лыжках і на металічных талерках, вытанцоўваючы чачотку на вачах у сукамернікаў. Асабіста я б з вялікім задавальненнем на гэта паглядзеў».

Гурт трапіў у няміласць, калі адмовіўся выступаць у Омску на фоне прапагандысцкага плаката ў красавіку 2022 года. У траўні летась Ягор Бортнік (вядомы як Лёва) у каментарах у сваім Instagram напісаў расейскім прыхільнікам, што ў Расею не вернецца, бо «Пуцін і ўся яго разумова-адсталая дрэнь знішчыла вашую краіну»:

«Вы забойцы. Вы перакрэслілі ўсе свае дасягненні. Дый дасягненні былі супольнымі з Украінаю і Еўропаю. Усё, што выклікае цяпер пуцінская Расея, – агіду і брыдлівасць».

Агляд
«Хутка будуць вытанцоўваць на вачах у сукамернікаў». «Би-2» пагражаюць пасадзіць пасля дэпартацыі ў Расею
2024.01.30 20:12

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў