ЗША паказалі, як расейскія самалёты збівалі амерыканскі дрон над Чорным морам


Амерыканскія вайскоўцы паказалі відэа сутыкнення расейскага Су-27 з амерыканскім дронам MQ-9 Reaper над Чорным морам 14 сакавіка.

На відэа бачна, як спачатку каля беспілотніка пралятае адзін з самалётаў і распыляе воблака паліва. За ім ляціць наступны Су-27, робіць тое самае, але пасля чапляе дрон, і відэазапіс абрываецца.

Агляд
Расейскія самалёты збілі над Чорным морам амерыканскі беспілотнік. Што вядома на гэты час?
2023.03.15 09:13

14 сакавіка адбылося першае вядомае сутыкненне ЗША і Расеі за час вайны ва Украіне. Паводле заявы амерыканскіх Узброеных сілаў, апарат «выконваў звычайныя аперацыі ў міжнароднай паветранай прасторы, калі быў перахоплены і збіты расейскім самалётам, што прывяло да катастрофы і поўнай страты MQ-9».

Выданне The New York Times са спасылкаю на свайго «высокапастаўленага вайсковага прадстаўніка» распавяло, што беспілотнік вылецеў з вайсковай базы ў Румыніі для выканання планавай місіі, якая звычайна цягнецца 9–10 гадзінаў. Узбраенняў на ім не было, хоць канструкцыя беспілотніка прадугледжвае гэта.

Reaper назіраў прыкладна за 75 міляў на паўднёвы захад ад Крыму, маючы магчымасць «зазірнуць у Крым» і з міжнароднай прасторы. Ён заставаўся на вышыні каля 7,6 км, калі яго перахапілі расейскія самалёты. Яны кружылі над ім і злівалі на яго паліва, спрабуючы сапсаваць абсталяванне.

Тым не менш, у Міністэрстве абароны Расеі адмаўляюць наўмыснасць інцыдэнту. Паводле заявы ведамства, амерыканскі беспілотнік ляцеў «з выключанымі транспондарамі з парушэннем межаў раёну часовага рэжыму выкарыстання паветранай прасторы, устаноўленага ў мэтах правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі, даведзенага да ўсіх карыстальнікаў міжнароднай паветранай прасторы і апублікаванага ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі».

У Мінабароны РФ адзначылі, што з прычыны беспілотніка паднялі знішчальнікі, але «ў выніку рэзкага манеўравання» MQ-9 «перайшоў у некіраваны палёт са стратай вышыні і сутыкнуўся з воднай паверхняй».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў