Над Чорным морам расейскі Су-27 пашкодзіў амерыканскі беспілотнік. Дрон знішчаны


Тэлеканал CNN паведаміў пра інцыдэнт з удзелам амерыканскага беспілотніка і расейскіх знішчальнікаў Су-27 над Чорным морам. У выніку дрон быў пашкоджаны, і самі амерыканцы яго збілі. Вайскова-паветраныя сілы ЗША абвінавацілі расейскіх пілотаў у «неабдуманых, экалагічна небяспечных і непрафесійных дзеяннях».

Амерыканскі беспілотнік MQ-9 Reaper.
Фота: military.com

Неназваная крыніца CNN паведаміла, што інцыдэнт адбыўся над міжнароднымі водамі. Побач з амерыканскім дронам Reaper былі два знішчальнікі Су-27. Адзін з самалётаў «наўмысна праляцеў перад беспілотнікам і скінуў у яго паліва». У выніку быў пашкоджаны прапелер у задняй частцы дрона, і ЗША пастанавілі збіць свой беспілотнік.

У заяве Вайскова-паветраных сілаў ЗША гаворыцца, што расейскі пілот дзейнічаў «неабдумана, непрафесійна і экалагічна небяспечна».

Пры гэтым еўрапейскае камандаванне Узброеных сілаў ЗША сцвярджае, што апарат «выконваў звычайныя аперацыі ў міжнароднай паветранай прасторы, калі быў перахоплены і збіты расейскім самалётам, што прывяло да катастрофы і поўнай страты MQ-9».

Гэта першае вядомае сутыкненне ЗША і Расеі за час вайны ва Украіне і патэнцыйна небяспечная эскалацыя, адзначае тэлеканал CNN.

З дапамогаю беспілотнікаў Reaper амерыканцы назіраюць за рэгіёнам, яны выкарыстоўвалі гэтыя дроны над Чорным морам і да пачатку вайны.

Расея гэтае здарэнне пакуль ніяк не пракаментавала.

Агляд
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 14 сакавіка
2023.03.14 17:45

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў