Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 14 сакавіка


«Белсат» падводзіць вынікі 384-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік паліцыі эвакуюе параненую жанчыну сталага веку з месца абстрэлу дылога дому ў Краматорску, Данецкая вобласць, Украіна. 14 сакавіка 2023 года.
Фота: Sergey Shestak / AFP / East News

За апошнія содні вайны Збройныя сілы Украіны адбілі больш за 100 атак праціўніка на ўсходзе краіны. Пры гэтым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

Паводле Генштабу ЗСУ, на купянскім і ліманскім кірунках – Харкаўская, Луганская і паўночная частка Данецкай вобласці – войскі РФ намагаліся прарваць украінскую абарону, аднак іхныя наступальныя дзеянні ў ваколіцах населеных пунктаў Гранікаўка, Неўскае, Чырвонапапоўка, Крэмінная, Дзіброва, Белагораўка і Бераставое не мелі выніку.

Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што Узброеныя сілы РФ прасунуліся каля сяла Ямпалаўка ў Ліманскім раёне Данецкай вобласці.

Тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што ЗСУ ў сваю чаргу правялі некалькі контратак на захадзе ад Крэмінной. Таксама ўкраінскі бок умацоўвае свае пазіцыі ў ваколіцах Купянску.

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай адзначае цяжкую сітуацыю для ўкраінскай абароны каля Сватава, Крэмінной і Белагораўкі, дзе расейскія сілы, маючы перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, пастаянна наступаюць. Пры гэтым, паводле ўкраінскага боку, самыя войскі РФ нясуць істотныя страты – да роты байцоў за содні.

На бахмуцкім кірунку ў Данецкай вобласці ўкраінскае камандаванне фіксуе няўдалыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Васюкоўка, Мінькоўка, Арэхава-Васільеўка, Дубова-Васільеўка, Бахмут, Грыгораўка і Іванаўскае.

Аналітыкі праекту Deepstate адзначаюць прасоўванне расейцаў на поўдні Бахмуту, дзе яны пры дапамозе артылерыі лёгка знішчаюць украінскія пазіцыі абароны ў прыватным сектары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына забірае свае рэчы з дому пасля ракетнага ўдару. Краматорск, Данецкая вобласць, Украіна. 14 сакавіка 2023 года.
Фота: Ignacio Marin / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

У ПВК «Вагнэр» заявілі пра кантроль над прадпрыемствам «Східмаш» на поўначы гораду. Менавіта тут 20 снежня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі асабіста ўзнагароджваў асобных вайскоўцаў за баявыя заслугі.

Таксама некаторыя расейскія крыніцы паведамляюць пра атачэнне асобных украінскіх падраздзяленняў у Бахмуце.

Адначасова з гэтым войскі РФ наступаюць з боку трасы на Славянск, шукаючы слабыя месцы ва ўкраінскай абароне.

На аўдзееўскім, мар’інскім і шахцёрскім кірунках Узброеныя сілы РФ наступалі каля Камянкі, Аўдзееўкі, Севернага, Первамайскага, Невельскага, Няйталава, Мар’інкі, Пабеды, Новаміхайлаўкі і Вуглядару.

Сямён Пегаў сцвярджае, што расейцы змаглі выйсці да ўчастку трасы Н-20 каля Камянкі, у выніку чаго на аўдзееўскім кірунку яна амаль цалкам аказалася пад кантролем РФ.

Пры гэтым украінскія крыніцы не фіксуюць зменаў на гэтых участках фронту.

Без зменаў застаецца лінія фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях. Пры гэтым там ужо расейскія войскі трымаюць абарону.

Украінскае камандаванне паведаміла, што за апошнія содні вайны агульныя беззваротныя страты Расеі перавысілі 160 тысяч чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Каментар
«Пуцін ускладаў вялікія спадзяванні». Ці паўплывала ПВК Вагнэра на ход вайны ва Украіне?
2023.03.14 12:31

ТМ belsat.eu

Стужка навінаў