Федэрацыя фехтавання Нямеччыны адмовілася прымаць кубак свету праз удзел спартоўцаў Расеі і Беларусі


Праз допуск фехтавальніц з Беларусі і Расеі на этап кубка свету па рапіры Федэрацыя фехтавання Нямеччыны (DFB) адмовілася ад правядзення гэтага спаборніцтва. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце арганізацыі. 

Федэрацыя фехтавання Нямеччыны адмовілася ад правядзення этапу кубка свету праз допуск спартовак Беларусі і Расеі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixaby.xom

16 сакавіка Федэрацыя фехтавання Нямеччыны (DFB) заявіла пра адмову прыняць этап жаночага кубка свету па жаночай рапіры. Федэрацыя пайшла на такі крок пасля таго, як стала вядома пра рашэнне Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE) дапусціць спартоўцаў з РФ і Беларусі да міжнародных турніраў.

DFB выказалася на падтрыманне Украіны і заявіла, што будзе шукаць альтэрнатыву для правядзення турніру.

«Мы салідарныя з людзьмі ва Украіне, якія пакутуюць ад вайны. Мы хочам даць выразны сігнал, што мы хацелі б іншага выніку. Мы ўсё яшчэ бачым вялікую колькасць адкрытых пытанняў, якія робяць немагчымым правядзенне турніру. Як бы мы ні хацелі прэзентаваць нашых найлепшых спартоўцаў нямецкай публіцы і даць ім магчымасць выкарыстоўваць хатнюю перавагу на шляху да Алімпійскіх гульняў у Парыжы, абставіны робяць іншае рашэнне немагчымым», – заявіла кіраўнік DFB Кляўдыя Бокель.

Этап кубка свету павінен быў прайсці ў першыя выходныя траўня ў нямецкім Таўбэрбішафсгайме. Паведамляюць, што ў DFB прынялі рашэнне, пасля таго як прэзідыум арганізацыі ацаніў сітуацыю з арганізатарам чэмпіянату свету, фехтавальным клубам «Tauberbischofsheim».

У заяве Кляўдыя Бокель тлумачыць: «Дыскусіі, якія адбыліся за апошнія некалькі дзён пасля рашэння Кангрэсу FIE, каб ізноў дазволіць удзел Расеі і Беларусі, выклікалі бурныя абмеркаванні як унутры краіны, гэтак і звонку».

Вядома, што 10 сакавіка на пазачарговым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE) пастанавілі зняць забарону з расейскіх і беларускіх спартоўцаў. Зняцце санкцыяў уступае ў моц у сярэдзіне красавіка, а пачатак кубка свету па жаночай рапіры запланавалі на 6 траўня 2023 года. Спаборніцтвы ў Таўбэрбішафсгайме, такім чынам, павінны былі стаць аднымі з першых, на якіх прыйшлося б выконваць рашэнне FIE.

У сваю чаргу Федэрацыя фехтавання Украіны двойчы падавала запыт на блакаванне рашэння FIE, аднак іх пратэст не быў задаволены. Акрамя таго, у FIE дазволілі вярнуцца ў структуры афіцыйным прадстаўнікам РФ і Беларусі.

Hавiны
Беларускіх і расейскіх фехтавальнікаў пусцяць на міжнародныя турніры пад нейтральным сцягам
2023.03.10 19:36

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў