У беларускіх школах уводзіцца факультатыў «Вайсковы пераклад»


Навучэнцаў старэйшых класаў у Беларусі будуць вучыць вайсковаму перакладу. Міністэрства адукацыі зацвердзіла праграму адпаведнага факультатыву па прадмеце «англійская мова». Гэта вынікае з пастановы, якая была апублікаваная 16 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: БелТА

«Вайсковы пераклад» будзе вывучацца ў 10-11 класах. Праграма складаецца з 69 вучэбных гадзінаў – 35 з іх – у 10 класе і 34 – у 11-м.

«На факультатыве вучні змогуць развіць моўныя навыкі, свае здольнасці, а таксама атрымаць навыкі і ўменні вайсковага перакладу, набыць веды па структуры ўзброеных сілаў ЗША і Вялікай Брытаніі», – гаворыцца ў пастанове Мінадукацыі.

У рамках навучання будуць выкарыстоўвацца наступныя працы і практыкаванні:

  • пераклад з аркуша замежнага тэксту ці перадача яго зместу;
  • двухбаковы пераклад размовы, допыту, апытання;
  • расшыфроўка абрэвіятураў;
  • перадача зместу схемаў ваеннага характару;
  • пісьмовы пераклад ваенных і ваенна-тэхнічных тэкстаў з англійскай мовы на расейскую.
Hавiны
У першакласнікаў з’явіцца новы прадмет – генацыд беларускага народу
2023.11.15 09:04

Па выніках праходжання праграмы факультатыву вучні павінны навучыцца, сярод іншага, вылучаць інфармацыю з тэксту вайсковай тэматыкі, чытаць змест баявых дакументаў і перадаваць іх сутнасць на расейскай мове, ажыццяўляць двухбаковы пераклад размовы ці допыту ваеннапалоннага (апытання мясцовага жыхара), вызначаць паводле знакаў адрознення вайскоўцаў ЗША і Вялікай Брытаніі іхную прыналежнасць да пэўных званняў і катэгорыяў.

У праграме факультатыву для 10 класа наступныя тэмы:

  • вайсковы пераклад як дзейнасць;
  • Узброеныя сілы Вялікай Брытаніі;
  • жыццё вайскоўца;
  • мотапяхотны ўзвод;
  • вайсковая адукацыя;
  • ваеннапалонныя (першасны допыт ваеннапалоннага, правілы вядзення допыту);
  • баявыя дакументы;
  • ваенна-тапаграфічныя мапы.

У праграме 11 класа:

  • структура нацыянальнай бяспекі ЗША;
  • віды войскаў і службы арміі ЗША;
  • мотапяхота;
  • бранятанкавыя войскі ЗША;
  • артылерыя ЗША;
  • ваенна-паветраныя сілы ЗША;
  • ваенна-марскія сілы ЗША;
  • Паўночнаатлантычны блок (НАТО).
Агляд
Касцюшка і Каліноўскі як польскія патрыёты, генацыд беларусаў з боку палякаў. Чаму вучаць у школах Беларусі?
2023.09.26 19:08

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў