У першакласнікаў з’явіцца новы прадмет – генацыд беларускага народу


У Менску 14 лістапада прэзентавалі падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для 1–4, 5–9 і 10–11 класаў. Іх выдала Міністэрства адукацыі на ініцыятыву і пры ўдзеле Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай айчыннай вайны».
Фота: Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь

Прэзентавалі падручнікі ў музеі «Дзеці вайны» ў менскай сярэдняй школе № 137 імя Машэрава. Удзел узялі намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай і начальнік упраўлення ў справе нагляду за расследаваннем асабліва важных крымінальных справаў Генеральнай пракуратуры, кіраўнік следчай групы, якая расследуе крымінальную справу пра генацыд Валер Талкачоў.

Генпракуратура зазначае, што падручнікі падрыхтаваныя з улікам узросту школьнікаў. Дзецям будуць выкладацца звесткі пра знішчаных «нацыстамі ды іхнымі памагатымі» паселішчаў на тэрыторыі БССР, а таксама звесткі пра карныя аперацыі нацыстаў, лагеры смерці. Таксама ў падручнікі залучаная інфармацыя «пра калабарацыяністаў, якія дзеялі на тэрыторыі рэспублікі ў гады ВАВ».

Агляд
Касцюшка і Каліноўскі як польскія патрыёты, генацыд беларусаў з боку палякаў. Чаму вучаць у школах Беларусі?
2023.09.26 19:08

Асобныя раздзелы падручнікаў апавядаюць пра подзвіг беларускага народу, у тым ліку дзяцей, у гады вайны.

Асноўная задача, якую ставілі падчас рыхтавання падручнікаў, – захаваць гістарычную памяць пра вайну і паказаць «сапраўдныя планы фашысцкай Нямеччыны для знішчэння і прыгнёту беларускага народу», зазначыў кіраўнік следчай групы, якая расследуе крымінальную справу пра генацыд.

Крымінальную справу пра генацыд беларускага народу Генеральная пракуратура Беларусі расследуе ўжо 2,5 года. У справе ўжо больш за 500 тамоў. Адначасова з гэтым расследаваннем у Беларусі прынялі закон аб тым, што за злачынствы, якія не маюць тэрмінаў даўніны, можна судзіць у тым ліку памерлых.

Заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых і выносіць ім прысуды дазваляецца паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за генацыд, экацыд, міжнародны тэрарызм, рыхтаванне або вядзенне агрэсіўнай вайны, выкарыстанне зброі масавага паражэння ды іншыя ваенныя злачынствы. Згодна з законам, улады Беларусі плануюць выносіць прысуды ў справе аб генацыдзе беларускага народу ў гады Другой сусветнай вайны.

Hавiны
Аршанскую бітву прыбяруць, Каліноўскага выкрасляць. Як перапісваюць падручнікі
2023.09.08 09:00

З дапамогаю канцэпцыі генацыду беларускага народу рэжым Лукашэнкі спрабуе стабілізаваць сябе з дапамогаю гістарычных і часткова псеўдагістарычных аргументаў, каментаваў «Белсату» гісторык Аляксандр Фрыдман:

«Паказаць прыхільнікам рэжыму, што яны на выразна правільным баку гісторыі, на баку тых, хто перамог нацызм, і яны таксама нашчадкі ахвяраў, якія пацярпелі ад нацызму. Падвоеная натура гэтага вобразу вельмі пасуе да сённяшніх рэаліяў: можна ўявіць сябе і сёння новаю ахвяраю гэтак званага калектыўнага Захаду, які, як сцвярджае дзяржаўная прапаганда, імкнецца зноў напасці на Беларусь і паўтарыць тое, што імкнуліся зрабіць нацысты падчас акупацыі 1941–1944 гадоў».

Канцэпцыя, паводле гісторыка, вельмі спрошчаная: усё насельніцтва Беларусі на момант вайны абвяшчаецца беларусамі, незалежна ад паходжання ды ідэнтычнасці, дзеянні супраць усяго насельніцтва называюцца генацыдам беларускага народу, а такія асаблівасці нацысцкай палітыкі, як генацыд габрэяў ці цыганоў, у гэтай канцэпцыі адыходзяць на другі ці трэці план.

Каментар
Фрыдман: «Генацыд беларускага народу» ў прапагандзе – не пра людзей, а пра вобраз ахвяры Захаду
2023.05.15 10:15

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў