Суд над Анджэем Пачобутам і перавод Марыі Калеснікавай у атрад. Рэпрэсіі за 16 студзеня


Рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу не спыняюцца ні на дзень. Увесь час прыходзяць паведамленні пра новыя затрыманні, суды ці забароны. Сабралі навіны за 16 студзеня.

У Гарадзенскім абласным судзе 16 студзеня пачаўся разгляд справы ў дачыненні вядомага гарадзенскага журналіста і сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута. Судовы працэс над ім будзе праходзіць у закрытым рэжыме, на гэтым настаяла пракуратура. Журналіста абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці або разладу (ч. 3 арт. 130 КК). Анджэй Пачобут застаецца за кратамі ўжо год і дзесяць месяцаў.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Сяргею Ціханоўскаму прад’яўлена новае абвінавачанне. Па дадзеных следства, палітвязень падчас адбыцця тэрміну «сістэматычна дапушчаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі. За гэта неаднаразова падвяргаўся спагнанням». Дзеянні Ціханоўскага кваліфікаваны па ч.2 арт.411 («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») КК.

Марыю Калеснікаву перавялі з медчасткі ў атрад. Яна ўжо выйшла на працу і пакрысе набірае вагу пасля аперацыі. Вядома, што перад шпіталізацыяй яе змясцілі ў ШІЗА на 10 содняў. Некалькі разоў яна губляла прытомнасць, у яе быў павышаны ціск і млоснасць.

​​У Менску пачалі судзіць палітзняволенага адваката Віталя Брагінца. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў КК: ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 361 КК за заклікі да санкцый, ч.1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім») і ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Брагінец абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Віталя.

Супрацоўніка «Белтэлекаму»Дзмітрыя Каханоўскага асудзілі на шэсць з паловай гадоў калоніі за завалоданне персанальнымі дадзенымі сілавікоў. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Палітзняволенага судзілі паводле ч. 3 арт. 352 («Неправамоцнае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй»), ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных») КК.

Даследчыцу беларускіх вязняў ГУЛАГу Валерыю Чарнаморцаву асудзілі на два з паловай гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Яе выпусцілі ў зале суда.

Чарговага беларуса затрымалі пасля вяртання з Польшчы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП), абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і супрацоўнікаў міліцыі (арт. 369 КК). Верагодна, імя затрыманага – Дзмітрый Палішэвіч.

Суд у Гомлі адхіліў скаргу Ларысы Шчыраковай на ўтрыманне пад вартай. Судовае пасяджэнне вёў суддзя Аляксандр Зінчук. Шчыракова па-ранейшаму застаецца ў СІЗА-3. Дэталі справы невядомыя, паколькі суд прайшоў у закрытым рэжыме.

Па даносу «неабыякавай расяянкі» ў Берасці асудзілі Аляксандра Труша паводле ч. 1 арт. 368 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Яго асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вядома, што 16 жніўня 2022 года Аляксандр у прысутнасці іншых людзей заявіў, што Лукашэнка здраднік і фашыст. Размова адбылася са знаёмымі на вуліцы каля пад’езду. Да кампаніі падышла жыхарка дома і запатрабавала замаўчаць. Пасля жанчына патэліла ў міліцыю і данясла на Труша, што «у двары кампанія з 8 чалавек, лаяць уладу, называюць Лукашэнку здраднікам ды фашыстам».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў