Ва ўладаў Беларусі няма згоды адносна ўвядзення ў краіне «контртэрарыстычнай аперацыі»


Інфармацыя аб увядзенні ў Беларусі рэжыму «контртэрарыстычнай аперацыі» (КТА) стала, мабыць, галоўнаю навіной дня. Не толькі праз рашэнне аб яе правядзенні, але таксама праз тое, што КДБ і ўлады не дамовіліся аб тым, ці ўведзеная яна ўвогуле. «Белсат» паспрабаваў даведацца, што адбываецца насамрэч, патэлефанаваўшы ў беларускія сілавыя ведамствы.

Беларускія вайскоўцы падчас вучэнняў. Крыніца: modmilby/Telegram

Раніцай 14 кастрычніка стала вядома, што на саміце СНД у Алматы міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што ў Беларусі ўведзены рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі», які нібыта дзее ў сувязі з наяўнасцю пагрозы з боку Украіны. Пра гэта Макей распавёў у інтэрв’ю расейскаму выданню «Известия».

Заява Макея выклікала вялікі рэзананс у медыях, і пасля гэтага ён вырашыў патлумачыць «неабходнасць прыняцця контртэрарыстычных захадаў» у Беларусі. Аднак што менавіта прадугледжвае рэжым КТА, ён так і не патлумачыў.

«У межах гэтага рэжыму ажыццяўляюцца ўзмоцнены кантроль за абстаноўкай, узмоцнены кантроль на вонкавым перыметры межаў. А ці прывядзе гэта да напружанасці паміж Беларуссю і суседнімі дзяржавамі? Дык давайце зірнем, што адбываецца на заходніх межах, што адбываецца на паўднёвых», – сказаў Уладзімір Макей.

Пазней міністр унутраных справаў дадаў: «Так, вядома, я бачыў, як выхапілі гэтую фразу і вакол яе за ноч раскруцілі канспіралагічныя тэорыі. Не трэба падымаць ніякай панікі». Паводле яго, ёсць даручэнне Аляксандра Лукашэнкі, якое было агучанае публічна – «правесці мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару». «Менавіта пра гэта і ідзе размова. Менавіта пра гэта на тыдні неаднаразова гаварыў і старшыня КДБ, і іншыя нашыя службовыя асобы», – сказаў Макей.

Сапраўды, Аляксандр Лукашэнка яшчэ 10 кастрычніка даручыў КДБ правесці ўсе неабходныя мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару. Аднак што пад гэтым маецца на ўвазе, ён таксама не патлумачыў.

Аналітыка
Што такое рэжым КТА і чым гэта пагражае беларусам
2022.10.14 14:04

КДБ абверг заяву

Праз пару гадзінаў пасля заяваў Макея Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі пачаў абвяргаць ягоныя словы. У КДБ заявілі, што ў Беларусі не ўводзіўся рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі».

«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь контртэрарыстычная аперацыя не праводзілася і цяпер не праводзіцца. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, мае недакладны характар», – заявілі ў КДБ.

Таксама ў ведамстве падкрэслілі, што згодна з законам Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2002 года № 77-З «Аб барацьбе з тэрарызмам» рэжым КТА на тэрыторыі краіны можа ўводзіцца толькі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.

У КДБ дадалі, што цяпер у краіне ідуць толькі «планавыя навучальныя мерапрыемствы ў мэтах падтрымання высокага ўзроўню гатоўнасці да барацьбы з тэрарызмам і выканання задачаў паводле прызначэння». Так, 12 кастрычніка ў памежным Ельску скончыліся захады, якія афіцыйна называліся «тактычна-спецыяльнымі вучэннямі». Падраздзяленні МУС і ўнутраных войскаў адпрацоўвалі барацьбу з дыверсантамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі. Гаворкі пра ўвядзенне рэжыму КТА не было.

Больш ніякай інфармацыі пра «контртэрарыстычную аперацыю» ў КДБ не падалі.

Журналіст тэлеканалу «Россия 1», які цяпер на саміце ў Астане, змог задаць Лукашэнку прамое пытанне: ці сапраўды ў Беларусі ўведзены рэжым КТА? На гэта Лукашэнка даў станоўчы адказ:

«Уведзены ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі па перыметры нашых межаў. Згодна з дакументамі, якія ў нас на гэты выпадак прадугледжаныя ў саюзе Беларусі і Расеі. Гэта даўно прапісана: у сувязі з абвастрэннем увядзем рэжым такой павышанай тэрарыстычнай небяспекі. Таму мы пачалі працэдуры з разгортвання саюзнай групоўкі войскаў, аснову якой складае, як я ўжо сказаў, армія Беларусі, якая ўжо дапаўняецца часткамі Расейскай Федэрацыі. Усё згодна з планам».

Паспрабавалі разабрацца, хто мае рацыю

«Белсат» для тлумачэння сітуацыі паспрабаваў датэлефанавацца ў сілавыя ведамствы Беларусі, але адказаў ад іх мы не атрымалі.

Найперш  мы пачалі тэлефанаваць у прыёмныя і дзяжурныя Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства абароны Беларусі і Міністэрства ўнутраных справаў. Аднак нідзе на нашыя званкі так і не адказалі – проста не падымалі слухаўку.

У Беларускім памежным камітэце нам сказалі, што нічога не ведаюць пра ўвядзенне ў краіне рэжыму «контртэрарыстычнай аперацыі» і параілі пытацца там, дзе мы пра гэта даведаліся.

У аблвыканкамах паўднёвых вобласцяў Беларусі, у тым ліку ў аблвыканкаме Ельскага раёну, дзе праходзілі вайсковыя вучэнні, паведамілі, што ніякіх новаўвядзенняў у рэгіёне няма.

Да гэтага часу застаецца незразумела, ці ўведзены ў Беларусі рэжым КТА, бо аб афіцыйным дакуменце, якім бы ён уводзіўся, не паведамлялася. Улады і сілавікі пры гэтым маюць розныя адказы на гэтае пытанне.

Hавiны
«Наша ніва»: У Беларусі прынятае рашэнне аб правядзенні схаванай мабілізацыі
2022.10.13 22:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў