Новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Стээн Нёрлёў уручыў даверчыя граматы МЗС РБ


Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Стээн Нёрлёў уручыў копіі даверчых грамат у МЗС Беларусі. Цырымонія прайшла 13 ліпеня. Аб гэтым паведамляецца на старонцы прадстаўніцтва ў Facebook.

Стээн Нёрлёў.
Фота: «European Union in Belarus» / Facebook.

14 ліпеня Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі паведаміла аб тым, што 13 ліпеня яго новы кіраўнік Стээн Нёрлёў (Steen Nørlov) уручыў копіі даверчых грамат у Міністэрстве замежных спраў Беларусі. На сайце МЗС РБ пра гэта не паведамляецца.

«Дарагія сябры і падпісчыкі, для мяне вялікі гонар быць у Менску ў якасці Кіраўніка Прадстаўніцтва Еўрапейскага звязу ў Беларусі. Учора я ўручыў даверчыя граматы, якія пацвярджаюць маё прызначэнне ў якасці Паверанага ў справах, у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь», – напісана ад імя Нёрлёва на старонцы Прадстаўніцтва.

Дыпламат кажа пра свой больш чым 25-гадовы дыпламатычны вопыт і выказвае ўдзячнасць Беларусі «за цёплы прыём».

«Я з нецярпеннем чакаю магчымасці працаваць сумесна з беларусамі ва ўрадзе і па-за ім для агульнай будучыні ў Еўропе бяспечнай, суверэннай, дэмакратычнай і квітнеючай», – кажа Нёрлёў.

Раней паведамлялася, што Еўразвяз 20 красавіка прызначыў часовага паверанага ў справах ЕЗ у Беларусі. Ім стаў Стээн Нёрлёў. Пра гэта абвесціў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Жузэп Бурэль. Раней Нёрлёў узначальваў офіс прадстаўніка генеральнага сакратара Рады Еўропы ў справе каардынацыі праграмаў супрацы Рады Еўропы ва Украіне. Ён таксама быў намеснікам кіраўніка дыпламатычнай місіі ў пасольстве Даніі ў Расеі.

Былы кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль пакінуў краіну летам 2021 года на патрабаванне ўладаў Беларусі. Пасля ягонага адʼезду еўрапейскую дыпламатычную місію ў Менску ўзначаліла ягоная памочніца Эвэліна Шульц, выконваючы функцыі часовага паверанага.

Летась у верасні лукашэнкаўскія сілавікі на некалькі гадзінаў затрымалі дыпламатку пасля выхаду з Менскага гарадскога суда і запісалі з ёй відэа. Вонкавапалітычнае ведамства Еўрапейскага Звязу пасля гэтага інцыдэнту выказала рашучы дыпламатычны пратэст.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў