Прызначаны новы часовы павераны ў справах ЕЗ у Беларусі


Еўразвяз 20 красавіка прызначыў часовага паверанага ў справах ЕЗ у Беларусі – ім стане Стээн Нёрлёў (Steen Nørlov). Пра гэта абвесціў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Жузэп Бурэль.

Стээн Нёрлёў.
Фота: suspilne.media

Раней Стээн Нёрлёў узначальваў офіс прадстаўніка генеральнага сакратара Рады Еўропы ў справе каардынацыі праграмаў супрацы Рады Еўропы ва Украіне. Ён таксама быў намеснікам кіраўніка дыпмісіі ў пасольстве Даніі ў Расеі.

Былы кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль пакінуў краіну летам 2021 года на патрабаванне ўладаў Беларусі. Пасля ягонага адʼезду еўрапейскую дыпмісію ў Менску ўзначаліла ягоная памочніца Эвэліна Шульц. Да прызначэння Стээна Нёрлёва яна выконвала функцыі часовага паверанага ў справах ЕЗ у Беларусі.

Нагадаем, летась у верасні лукашэнкаўскія сілавікі на некалькі гадзінаў затрымалі дыпламатку пасля выхаду з Менскага гарадскога суда і запісалі з ёй відэа. Вонкавапалітычнае ведамства Еўрапейскага Звязу пасля гэтага інцыдэнту выказала рашучы дыпламатычны пратэст.

Hавiны
«Сур’ёзнае парушэнне дыпламатычных правілаў». У Еўразвязе асудзілі затрыманне сваёй прадстаўніцы ў Менску
2022.09.08 17:05

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў