Дырк Шубэль пакінуў пасаду прадстаўніка ЕЗ і звярнуўся да беларусаў


Прадстаўнік Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль афіцыйна паведаміў, што пакідае сваю пасаду і ўжо пераведзены на іншую, але таксама звязаную з Беларуссю. У звязку з гэтым ён напісаў у сваім Facebook зварот да беларусаў і калегаў, у якім падзякаваў за супольную працу, нагадаў пра палітычных вязняў і выказаў надзею вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь.

Дырк Шубэль. Крыніца: Dirk Schuebel/Facebook

«Дарагія беларускія сябры, паважаныя калегі, якія займаюцца Беларуссю, і шаноўныя сябры Беларусі! Пасля трох гадоў знаходжання на пасадзе мой мандат амбасадара ЕЗ у Беларусі падышоў да завяршэння. Беларускія ўлады вырашылі не працягваць мне візу і акрэдытацыю яшчэ на год, што вельмі ўскладняе рэалізацыю майго мандату. Я вельмі шкадую аб гэтым рашэнні, бо быў гатовы працягваць працу з Беларуссю ў якасці амбасадара і нават спадзяваўся вярнуцца ў Менск, каб там правесці апошні год свайго знаходжання на пасадзе», – напісаў Дырк Шубэль.

У сваім звароце палітык распавёў, што, прыступіўшы да сваіх абавязкаў у верасні 2019 года, двухбаковыя стасункі паміж ЕЗ і Беларуссю мелі станоўчую дынаміку. Аднак пасля адбылося каласальнае пагаршэнне дачыненняў праз абуральныя факты парушэння правоў чалавека і міжнароднага права з боку ўладаў Беларусі напярэдадні, у самы дзень і асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.

«У якасці кіраўніка Прадстаўніцтва ЕЗ і мясцовага старшыні ЕЗ я выконваў свой абавязак, увесь час даводзячы афіцыйную пазіцыю ЕЗ адносна фальсіфікацыі выбараў і пастаяннага прымянення сілы супраць невінаватых людзей адказным службовым асобам з беларускага боку і падтрымліваючы народ Беларусі ў яго шчырых памкненнях да дэмакратыі і захавання правоў чалавека. У наступныя месяцы былі здзейснены новыя абуральныя парушэнні міжнароднага права, такія як незаконная прымусовая пасадка рэйсу «Ryanair», які праходзіў па ўнутраным для ЕЗ маршруце, і арганізацыя ўладамі штучных патокаў нерэгулярных мігрантаў у ЕЗ праз Беларусь. Сітуацыю, вядома, яшчэ больш пагоршыла бедства поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну і датычнасці да яго беларускага рэжыму», – напісаў Дырк Шубэль.

Былы прадстаўнік ЕЗ у Беларусі нагадаў пра больш за 1340 палітычных вязняў, і дадаў, што Еўразвяз патрабуе іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Палітык згадаў Алеся Бяляцкага, які сёлета стаўся адным з лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру: «Гэтая навіна прыўнесла ў змрок нашага часу прамень надзеі, надзеі на тое, што Алесь атрымае даўно заслужаную ўзнагароду асабіста».

Алесь Бяляцкі і Дырк Шубэль. Крыніца: Dirk Schuebel/Facebook

Акрамя драматычных падзеяў палітык падзяліўся добрымі ўспамінамі і надзеямі вярнуцца ў новую, дэмакратычную Беларусь:

«У мяне засталося шмат станоўчых успамінаў – пра прыгажосць краявідаў і прыязных, гасцінных і таленавітых беларусаў, з якімі ў мяне была магчымасць пазнаёміцца. Я хацеў бы працягваць у самой Беларусі свае шматлікія сустрэчы і сяброўскія адносіны, якія я здолеў стварыць за апошнія тры гады. І я ўпэўнены, што прыйдзе дзень, калі я змагу вярнуцца ў Беларусь для гэтага, і што гэта будзе тая Беларусь, пра якую мараць многія беларусы, – краіна, у якой пануе дэмакратыя і вяршэнства права і дзе народ можа дэмакратычна і свабодна выбіраць сваіх лідараў. Я бачу велізарны нявыкарыстаны патэнцыял і таму зусім не сумняваюся, што краіну, якую я вельмі палюбіў, чакае цудоўная будучыня».

Дырк Шубэль распавёў, што ягоныя новыя абавязкі «не адвядуць далёка ад Беларусі», а наадварот, на мінулым тыдні ён быў прызначаны спецыяльным пасланнікам ЕЗ ва «Усходнім партнёрстве», куды ўваходзіць і Беларусь:

«У той час як улады вырашылі прыпыніць свой удзел у ініцыятыве [«Усходняга партнёрства»], само сабой зразумела, што краіна і яе дэмакратычны рух на чале са Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, іх шматлікімі паплечнікамі, грамадзянскай супольнасцю і беларускім народам у цэлым будуць працягваць атрымліваць падтрымку ад ЕЗ, якой яны заслугоўваюць. А пакуль я пакідаю Прадстаўніцтва ЕЗ у Менску ў надзейных руках Эвэліны Шульц, якая выконвае абавязкі кіраўніка Прадстаўніцтва. Я спадзяюся падтрымліваць сувязь з многімі з вас і жадаю ўсім беларусам усяго найлепшага ў гэты складаны час».

Свой зварот палітык скончыў словамі падтрымання Украіны і Беларусі ды напісаў «Жыве Беларусь! Жыве вечна!».

У мінулым месяцы беларускае Міністэрства замежных справаў не працягнула спадару Шубэлю акрэдытацыі ды не выдала візы. Палітык займаў пасаду прадстаўніка ЕЗ у Беларусі з канца лета 2019 года, аднак у чэрвені 2021-га адбыў для кансультацыяў у Брусель і з таго моманту не вяртаўся ў краіну.

Hавiны
«Гэта недружалюбны крок». Беларускі МЗС адмовіў прадстаўніку ЕЗ Дырку Шубэлю ў візе
2022.09.20 18:39

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў