Беларускае Міністэрства замежных спраў не працягнула акрэдытацыю амбасадару Дырку Шубэлю, кіраўніку дэлегацыі Еўрапейскага Звязу ў Менску. Ён займаў гэтую пасаду з канца лета 2019 года, аднак у чэрвені 2021 года адбыў для кансультацый у Брусель і з таго моманту не вяртаўся ў Беларусь.
Галоўны прэсавы сакратар Еўракамісіі Пэтэр Стана пацвердзіў «Белсату» гэтую інфармацыю і выступіў з заявай:
«Увогуле, нашыя дэлегацыі і нашыя амбасадары, кіраўнікі нашых дэлегацыяў у свеце ёсць асноўнымі пунктамі кантактаў для ўзаемадзеяння з краінамі і для развіцця партнёрства і кантактаў з краінамі. Таму для нас вельмі важна, каб у нас былі людзі, акрэдытаваныя на месцах, і нашыя амбасадары маглі працаваць без абмежаванняў, штучных абмежаванняў. А цяпер канкрэтна: пасля незаконнага і недапушчальнага затрымання і пераследу нашай часовай паверанай у дэлегацыі ў Менску беларускія ўлады пастанавілі пайсці яшчэ далей, не працягнуўшы акрэдытацыі нашаму амбасадару Дырку Шубэлю, кіраўніку дэлегацыі ЕЗ у Менску, нягледзячы на ягоную гатоўнасць працягваць свой мандат у якасці кіраўніка дэлегацыі ЕЗ у Менску. Відавочна, што гэта недружалюбны крок, які яшчэ больш абмяжуе вузкія дыпламатычныя кантакты і двухбаковыя адносіны паміж Еўразвязам і Беларуссю».
Дырк Шубэль – нямецкі дыпламат і эканаміст. З 2019 года ён працуе ў Еўрапейскай службе знешніх сувязей (EEAS) у якасці кіраўніка дэлегацыі Еўрапейскага звязу ў Беларусі. Раней Шубэль быў кіраўніком дэлегацыі Еўрапейскага звязу ў Малдове ў 2009-2013 гадах, а затым перайшоў на працу ў галаўны офіс EEAS.
Пасля пачатку працы ў Беларусі, Шубэль заяўляў, што хоча зрабіць Беларусь бліжэй да Еўропы і планаваў павялічыць фінансаванне беларускіх праектаў у межах ініцыятывы ЕЗ для суседніх краін – «Усходняе партнёрства».
Як прадстаўнік Еўразвязу, Шубэль асудзіў вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, як і рэпрэсіі, які былі далей. Ён ладзіў у Менску сустрэчу дыпламатаў ЕЗ з роднымі палітвязняў, выказваў ім сваю падтрымку.
28 чэрвеня МЗС Беларусі заявіла, што краіна прыпыняе свой удзел ва «Усходнім партнёрстве». Такое рашэнне МЗС было звязана з уведзенымі санкцыямі супраць Беларусі і крытыкай Еўразвязу інцыдэнту з пасадкай самалёта авіякампаніі «Ryanair», які быў вымушаны здзейсніць пасадку ў Менску. Нагадаем, на гэтым борце знаходзіліся Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега, якія пасля былі затрыманыя.
Пасля гэтага ў беларускае ведамства быў выкліканы кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Дырк Шубэль. Падчас сустрэчы амбасадару была заяўлена «цвёрдая пазіцыя беларускага боку аб абсалютнай непрымальнасці прымянення санкцый як інструмента ціску на суверэнную і незалежную дзяржаву».
«Кіраўніку прадстаўніцтва ЕЗ у Рэспублікі Беларусь таксама прапанавана адправіцца ў Брусель для кансультацый, каб даказаць свайму кіраўніцтву пазіцыю беларускага боку адносна непрымальнасці націску і санкцый», – было сказана ў заяве.
Пад такім ціскам Дырк Шубэль пакінуў Беларусь 30 чэрвеня 2021 года і дагэтуль не вяртаўся ў краіну.
«Беларусь сёння – не зусім тая краіна, у якую я прыбыў 22 месяцы таму, але я ўпэўнены, што беларусы будуць настойлівымі і выйдуць з гэтага крызісу моцнымі і больш устойлівымі, чым калі-небудзь раней, каб пабудаваць свабоднае, квітнеючае, гасціннае, бяспечнае грамадства. Тым часам, мае думкі – з усімі палітвязнямі, усімі, хто знаходзіцца за кратамі і пакутуе ад несправядлівасці, і з іх сем’ямі; з тымі, хто за апошні бурны год страціў сваіх блізкіх», – напісаў ён пасля рашэння аб ад’ездзе.
Тады ж ён дадаў, што з нецярплівасцю чакае магчымасці вярнуцца ў Беларусь, але пакуль будзе выконваць сваю працу з Бруселю.
Пасля ад’езду ў інтэрвʼю «Deutsche Welle» Шубэль заяўляў, што ён спрабуе выконваць тыя ж задачы, што і раней у Менску, але, паводле яго слоў, гэта магчыма толькі на 80 працэнтаў. «Чаго мне, канечне, не хапае, дык гэта асабістых кантактаў з людзьмі ў Беларусі: з чыноўнікамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, бізнесам, журналістамі, іншымі дыпламатамі. Канешне, усё гэта лепш рабіць асабіста, чым па відэасувязі. Тым не менш, я выконваю сваю працу з Бруселю і адсюль кірую дэлегацыяй», – распавядаў прадстаўнік ЕЗ.
Па словах Шубэля, пасля яго адʼезду ў Менску засталася ягоная кампетэнтная калега – спадарыня Шульц, якая выконвае свае абавязкі і з якой ён кожны дзень узгадняе працу і задачы. Яна працуе на месцы, прадстаўляе дэлегацыю, у тым ліку падчас перамоваў.
На пытанне, ці плануе ён вярнуцца ў Менск, Шубэль адказаў, што вярнуўся б ужо заўтра, калі б яму дазволілі.
«Мы некалькі разоў рабілі запыт. Мне падабалася працаваць там, нягледзячы на існуючыя абставіны. Я палюбіў Беларусь […] палюбіў людзей, і вельмі хацеў бы мець магчымасць вярнуцца і працаваць там да канца свайго мандата. Гэта было б у інтарэсах усіх, і я спадзяюся, што беларускія ўлады дадуць мне такую магчымасць», – казаў Шубэль у сакавіку 2022 года.
Падчас свайго ад’езду з Беларусі Дырк Шубэль таксама ўзмацняў сувязі з Дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Сустракаўся са Святланай Ціханоўскай, прымаў удзел у розных беларускіх канферэнцыях, у тым ліку выступаў на форуме Каліноўскага, які праходзіў сёлета ў чэрвені.
Алена Рувіна belsat.eu