«Менш даверу банкам». Наяўныя грошы ў абароце павялічваюцца ў Беларусі 14 месяцаў запар


Нацбанк Беларусі раскрыў статыстыку шырокай грашовай масы на 1 сакавіка. Яна склала 61 млрд 203 млн рублёў, павялічыўшыся за месяц на 3,2%. Гатоўкі ў абароце цяпер 7 млрд 283 млн рублёў, гэты паказнік няспынна расце з леташняга студзеня.

Фота: Белсат

Шырокая грашовая маса ўлічвае гатоўку ў абароце, а таксама грошы грамадзянаў і прадпрыемстваў на рахунках у банках. Па звестках на 1 сакавіка, цяпер гэта – 61 млрд 203 млн рублёў. З іх 7 млрд 283 млн – наяўныя грошы, аб’ём якіх за люты павялічыўся амаль на 314 мільёнаў (на 4,5%). Для параўнання: у студзені летась у абароце было 4 млрд 720 млн рублёў гатоўкі. З таго часу паказнік няспынна расце.

Старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук растлумачыў «Белсату», што паказнік шырокай грашовай масы сведчыць, ці павялічваецца прапанова грошай з боку Нацбанку і банкаўскай сістэмы, ці скарачаецца. Свежая статыстка рэгулятара не паказвае, што пачалося друкаванне грошай:

«Гэта важны індыкатар: ці стымулюючую манетарную палітыку спрабуе праводзіць Нацбанк, наколькі яму гэта ўдаецца, ці не. Казаць, што значна змякчылася палітыка і што гэта мэтанакіраванае ўкідванне грошай у эканоміку, пакуль не выпадае. Калі зусім проста, то пераважна гэта эфект падвышэння абменнага курсу, які быў цягам лютага, і адпаведна, валютныя абавязанні і валютныя дэпазіты з аднаго боку ды валютныя крэдыты – з другога, іх пераацэнка паводле бягучага курсу прывяла да падвышэння грашовай масы».

Мужчына мяняе грошы ў абменным пункце ў гандлёвым цэнтры «Скала». Менск, Беларусь. 7 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Што тычыцца трывалага росту гатоўкі ў абароце, то гэта тлумачыцца інфляцыяй і зніжэннем даверу да банкаў, кажа эканаміст.

«Для таго, каб весці свае штодзённыя трансакцыі, людзям трэба проста больш грошай у наяўным выглядзе. Калі мы параўнаем з мінулым годам, зараз дзесьці на 40% бягучая наяўная маса вышэй. І менш даверу банкам. Значная частка людзей аддаюць перавагу таму, каб трымаць грошы ў наяўным выглядзе», – адзначыў Крук.

Таксама адбіваецца адток валютных дэпазітаў. Частку долараў і еўраў, што забіраюць з банкаў, пераводзяць у рублі для нейкіх бягучых расходаў, і гэта таксама робіць унёсак у падвышэнне наяўных грошай у эканоміцы, падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Hавiны
Пратэрмінаваныя даўгі беларускага бізнесу за студзень павялічыліся на чвэрць да Br 163,7 млн
2023.03.12 21:24

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў