Беларускі гатычны нуар. Якое «Дзікае паляванне» пакажуць беларусы і ўкраінцы


15 верасня адбудзецца вялікая прэм’ера беларускага Свабоднага тэатру: на сцэне «Barbican» пакажуць оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле славутай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Прэм’еру можна будзе паглядзець на «Белсаце» 16 верасня. Што пакажуць, у «Студыі „Белсат“» расказаў сурэжысёр оперы і сукіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.

Опера «Дзікае паляванне караля Стаха» будзе на беларускай мове і з субцітрамі па-англійску. Яе анансуюць як гатычны нуар – будзе змрочна, як і ў літаратурнай першакрыніцы 1958 года. На сцэне выступяць артысты з Беларусі і Украіны.

Галоўныя ролі выконваюць зоркі сусветнага ўзроўню – украінцы Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна. Музыку напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта стваралі разам Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч, рэжысёрамі выступілі разам Халезін і жонка Наталля Каляда, дырыжор – Віталь Алексяёнак, харэографка – Марыя Сазонава.

«Дзікае паляванне» рэпетуюць па 12 гадзінаў, расказаў «Белсату» Мікалай Халезін: праца вельмі інтэнсіўная і шматкампанентная, адначасова рэпетуюць вакалісты і акторы, харэаграфія і аркестр. Выходных Мікалай даўно не меў і да прэм’еры мець не будзе. Ад свайго тэатру, заўважае Халезін, ён яшчэ чакаў такой аддачы, але быў прыемна здзіўлены працавітасцю кампазітаркі, дырыжора і ўкраінскіх актораў.

«Дзікае паляванне» ўжо ўвасаблялі ў оперы, але Халезін пераслухаў тройчы старую оперу – «гэта ўжо мінулая гісторыя, цяпер оперы так не гучаць». Ён не знаходзіць словаў, каб апісаць, якая выйшла новая опера. У Падгайскай, кажа ён, выйшла «папулярная опера», як у Джаакіна Рассіні: каб чалавек, які ідзе дамоў з тэатру, мог насвістаць пэўныя тэмы.

Беларуская мова ў выкананні Андрэя Хадановіча выдатна паклалася на музыку, дый сам ён намагаўся паставіць украінскім спевакам вымаўленне «лепш, чымся ў беларускіх дзяржаўных актораў» – і сапраўды зрабіў гэта.

Халезіну цяжка працаваць з Караткевічам: заслухваецца

Творы Уладзіміра Караткевіча, падобна, не страчваюць актуальнасці, хоць улады і прыбіраюць «Каласы пад сярпом тваім» са школьнай праграмы. Ідэю паставіць менавіта «Дзікае паляванне» выношвалі шмат гадоў: яшчэ бацька Наталлі, Андрэй Каляда, казаў ім глядзець на аповесць як на актуалію.

«Я ашаломлены нават не тым, як гэта напісана, – адзначае Халезін. – Гэта напісана цудоўна. Але як гэта магло тады выйсці? Гэта сапраўдны антысавецкі твор!»

Мікалай згадвае, што падлеткам прачытаў «Дзікае паляванне» па-расейску, але адчуў, што «нешта не тое». Прачытаў па-беларуску – і пасля заўсёды чытаў Караткевіча па-беларуску, бо чуе поліфанію: лексіка і фанетыка збягаюцца ў «нейкую неймаверную эпічную гісторыю».

Рыхтуючы оперу, Халезін слухаў аўдыякнігі «Дзікае паляванне» і «Каласы пад сярпом тваім», якія начытаў Андрэй Каляда, дык працаваць было цяжка: пераставаў працаваць і пачынаў проста слухаць.

Што далей

13 верасня запланаваная галоўная рэпетыцыя, 14-га – перадпрагляд без крытыкаў, 15-га – сусветная прэм’ера, ужо з крытыкамі, а 16-га – аж два паказы за дзень з двума рознымі складамі. Халезін тлумачыць: партыі галоўных герояў настолькі аб’ёмныя і складаныя, што даводзіцца браць двух вакалістаў на ролю.

Паводле Халезіна, опера пісалася пад знакамітага беларускага спевака Іллю Сільчукова, ды праз сямейныя абставіны той не здолее выступіць у прэм’еры. Рэжысёр спадзяецца, што Сільчукоў далучыцца да праекту пазней, а оперу збіраюцца павезці далей па свеце.

Шэраг брытанскіх выданняў ужо назваў гэта галоўнаю ці прынамсі адною з галоўных прэм’ераў года ў оперы і тэатры. Паводле Халезіна, у беларускага Свабоднага тэатру не было правалаў, а мінулая прэм’ера тэатру ў «Barbican», спектакль «Сабакі Еўропы», прайшла з фурорам, таму ў брытанскіх журналістаў ёсць падставы чакаць чагосьці надзвычайнага.

«Насамрэч гэта падзея не толькі культуры. Гэта падзея, хутчэй, сацыяльная, – заяўляе Мікалай Халезін. – Гэта важна для нас. Важна, каб прагучала беларуская опера, каб беларуская опера сталася вядомая свету».

Оперу пакажуць у тэлебачанні толькі адзін раз і толькі на «Белсаце». Халезін кажа, што з пэўных прычынаў оперу могуць паказаць толькі ў такім абмежаваным фармаце, але тэатру было важна, каб пастаноўку пабачылі не толькі ў Лондане, але і ў Беларусі: маўляў, зразумелі, што «гэта нельга ацэньваць грашыма» і трэба рабіць усё менавіта так, бо беларусы мусяць гэта бачыць.

Глядзіце оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» 16 верасня а 20:40 на YT-канале «Белсат Life», у аплікацыі «Belsat Smart» і праз спадарожнік.

Перад прэм’ераю Свабодны тэатр і партнёры збіраюцца правесці дыскусію «Лісты надзеі», мадэраваць яе абяцала славутая аўстралійская акторка Кейт Бланчэт; яна збіралася і на прэм’еру. Паводле Мікалая Халезіна, Бланчэт – амбасадарка добрай волі ва Управе вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, «твар падтрымання» шмат каго. Ён пазнаёміўся з Бланчэт яшчэ ў 2009 годзе, акторка заўсёды падтрымлівала Свабодны тэатр.

І Бланчэт не адзіная зорка, якая збіраецца на прэм’еру, заўважае Халезін.

Hавiны
Мікалай Халезін і Наталля Каляда ўганараваныя званнямі чальцоў ордэну Брытанскай імперыі
2023.06.17 10:20

belsat.eu

Стужка навінаў