Палітолаг: Войскі краінаў NATO ва Украіне маглі б стаць каля мяжы з Беларуссю


Для краінаў Еўропы і іншых чальцоў вайсковага блока NATO, прыйшоў час актыўных дзеянняў. Гэтак у каментары «Белсату» палітолаг, спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак пракаментаваў звесткі пра магчымы ўвод заходніх войскаў ва Украіну.

Вайскоўцы NATO.
Фота: nato.int

«Прыйшоў час актыўных дзеянняў, прыйшоў час грунтоўных, вельмі вялікіх зменаў і падыходаў», – сказаў палітолаг.

Паводле яго, да гэтага заходнія краіны штурхае нявызначанасць з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, дзе да ўлады можа прыйсці ізаляцыяніст Доналд Трамп. Што датычыць Францыі, прэзідэнт якой Эманюэль Макрон найбольш рашуча прасоўвае пытанне магчымага ўводу еўрапейскіх войскаў ва Украіну, то яна даўно імкнулася да дамінавання ў Еўропе – «гэта нармальна», дадаў Аляксандр Казак.

Ён адзначыў, што раней былі пэўныя разважанні адносна таго, што заходнія войскі ва Украіне маглі б стаць на мяжы з Беларуссю «для таго, каб разгрузіць войскі Украіны, каб войскі Украіны маглі перадыслакавацца на іншыя больш важныя кірункі».

«Цалкам верагодна, што такое можа здарыцца, але не абавязкова, што менавіта так здарыцца», – заявіў палітолаг.

Таксама, на яго думку, заходні кантынгент ва Украіне мог бы арганізоўваць лагістычную аперацыю. Напрыклад, навучаць украінскіх вайскоўцаў ва Украіне, а не за мяжой. І нанясенне Расеяй па ім удараў было б «надзвычай малаверагодным», бо «гэта будзе даволі гарачым пытаннем і вельмі напружаным.

«Безумоўна, лагістычна шмат прасцей не вучыць недзе за мяжой, а на месцы. І калі гэта дазваляе сітуацыя, а апошнія месяцы паказваюць, што сітуацыя гэта дазваляе», – мяркуе Казак.

Пракаментаваў ён і заявы пра тое, што ва Украіне боекамплекту засталося толькі на 3-4 месяцы:

«Варта разумець, што вайна – гэта справа дынамічная, і ніколі не можна рабіць (і не магчыма гэта проста зрабіць) так, што снарадаў на ўсю вайну і нават болей засталося. Не. Гэта абсалютна нармальна, што на падліку на сённяшні дзень снарадаў засталося прыкладна на 3-4 месяцы. Але цягам гэтых 3-4 месяцаў яшчэ давязуць снарадаў, якіх зноў жа хопіць на наступныя 3-4 месяцы».

Прэзідэнт Францыі не выключыў, што заходнія краіны ўсё ж накіруюць свае войскі ва Украіну. Пры гэтым Эманюэль Макрон прызнаў: кансэнсусу на гэты конт пакуль няма. Тым не менш, паводле слоў прэзідэнта, у дачыненні да Расеі больш не існуе «ніякіх абмежаванняў» і «ніякіх чырвоных ліній».

Урад Францыі разлічвае, што французскія вытворцы зброі пачнуць вырабляць неабходную вайсковую тэхніку непасрэдна на ўкраінскай тэрыторыі, каб дапамагчы Украіне ў вайне супраць Расеі.

Пакуль жа Украіна сутыкнулася з сур’ёзным крызісам заходняй дапамогі, які цяпер найбольш адчувальна праяўляецца ў дэфіцыце боепрыпасаў для артылерыі і зенітна-ракетных комплексаў.

Аналітыка
Крызіс заходняй дапамогі: якую зброю чакае Украіна і колькі яшчэ можа без яе пратрымацца?
2024.03.11 07:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў