Крызіс заходняй дапамогі: якую зброю чакае Украіна і колькі яшчэ можа без яе пратрымацца?


Украіна сутыкнулася з сур’ёзным крызісам заходняй дапамогі, які цяпер найбольш адчувальна праяўляецца ў дэфіцыце боепрыпасаў для артылерыі і зенітна-ракетных комплексаў. Belsat.eu разбіраецца, чаму Захад не можа забяспечыць Украіны неабходнымі вайсковымі рэсурсамі і якія ёсць варыянты развязання цяперашняй праблемы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына трымае плакат з заклікам працягваць дапамагаць Украіне каля Капітолію ў Вашынгтоне, ЗША. 11 студзеня 2024 года.
Фота: Eric Kayne / Zuma Press / Forum

Крызіс заходняй дапамогі для Украіны цягнецца з канца лета мінулага года. Ужо ў жніўні – кастрычніку 2023-га аб’ём новай абяцанай дапамогі для Украіны з боку краінаў Захаду скараціўся амаль на 90 % у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Агульны кошт новых пакетаў дапамогі за гэты перыяд склаў € 2,11 млрд, гэта быў самы нізкі паказнік са студзеня 2022 года.

Асноўную ролю ў крызісе адыграла сітуацыя ў ЗША. У верасні 2023 года рэспубліканцы ў Кангрэсе заблакавалі ўключэнне дапамогі Украіне ў бюджэт. Развязаць гэтую праблему дасюль не ўдаецца, не зважаючы ні на хітрасці Белага дому, ні на кампрамісныя дамоўленасці ў Сенаце. Перамовы пра законапраект аб дапамозе Украіне трываюць і пакуль немагчыма прадказаць, колькі яшчэ часу спатрэбіцца дэмакратам і рэспубліканцам на тое, каб пра ўсё дамовіцца. На гэтым этапе дапамога з боку ЗША фактычна спыненая.

Адміністрацыя Джо Байдэна добра разумее, што для Украіны падтрыманне ЗША крытычна важнае, і таму працягвае шукаць варыянты. Паводле выдання «Bloomberg», цяпер абмяркоўваюць магчымасць задзеяць каля $200 млн, прызначаных для фінансавання амерыканскай арміі, каб тэрмінова перадаць Украіне найбольш важныя вайсковыя рэсурсы. Аднак прыцягненне сродкаў з рэзервовых крыніцаў можа быць толькі часовым і вельмі абмежаваным развязаннем: $ 200 млн усё роўна не кампенсуюць $ 61 млрд, што прызначаўся для Украіны і «завіс» у Кангрэсе.

Аналітыка
Чаму ЗША дасюль не ўхвалілі дапамогу Украіне? Тлумачым, што адбываецца
2024.02.05 19:45

Еўропа стараецца, але не спраўляецца

Сітуацыя ў ЗША прымусіла еўрапейскія краіны задумацца пра тое, што трэба весці больш самастойную абаронную палітыку і не спадзявацца толькі на Вашынгтон. У 2024 годзе выдаткаваць на абарону два і болей адсоткаў ВУП збіраюцца ўжо 16 з 31 чальцоў NATO (у 2023-м такіх адказных краінаў было толькі 11).

Падтрыманне Украіны з боку Еўропы паступова расце. Нямеччына ў 2024 годзе плануе ўдвая павялічыць дапамогу Украіне. Вялікая Брытанія абвесціла пра вылучэнне рэкорднага пакету на суму 2,5 млрд фунтаў стэрлінгаў. Пашырэнне дапамогі анансаваў урад Францыі. Прычым гаворка ў тым ліку пра некаторыя новыя віды зброі: напрыклад, у пачатку сакавіка стала вядома пра першае выкарыстанне на фронце новых французскіх авіяцыйных бомбаў «Armement Air-Sol Modulaire» (AASM), таксама вядомых як «Hammer». Акрамя таго, Францыя абяцае неўзабаве перадаць ЗСУ новыя эксперыментальныя дроны-камікадзэ. Яшчэ ў планах Парыжу – запусціць вытворчасць вайсковай тэхнікі беспасярэдне на тэрыторыі Украіны.

Аднак праблема ў тым, што Еўропа самастойна закрыць патрэбы Украіны ў зброі на гэтым этапе ўсё роўна не здольная. Складскія запасы краінаў Еўропы фактычна вычарпаныя, а прамысловасць аказалася не гатовая да сучасных ваенных выклікаў. Абаронны сектар еўрапейскіх дзяржаваў недафінансоўваўся дзесяцігоддзямі, і цяпер пашырэнне вытворчасці ВПК адбываецца вельмі марудна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты рыхтуюцца абстраляць ракетамі «Grad PC3B» расейскія пазіцыі ў кірунку Бахмуту, Украіна. 5 сакавіка 2024 года.
Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Вялізарны дысбаланс паміж патрэбамі фронту і вынікамі працы еўрапейскага ВПК найбольш адчуваецца ў сферы боепрыпасаў. ЕЗ планаваў скіраваць Украіне 1 мільён снарадаў да сакавіка 2024 года, але станам на лістапад даставілі толькі 30 % з агульнай колькасці і шчыра прызналіся, што свае абяцанні выканаць своечасова не здолеюць. «А ці была калі-небудзь рэалістычнаю пастаўленая мэта – адзін мільён [снарадаў]? Грошы ёсць, але патрэбная яшчэ і вытворчасць», – наракаў раней нямецкі міністр абароны Борыс Пісторыюс. Мяркуецца, што на канец сакавіка план дастаўкі боепрыпасаў удасца выканаць трохі больш як напалову.

Сітуацыя была б не настолькі сумная, калі б еўрапейскія краіны цалкам пераарыентавалі свой ВПК на патрэбы Украіны. Як апавёў прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль у лістападзе 2023 года, еўрапейская прамысловасць экспартуе ў трэція краіны каля 40 % вырабленых боепрыпасаў: «Магчыма, нам варта паспрабаваць скіраваць гэтую прадукцыю на прыярытэт нумар адзін, то бок Украіну». Да гэтага настойліва заклікае і афіцыйны Кіеў. Аднак пакуль праблема застаецца неразвязанаю.

Аналітыка
Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?
2023.12.06 07:00

Чаканне і рэальнасць

Як падкрэсліў 25 лютага 2024 года міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, вылучэнне дапамогі не абавязкова азначае яе забеспячэнне: прыкладна 50 % вайсковага падтрымання з боку Захаду не пастаўляецца ва Украіну своечасова. Гэта не абавязкова звязана з праблемамі вытворчасці. Напрыклад, Нямеччына не здолела забяспечыць пастаўкі старых танкаў «Leopard 1 A5», бо для іх эксплуатацыі не стае рамонтнай базы. У выніку са 100 абяцаных танкаў атрыманыя было толькі 30.

Рустэм Умераў, Рустем Умеров
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў выступае на форуме «Украіна. Год 2024». Кіеў, Украіна. 25 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Кільскі інстытут сусветнай эканомікі ў сваім аглядзе за люты 2024 года канстатаваў вялікі разрыў паміж абяцанай і фактычнаю дапамогаю з боку Еўропы. Прычым гэта датычыць дапамогі ўсіх відаў: вайсковай, фінансавай і гуманітарнай. «На дзень 15 студзеня 2024 года Еўразвяз і дзяржавы-чальцы вылучылі Украіне агулам 144 мільярды еўраў дапамогі, але з гэтай сумы на канкрэтныя мэты было выдаткавана толькі 77 мільярдаў еўраў», – гаворыцца ў справаздачы.

Аналітыкі Кільскага інстытуту сусветнай эканомікі мяркуюць, што Еўропе давядзецца прынамсі падвоіць свае цяперашнія намаганні ў вайсковай дапамозе, калі ЗША не адновяць падтрымання Украіны. Аднак колькі часу спатрэбіцца на тое, каб выйсці на гэты ўзровень? ЗША валодаюць больш вялікім запасам зброі і больш развітым вайскова-прамысловым комплексам, які ва ўмовах адной дзяржавы лягчэй каардынаваць. А цэнтралізаванай абароннай прамысловасці ў ЕЗ проста не існуе: асноўныя пытанні даводзіцца развязваць на нацыянальным, а не агульнаеўрапейскім узроўні, што дадаткова замаруджвае працэс.

Эксперты Кільскага інстытуту сусветнай эканомікі падкрэсліваюць, што еўрапейскія палітыкі мусяць праявіць палітычную волю для павелічэння дапамогі Украіне. Адсутнасць палітычнай волі асабліва адчуваецца ў пытанні перадачы ЗСУ дальнабойных ракетаў. Найбольш яскравы прыклад – блакаванне даставак нямецкіх крылатых авіяцыйных ракетаў «Taurus» (далёкасць да 500 км). Тут праблема зусім не ў стане еўрапейскага ВПК, не ў тэхнічных або бюракратычных перашкодах. Проста Берлін занепакоены тым, што пры дапамозе дальнабойных ракетаў Украіна пачне біць углыб расейскай тэрыторыі, а гэта ў сваю чаргу прывядзе да эскалацыі канфлікту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з Украінай ля Брандэнбургскай брамы ў Берліне з нагоды другой гадавіны расейскага ўварвання. Берлін, Нямеччына. 24 лютага 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Як закрыць неба

Разам з тым не ўсё можна патлумачыць выключна «дэфіцытам смеласці». На прэс-канферэнцыі 25 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызнаў, што Еўропа проста не здольная цалкам замяніць дапамогу ЗША:

«Ёсць некаторыя віды ўзбраення, перадача якіх залежыць ад рашэння ЗША».

У прыватнасці, Зяленскі меў на ўвазе комплексы паветранай абароны «Patriot». Паводле прэзідэнта, 10 такіх комплексаў кардынальным чынам змянілі б сітуацыю на фронце. «Калі б Украіна здолела атрымаць дзесяць сістэмаў «Patriot» для ключавых індустрыйных цэнтраў краіны, калі б мы маглі гэтыя сістэмы прымяніць бліжэй да лініі фронту, то расейцы да нас не падышлі б, адступілі. Мы б зламалі іхную лінію абароны і пайшлі б наперад», – упэўнены прэзідэнт Украіны.

Пакуль атрыманне 10 ЗРК «Patriot» выглядае амаль фантастычным заданнем. На гэтым этапе пытанне стаіць, каб забяспечыць боепрыпасамі хаця б тыя комплексы паветранай абароны, якія ЗСУ ўжо маюць. Прагнозы на гэты конт досыць трывожныя.

Экспертка «Atlantic Council» Алівія Янчык мяркуе, што Украіна ў межах некалькіх тыдняў «сутыкнецца з патэнцыйна катастрафічнаю нястачаю боепрыпасаў для паветранай абароны», калі Кангрэс ЗША за гэты час не здолее выйсці з цяперашняга тупіку. Кіраўнік украінскай энергетычнай кампаніі ДПЭК Максім Цімчэнка таксама даў зразумець, што пытанне пра боепрыпасы для паветранай абароны мусіць быць развязанае на працягу месяца. У адваротным выпадку здольнасць Украіны абараніць сваю энергетычную інфраструктуру будзе моцна аслабленая. «Пасля двух гадоў гэтых баёў мы не можам дазволіць сабе прайграць энергетычную вайну, – сказаў Цімчэнка ў інтэрвʼю «Financial Times». – І ёсць рызыка, што мы можам пачаць прайграваць толькі таму, што абяцанае не было выкананае».

Hавiны
«Не ўсё ідзе па плане». Пра што на прэс-канферэнцыі казаў Уладзімір Зяленскі
2024.02.25 22:15

Чэшская ініцыятыва

Праблема з боепрыпасамі для паветранай абароны толькі надыходзіць, а вось дэфіцыт артылерыйскіх снарадаў ужо паўплываў на сітуацыю на фронце. У значнай ступені праз перавагу ў артылерыі расейская армія здолела захапіць Аўдзееўку і няспынна вядзе наступальныя дзеянні адразу на некалькі кірунках. «З улікам той колькасці стрэлаў, што за содні робіць украінская артылерыя, можна лічыць, што мы цяпер ваюем без артылерыі», – заўважыў у лютым вайсковы аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка.

Нягледзячы на гэта, чакаць поўнага снараднага калапсу бліжэйшым часам не варта. У канцы лютага Кіеў абвесціў, што атрымае ад краінаў ЕЗ да канца сакавіка каля 170 тысяч снарадаў. З улікам цяперашняй інтэнсіўнасці баявых дзеянняў, гэтай колькасці мусіць хапіць ЗСУ прыкладна на месяц. То бок гэта кароткатэрміновае развязанне праблемы дэфіцыту боепрыпасаў. Аднак такім чынам Украіна выйграе час на тое, каб дачакацца рэалізацыі гэтак званай чэшскай ініцыятывы, на якую ўскладаюцца галоўныя надзеі.

17 лютага падчас Мюнхенскай канферэнцыі прэзідэнт Чэхіі Пэтр Павэл заявіў, што ў пытанні забеспячэння Украіны боепрыпасамі быў дасягнуты істотны прагрэс: чэхі «знайшлі» паўмільёна снарадаў калібру 155 мм, 300 тысячаў снарадаў калібру 122 мм і гатовыя іх пераправіць ва Украіну цягам некалькіх тыдняў. Маецца на ўвазе закуп снарадаў па-за межамі ЕЗ. Краіна-прадавец пры гэтым не называецца, як і канчатковая сума ўгоды. Паводле медыяў, Прага разлічвае прыцягнуць пад гэты праект $ 1,5 млрд.

Чэшскую ініцыятыву ўжо падтрымаў шэрагу краінаў Еўропы. Скінуцца грашыма на боепрыпасы для Украіны выказалі гатовасць 18 дзяржаваў, у тым ліку Нямеччына, Францыя, Данія, Літва, Нідэрланды, Бельгія і Нарвегія. «Bloomberg» паведамляе, што Чэхія на дзень 6 сакавіка знайшла амаль усю патрэбную суму. Крыніцы агенцтва сцвярджаюць, што пасля атрымання фінансавых сродкаў боепрыпасы могуць быць дастаўленыя ва Украіну на працягу некалькіх тыдняў. Дакладныя тэрміны будуць залежаць ад кантрактных абавязкаў ды графікаў паставак і могуць карэктавацца.

Зяленскі 6 сакавіка прызнаў прагрэс у рэалізацыі чэшскай ініцыятывы, але спяшацца з высновамі ўсё-ткі не стаў. «Станоўчы вынік мы зможам ацаніць тады, калі адпаведная колькасць снарадаў будзе ва Украіне», – зазначыў ён.

Асцярожнасць Зяленскага можна зразумець, улічваючы, што нават улады Чэхіі робяць на гэты конт спрэчныя заявы. Гэтак, 7 сакавіка прэзідэнт Пэтр Павэл заявіў, што сабраныя грошы на ўсе 800 тысяч снарадаў, а на наступны дзень прэм’ер-міністр Пэтр Фіяла апавёў, што пакуль грошы ёсць толькі на тое, каб набыць першую партыю – 300 тысяч боепрыпасаў.

Hавiны
Саюзнікі Украіны сабралі амаль усе грошы на 800 тысячаў снарадаў
2024.03.07 08:59

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў