Сакратарыят АДКБ «з разуменнем» паставіўся да адмены Арменіяй супольных вучэнняў


Сакратарыят Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі выступіў з каментаром з нагоды адмовы Арменіі ад правядзення ў 2023 годзе супольных вучэнняў АДКБ «Непарушнае братэрства – 2023» на сваёй тэрыторыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні АДКБ. Цэнтр «Эдэльвейс», Кыргызстан. 7 верасня 2021 года.
Фота: odkb-csto.org

У АДКБ адзначылі, што правядзенне вучэнняў менавіта ў Арменіі прадугледжанае супольным планам і было раней пацверджанае ўладамі краіны. Таксама там паведамілі, што афіцыйна апавяшчэнняў ад армянскага боку аб адмене вучэнняў у адпаведнасці з устаноўленым у арганізацыі парадкам не атрымлівалі.

«Мы з разуменнем ставімся да існай сёння сітуацыі ў Рэспубліцы Арменія, якая не можа дазволіць у бягучым годзе паўнавартасна правесці запланаваныя міратворчыя вучэнні АДКБ», – заявілі ў арганізацыі.

І паабяцалі прыкласці «максімум намаганняў», каб вучэнні ўсё-такі адбыліся.

10 студзеня Арменія адмовілася праводзіць вучэнні міратворчых сілаў АДКБ «Непарушнае братэрства – 2023» на тэрыторыі краіны. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр краіны Нікол Пашыньян. Паводле яго, у існых умовах правядзенне вучэнняў прызнанае немэтазгодным.

«Міністр абароны Арменіі ўжо праінфармаваў Аб’яднаны штаб АДКБ, што ў гэтай сітуацыі мы лічым немэтазгодным правядзенне вучэнняў АДКБ [на тэрыторыі Арменіі], і яны не адбудуцца ў гэтым годзе», – сказаў прэм’ер-міністр Арменіі.

Летась Арменія звярталася па дапамогу да АДКБ праз канфлікт з Азербайджанам, аднак у выніку ў краіну скіравалі толькі місію назіральнікаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў