Нацызм у «Жыве Беларусь!» і больш як 1400 палітвязняў. Хроніка пераследу 10 лістапада


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае тэрор супраць грамадзянаў краіны. Штодня суды выносяць прысуды, а колькасць палітвязняў толькі расце. «Белсат» сабраў вядомыя факты палітычнага пераследу 10 лістапада.

Пад рэпрэсіі патрапіў нават вокліч «Жыве Беларусь». МУС Беларусі ўнесла яго ў спіс нацысцкай сімволіка, калі ён «суправаджаўся ўзняццем правай рукі з выпрастанай далонню «Жыве Беларусь» і адказ «Жыве». Як гэта будзе рэалізавана на практыцы, невядома.

Агляд
І гімн таксама запікаюць? Як сацсеткі адрэагавалі на вызнанне «нацысцкім» воклічу «Жыве Беларусь!»
2022.11.10 17:49

Праваабаронцы між тым прызналі палітвязнямі яшчэ 35 чалавек. Гэта Данііл Вітуноў, Павел Далгакоў, Сяргей Жогла, Мікалай Завадскі, Антон Касцючэнка, Анастасія Кізім, Ксенія Котава, Уладзімір Лысак, Віктар Мацяйковіч, Віктар Мазанік, Алесь Папковіч, Ян Папковіч, Уладзімір Паўлаў, Яўген Рагуцкі, Інга Рэйдальф, Карына Рэйдальф, Віталь Рыбакоў, Аляксандр Сямашка, Артур Хлуч, Кацярына Якаўлева, Дзмітрый Русецкі, Мікіта Адзінец, Сяргей Асановіч, Яўгені Афанасенка, Анастасія Буткевіч, Дзмітрый Гурэеў, Арцём Заблоцкі, Антон Камароўскі, Аляксандр Карзюк, Андрэй Кунцэвіч, Рыгор Парамонаў, Аляксей Пратаповіч, Арцём Парфененка, Вячаслаў Сыраежка, Павел Шчэрбін. Цяпер у Беларусі ўжо больш за 1400 палітвязняў.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 35 асобаў. Цяпер іх больш як 1400
2022.11.10 18:49

Новыя прысуды

Суд Партызанскага раёну Менску вынес прысудзіў жыхару Смалявіцкага раёну Максіму Дзіваку тры гады «хатняй хіміі», абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў маршы пратэсту ў верасні 2020 года ў Менску. На думку суддзі Міхаіла Макарэвіча, палітвязень такім чынам прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, чым, на думку следства, здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 КК.

У судзе Жабінкаўскага раёну асудзілі на год калоніі 62-гадовую Наталлю Ляцко за рэпост допісу з асабістымі звесткамі сілавіка. Яе прызналі вінаватай у паклёпе і ў незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках. Прысуд вынес Віктар Новік. Таксама з жанчыны спагналі 2600 рублёў штрафу і кампенсацыі сілавіку.

У судзе Слонімскага раёну 10 лістапада на паўтара года калоніі асудзілі Дзяніса Воўчака за нібыта абразу Лукашэнкі і «незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных». Справу разглядаў суддзя Аляксандр Ярмолік.

Новыя затрыманні

Сілавікі затрымалі пару інстаблогераў – Кацярыну і Сяргея Чарэшкаў. Паводле праўладнага тэлеграм-каналу, іх прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе – але ў якой, не ўдакладняецца. Магчыма, вядзецца пра ўдзел у пратэстах.

Затрыманы праваслаўны сектазнаўца Алег Нагорны. З пачаткам вайны ва Украіне ён асуджаў агрэсію Расеі і крытыкаваў тых дзеячаў Праваслаўнай царквы, якія яе падтрымалі. ГУБАЗіК прапануе завесці на затрыманага крымінальную справу за «распальванне нянавісці да расейцаў».

Магілеўскі ГУБАЗіК затрымаў слесара, які нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама даслаў у «Чорную кнігу Беларусі» асабістыя звесткі міліцыянта. Затрыманаму прызначылі 15 содняў арышту.

У Полацку быў затрыманы Генадзь Бярдзенеў, які нядаўна прыехаў з Польшчы, дзе працаваў апошнія тры месяцы і збіраўся ў бліжэйшыя дні зноў вярнуцца назад. Судзіць яго будуць паводле адміністрацыйнага артыкулу.

Таксама ў Полацку затрымалі сына затрыманай прафсаюзнай актывісткі Вольгі Брыцікавай – Ягора. Ён прыйшоў з войска за дзень да яе суда і на судзе прадстаўляў яе інтарэсы. Пасля яе арышту ён штодня наведваў яе ў ІЧУ. Пасля яго адпусцілі.

У справе «Чорнай кнігі Беларусі» затрымалі былога спартоўца і супрацоўніка МТС з Берасця Андрэя Цыпака. Нібыта ён «меў доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі», якую перадаў каналу «Чорная кніга Беларусі».

Суды ідуць

У Гомельскім абласным судзе на чарговым паседжанні ў справе «Рабочага Руху» ўсе фігуранты не прызналі сваю віну ў здрадзе дзяржаве і стварэнні экстрэмісцкага фармавання не прызнаюць. Нагадаем, пачалі судзіць Сяргея Шэлеста, Уладзіміра Жураўку, Андрэя Пагерылу, Ганну Аблаб Аляксандра Гашнікава, Сяргея Дзюбу, Ігара Мінца, Валянціна Цераневіча, Сяргея Шамецьку і Аляксандра Капшуля. З іх толькі Андрэй Пагерыла пагадзіўся з абвінавачаннем у паклёпе. Палітвязням пагражае да 15 гадоў зняволення. Працэс разглядае суддзя Аляксандр Піскуноў.

Hавiны
Працягваецца суд у справе «Рабочага руху». Ніхто з фігурантаў не прызнаў віны
2022.11.10 15:26

Гомельскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы палітзняволенай з Мазыра Крысціны Чаранковай. Яе вінавацяць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130 КК. У сваім інстаграме мазырчанка не хавала сваіх палітычных поглядаў і выказвала антываенныя лозунгі.

У судзе Мёрскага раёну ў закрытым рэжыме пачаўся суд над 69-гадовай былой настаўніцай беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эмай Сцепулёнак. Яе затрымалі 29 верасня 2021 года за каментар у «справе Зельцара» і ўтрымлівалі за кратамі амаль год, пакуль не перавялі на хатні арышт. Пенсіянерку вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Судовы працэс вядзе суддзя Ірына Яскевіч.

У судзе Фрунзенскага раёну Менску пачалі разглядаць новую крымінальную справу супраць гітарыста «Крамбамбулі» і Pomidor/off Уладзіслава Плюшчава. 4 жніўня яго ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі з канфіскацыяй аўтамабіля, а таксама прызначылі штраф у 6 400 рублёў. Гэтым разам музыку вінавацяць паводле трох артыкулаў КК: арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»); арт. 188 («Паклёп»); ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных»). Справу разглядае суддзя Андрэй Млечка.

У Менскім гарадскім судзе пачаўся суд над 20-гадовым мастаком і сіратой Андрэем Раптуновічам. Яго судзяць за намер паехаць ва Украіну і далучыцца да палка Каліноўскага (ч.1 арт. 13 арт. 361-3 КК), а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Пад вартай хлопец утрымліваецца ўжо паўгады. Справу разглядае Сяргей Хрыпач.

У судзе Маскоўскага раёну Менску абвінаваўца запрасіў для краязнаўцы і журналіста Ігара Хмары 2,5 года «хатняй хіміі». Яго затрымалі за размову на беларускай мове на вуліцы 2 жніўня, калі ён праводзіў экскурсію па Менску. Палітвязня абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава.

У Гарадзенскім абласным судзе абвінавачанне запрасіла 5 гадоў калоніі для старшыні першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў ААТ «Горадня Азот» Андрэя Ханевіча. Яго вінавацяць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Судовае рашэнне вынесуць 16 лістапада.

Магілёўскі абласны суд 21 лістапада ў парадку першай інстанцыі разгледзіць справу супраць 20-гадовай студэнткі Дануты Перадні, якую 4 ліпеня ў судзе Кіраўскага раёну асудзілі на 6,5 гадоў калоніі. Яе будуць судзіць паводле тых самых артыкулаў Крымінальнага кодэксу (ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 368), бо суд Кіраўскага раёну не мог разглядаць ейную справу. У віну дзяўчыне паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст супраць вайны ва Украіне.

У Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс у справе палітзняволенай Крысціны Чаранковай. Яе абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці за антываенныя пасты ў сваім Instagram.

15 лістапада ў судзе Ляхавіцкага раёну адбудзецца суд аб «спагнанні запазычанасці па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі і (ці) плаце за карыстанне жылым памяшканнем» у дачыненні палітвязня Аляксандра Плескацэвіча, якога ў чэрвені перавялі з «хіміі» ў турму. Справу будзе разглядаць суддзя Наталля Буднік, якая пакарала палітвязня двума гадамі «хіміі» за белыя і чырвоныя надпісы на слупах і будынках у вёсцы.

Звальненні навукоўцаў

У Нацыянальнай Акадэміі навук праходзяць звальненні супрацоўнікаў, якія ў выніку палітычнага пераследу апынуліся за кратамі. Гэтак, ужо звольнілі Сяргея Гараніна – намесніка дырэктара ў навуковай працы Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» НАН Беларусі, дацэнта кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі. Ён правёў дзесяць содняў на Акрэсціна нібы за «дробнае хуліганства».

Агулам сілавікі дапытвалі больш як 40 навукоўцаў, якія былі ў чаце супраць гвалту. Некаторых з іх затрымалі, «у каго нешта не спадабалася ў тэлефоне». Адзін з іх – кандыдат фізіка-матэматычных навук з Інстытуту хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі, другі – малодшы навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі НАН. Таксама быў затрыманы прафесар, сябар-карэспандэнт НАН Алег Давыдзенка, які з’яўляецца аўтарам каля 300 навуковых прац у біялогіі і вывеў 19 сартоў раслін.

Hавiны
З Акадэміі навук звальняюць затрыманых навукоўцаў з «няправільнай» палітычнай пазіцыяй
2022.11.10 16:57

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў