У Менску асудзілі камандзіра роты: Ужываў да салдатаў фізічную сілу


Камандзір роты адной з вайсковых часцей асуджаны за перавышэнне паўнамоцтваў. Пацярпелымі прызнаны 18 ваенных тэрміновай службы. Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на пракуратуру Менску.

Пракуратура гораду Менску.
Фота: yandex.by

Паводле пракуратуры Заводскага раёну Менску, у раённым судзе разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да камандзіра роты, якому інкрымінавана перавышэнне ўлады, што звязана з насіллем і прымяненнем спецсродкаў. Абвінавачаны быў камандзірам роты ў адной з вайсковых часцей з лютага 2021 года па студзень 2022 года.

«Для ўсталявання дысцыпліны ў даручаным яму падраздзяленні ён ужываў у стаўленні салдат фізічны гвалт. Удакладняецца, што мужчына ў тым ліку выкарыстоўваў пнеўматычны пісталет і спецсродкі. Пацярпелымі прызнаны 18 ваенных тэрміновай службы», – гаворыцца ў паведамленні.

Фігурант справы прызнаў сваю віну поўнасцю. Яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў са штрафам у памеры 150 базавых велічыняў.

Апроч таго, былога вайскоўца на 5 гадоў пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў; ён пазбаўлены звання «старэйшы прапаршчык», у яго канфіскавана пнеўматычная зброя.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў