Рух «Саюз маці Беларусі» улады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем


У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» – антываенны грамадскі рух «Саюз маці Беларусі». Адпаведнае рашэнне КДБ прыняў 29 верасня, піша Праваабарончы цэнтр «Вясна». Удзельніцы руху пракаментавалі ўключэнне ў экстрэмісцкі спіс.

Адна з акцыяў, праведзеных «Саюзам маці Беларусі».
Фота: Саюз маці Беларусі/Telegram

У рашэнні КДБ аб прызнанні «Саюзу маці Беларусі» экстрэмісцкім фармаваннем таксама пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненні да арганізацыі – Анцілеўская Святлана, Здановіч Вольга, Якавенка (Ліфанава) Таісія, Алесінская Наталля, Тарпанава (Васільцова) Таццяна.

На сайце грамадскага руху пазначана, што «мы не хочам вайны, мы хочам міру і росквіту нашым краінам, нашым сем’ям, нашым дзецям. Мы не жадаем, каб адны маці адпраўлялі забіваць дзяцей іншых маці. Мы за мір! Тут дапамагаем маці праяўляць антываенную пазіцыю, знаходзіць аднадумцаў і важную інфармацыю для выратавання жыццяў сваіх дзяцей!».

Каментар руху адноснага «экстрэмісцкага статусу» з’явіўся таксама ў тэлеграм-канале «Саюзу маці». У ім аўтары пасту задаюцца пытаннямі, за што рух прызналі экстрэмісцкім, і выказваюць меркаванне, што гэта можа быць звязана з тым, што некалькі тыдняў таму была затрыманая адна з маці, якая дапамагала распаўсюджваць антываенныя ўлёткі.

«Пасля гэтай жахлівай падзеі мы замаўчалі. Страх і жах за кожную з вас ненадоўга паралізаваў нас. Цэлы тыраж нашых антываенных газет быў выняты гэтымі карнікамі», – гаворыцца ў допісе.

Далей у паведамленні прапануецца разабрацца, за што маглі даць экстрэмісцкі статус.

«За тое, што мы не хочам смерці нашым дзецям? Ці за тое, што маці – жанчыны, якія пасмелі стаць на абарону жыцця, якое яны самі далі гэтаму свету, пасмелі сказаць не нейкаму там цару, які трымаецца сваімі тлустымі старымі пальцамі за свой трон? За тое, што не захацелі аддаваць сваіх сыноў дзеля нечых амбіцыяў? Ці за тое, што мы сумленна распавядалі, як маці ў Беларусі выжываюць? Як паказвалі страшныя туалеты (дзірку ў падлозе) у радзільнях? Скажыце нам, растлумачце, можа, мы неразумныя жанчыны? За што менавіта? Што ў нашых словах экстрэмісцкага?».

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

На сайце «Саюзу маці» гаворыцца, што рух быў створаны 24 лютага. Год не ўдакладняецца, але, паколькі далей ідзе гаворка пра дзейнасць цягам 1,5 гадоў, то можна меркаваць, што 24 лютага 2022 года, у дзень уварвання Расеі ва Украіну. У допісе «Пра нас» распавядаецца, што ад моманту пачатку дзейнасці былі таксама створаныя чат у тэлеграме, старонкі ў Інстаграме, Аднакласніках і У кантакце.

Удзельніцы руху раздавалі антываенныя ўлёткі, складалі петыцыі і збіралі подпісы, пісалі афіцыйныя лісты ўладам ад імя маці, звярталіся за падтрымкай да славутых асобаў, «тэлефанавалі тысячам жонак і маці вайскоўцаў у Беларусі, каб папярэдзіць іх пра бяду, якая насоўваецца». Таксама сябрамі Саюзу былі арганізаваныя малітвы за мір з маці ў цэрквах Беларусі – некалькіх іх удзельніц былі затрыманыя наўпрост на выхадзе з храму. Нягледзячы на небяспеку, маці ладзілі акцыі з антываеннымі малюнкамі дзяцей, налепкамі з голубам міру, цацкамі з антываеннымі надпісамі. Мноства акцыяў было праведзена ў сацыяльных сетках.

Hавiны
Задзіночанне беларускіх студэнтаў прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем»
2023.09.27 19:10

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў