Намесніца дзяржсакратара ЗША наведала Нігер і перасцерагла хунту ад супрацы з ПВК Вагнэра


Выканальніца абавязкаў намесніка дзяржсакратара ЗША Віктор’я Нулэнд наведала Нігер і сустрэлася з вайскоўцамі, якія раней адхілілі законнага прэзідэнта ад улады. У сустрэчы з самім зрынутым прэзідэнтам, а таксама лідарам перавароту ёй адмовілі, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Паводле Нулэнд, ЗША «прапанавалі свае добрыя паслугі», каб дапамагчы аднавіць канстытуцыйны парадак у Нігеры.

Прадстаўніца Дзярждэпу сустрэлася з новым начальнікам вайсковага штабу ды іншымі лідарамі перавароту, аднак просьбы аб сустрэчы з кіраўніком хунты Абдурахманам Тшыяні і зрынутым прэзідэнтам Мухамэдам Базумам засталіся без адказу.

Нулэнд расказала, што сустрэча з вайскоўцамі працягвалася больш за дзве гадзіны, аднак дабіцца поспеху і пераканаць мяцежнікаў скасаваць пераварот пакуль не ўдалося. Паводле яе, размовы былі «надзвычай адкрытымі і часам даволі цяжкімі».

Нулэнд распавяла, што прапанавала вайскоўцам некалькі варыянтаў магчымых дзеянняў, а таксама дакладна пазначыла наступствы для стасункаў з ЗША, калі Нігер не адновіць Базума на пасадзе або пойдзе шляхам суседняга Малі, супрацоўнічаючы з расейскімі наймітамі з ПВК Вагнэра.

Hавiны
Кіраўнікі вайсковай хунты Нігеру просяць дапамогі ў ПВК Вагнэра
2023.08.05 19:07

«Я спадзяюся, што яны будуць трымаць дзверы адкрытымі для дыпламатыі. Мы зрабілі такую прапанову. Пабачым, – сказала Віктор’я Нулэнд. – Людзі, якія распачалі гэтыя дзеянні тут, выдатна разумеюць, якую рызыку для іх суверэнітэту ўяўляе запрашэнне групы Вагнэра».

Пераварот у Нігеры адбыўся 26 ліпеня. У гэты дзень вайскоўцы заявілі, што зрынулі прэзідэнта Мухамэда Базума. Пераварот падтрымаў кіраўнік расейскай ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, а ў прыхільнікаў путчу заўважылі сцягі РФ. Раней хаўруснікі ПВК Вагнэра ўжо захапілі ўладу ў суседніх Малі і Буркіна-Фасо.

Агляд
«Кашмар для Захаду». Што значыць вайсковы пераварот у Нігеры і што ад таго беларусам
2023.07.27 17:49

Нігер быў галоўным хаўруснікам Захаду ў рэгіёне. Менавіта тут для правядзення антыісламісцкіх аперацыяў базаваліся войскі Францыі, выгнаныя прарасейскімі рэжымамі з Малі і Буркіна-Фасо. Краіна таксама актыўна дапамагала Еўразвязу змагацца з нелегальнай міграцыяй і падтрымлівала Украіну ў ААН. ЗША з 2012 года выдаткавалі на ўзмацненне бяспекі Нігеру каля $ 500 млн.

Hавiны
Краіны Заходняй Афрыкі пагражаюць вайсковай хунце Нігеру ўварваннем
2023.07.30 20:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў