Куды з Беларусі можна рвануць у адпачынак? Глядзім на прапановы «гарачых» тураў


Набліжаецца сярэдзіна лета, а добрых варыянтаў адпачынку для чалавека ў Беларусі няшмат: або адпачыць на радзіме, або  злётаць на мора за два сярэднія месячныя заробкі з чалавека, або рызыкнуць і паехаць у краіну, якая вядзе захопніцкую вайну. «Белсат» звярнуўся да беларускіх тураператараў з пытаннем: куды выправіць адпачываць бацькоў-пенсіянераў, каб на мора і бяспечна?

Пляж у Турэччыне
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пляж у Турэччыне.
Фота: ivabalk / Pixabay

Адпачынак лепей планаваць загадзя, але калі толькі пасля двух Купалляў прыйшла думка рвануць на мора, шанцы яшчэ ёсць: тураператары прапануюць туры з вылетам хоць паслязаўтра. Найбольш прапановаў «гарачых» тураў ад беларускіх тураператараў – у Турэччыну. Другое месца дзеляць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Егіпет, следам за імі – туры ў Грузію і Расею.

Асноўная маса «гарачых» прапановаў – туры за 2-3 тысячы рублёў з чалавека з пералётам на час ад 7 да 14 начэй. Калі пашанцуе, можна ўхапіць тур у Турэччыну на двух «усяго толькі» за 5 тысяч рублёў аж на 9 начэй з уключанымі ў гэта трохзоркавым гатэлем, пералётам, сняданкам, страхоўкай і зборамі.

Турэччына ў сярэднім крыху танней, Егіпет, Грузія і Эміраты крыху даражэй. «Гарачыя» туры ў Расею каштуюць не тысячы, а толькі сотні рублёў, але не прапануюць пляжнага адпачынку. На пляжы (у тым ліку ў акупаваным украінскім Крыме) прапановы ёсць у тым ліку на ліпень, але іх не адносяць да «гарачых» – цэны звычайныя, ды й на пляжныя курорты Расеі самалёты не лётаюць праз вайну ва Украіне.

Не зніклі і прапановы тураў у краіны Еўразвязу, як то ў Іспанію ці на Кіпр, але цэны на іх вышэйшыя, а «гарачых» прапановаў амаль няма.

Разбор
Сітуацыя на мяжы. Польшча плануе паскорыць афармленне аўтобусаў з Беларусі
2023.06.30 19:41

Куды лепей?

Адзін з беларускіх тураператараў кажа: 4 тысячы рублёў на дваіх за тыдзень на моры – «такіх цэнаў цяпер наогул не будзе». Самыя бюджэтныя напрамкі – Турэччына і Арабскія Эміраты. У Турэччыну самыя танныя варыянты, якія прапануе гэты аператар, пачынаюцца ад 5100 рублёў на двух, у Эміраты – прыблізна тыя ж цэны, знаходзіцца нават таннейшы варыянт, чым быў у Турэччыне.

Пляж у Дубаі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пляж у Дубаі, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
Фота: Pxhere.com

Адпачынак у краінах Еўразвязу, здавалася б, не значна даражэйшы за Турэччыну ці Эміраты: тураператар знаходзіць падобны варыянт на 7 начэй за 5500 рублёў. Але гэта цана без уліку атрымання візы і без дарогі да Варшавы ці Вільні, адкуль будзе вылет, і ляцець па такой цане прыйдзецца лоўкостэрам – імаверна, прыйдзецца даплаціць за багаж.

Грузія будзе не танней, а нават даражэй, кажа тураператар, бо пералёт туды даражэйшы, чым у Турэччыну ці Эміраты. А некалі недарагая Чарнагорыя цяпер каштуе за 7 начэй аж больш за 7000 рублёў на двух: калі ляцець туды з Менску, трэба рабіць перасадку ў Турэччыне.

Разбор
Куды з Беларусі паехаць адпачываць – і дзе бяспечна? Топ кірункаў тураператараў
2023.05.11 07:01

Што з візамі?

У Грузію, Турэччыну і Эміраты беларусам непатрэбная віза. У Егіпце турыстам можна атрымаць візу па прылёце за 25 долараў, а ў Шарм-эль-Шэйху віза не патрэбная. У шэнгенскія краіны віза, вядома ж, трэба, і атрымаць яе ў Беларусі праблематычна.

Пляж у Грэцыі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пляж у Грэцыі.
Фота: Dana Tentis / Stockvault.net

Іншы тураператар, які прапануе візавую падтрымку, расказвае: калі ў ліпені планаваць адпачынак у Еўразвязе, то лепей глядзець на Грэцыю і жнівень. Туды меншы выбар тураў і вышэйшыя цэны, затое візу можна зрабіць параўнальна хутка, за 15 дзён (і за 150 рублёў можна дакупіць хутчэйшы «прэміум-сэрвіс»). Візу варта чакаць аднаразовую, на канкрэтную паездку.

Калі ў Еўропу не спяшацца, можна звярнуцца па візу ў іспанскі візавы цэнтр у Маскве: 7 ліпеня быў даступны запіс на 21-га, а разгляд заяўкі можа заняць шэсць тыдняў, дык трэба арыентавацца ўжо на верасень. Для паездак у Маскву па візу фармуюць спецыяльныя групы, арганізуюць транспарт. У такім выпадку туры лепей не купляць загадзя, бо візу могуць даць пазней ці не даць зусім. Іспанскі візавы цэнтр нядаўна запрацаваў і ў Менску, але тураператар не раіць разлічваць на яго: «Там яшчэ даўжэй будзе».

Іншых хуткіх варыянтаў для турыстаў няма, хоць у прынцыпе можна запісацца па візу ад Італіі ці ад Нямеччыны (у другую краіну трэба яшчэ рабіць запрашэнне). Тураператар згадвае таксама пра магчымасць атрымаць працоўную візу ў Польшчу, якую можна атрымаць за месяц, але гэткі варыянт для турыстаў ён не рэкамендуе.

Аператар папярэджвае: для атрымання «шэнгену» трэба будзе даць выпіскі з банкаў, там трэба мець добрую суму на рахунку. Для Грэцыі – мінімум € 2000, для Іспаніі – мінімум € 1500 або € 100 на дзень.

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

Не ў тым сэнсе «гарачыя» туры

Два папярэднія аператары не прапаноўвалі тураў на расейскія курорты і ў акупаваны Расеяй украінскі Крым. Знаходзім трэцяга тураператара, які такі адпачынак прапануе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбухі на ваенным аэрадроме «Сакі», бачныя з пляжу. Навафёдараўка, Крым, Украіна. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Newfedorowka / VK

Просім нешта ў Расеі, але падалей ад вайны. Тураператар робіць выгляд, што не разумее пытання і перапытвае: «А блізка – гэта як?». Запэўнівае, што пакуль «нічога там на моры не выбухае», «у Крыме няма вайны». Кажа, людзі ездзяць у Крым, а таксама ў Анапу і Геленджык у Краснадарскім краі Расеі. Прапануе «па справе размаўляць», а не задаваць «незразумелыя пытанні».

На самой справе, на момант публікацыі невядома аб турыстах, пацярпелых ад «бавоўны» (загадкавых выбухах на вайсковых аб’ектах і сховішчах паліва, у якіх падазраюць украінскіх вайскоўцаў і дыверсантаў), але выбухае ў Крыме і блізу яго рэгулярна.

Анапа і Геленджык, запэўнівае тураператар, бяспечныя. Толькі туды не лётаюць самалёты, да Анапы цягніком ці аўтобусам з Менску ехаць два дні, а да Геленджыка яшчэ болей. Затое, у параўнанні з Крымам, там сапраўды параўнальна спакойна – хіба Федэральная служба бяспекі Расеі нядаўна заяўляла, што прадухіліла тэракт.

Калі падалей ад вайны ва Украіне, але на Чорным моры, прапануюць Абхазію. Грузія даражэйшая, і гэты тураператар не прапануе тураў у яе, але прапануе ў Абхазію як у асобную краіну. Гэтая частка Грузіі ў 1992 годзе абвясціла сябе незалежнай і захоўвае «незалежнасць» рукамі расейскіх вайскоўцаў. Ды тураператар запэўнівае, што і там бяспечна – можна ехаць цягніком ці аўтобусам, візы не трэба, на 10 начэй праезд плацкартам, трансфер, гатэль на беразе мора і сняданкі будуць каштаваць 2000 рублёў на чалавека. Гучыць як някепскі варыянт, калі не задумвацца пра тэарэтычную магчымасць аднаўлення гарачай фазы ўзброенага канфлікту і падтрымку самаабвешчаных прарасейскіх «рэспублік».

Разбор
Лукашэнка ў Абхазіі – што гэта было? Спрабуем з экспертамі зразумець вельмі дзіўны візіт
2022.09.29 22:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў