Вайсковы эксперт Каваленка: Расейская СПА ў Крыме не змагла абараніць стратэгічны абʼект


Прычынаю моцнага пажару на нафтабазе ў Севастопалі расейскія крыніцы называюць атаку ўкраінскага беспілотніка. Але вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка ў інтэрвʼю «Белсату» называе яшчэ некалькі магчымых прычынаў інцыдэнту. Расказваем, што вядома.

Аляксандр Каваленка. Стоп-кадр з відэа «Белсату».

Вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка пракаментаваў «Белсату» абставіны і прычыну моцнага пажару на паліўным рэзервуары нафтабазы ў Севастопалі 29 красавіка. Паводле эксперта, калі расейскі бок кажа пра ўдар ЗСУ, то распісваецца ў сваёй бездапаможнасці і краху сістэмы супрацьпаветранай абароны ў Крыме, якая стваралася з 2014 году, калі расейцы акупавалі паўвостраў. Таксама Каваленка расказаў, ці мог быць удар па базе пад Севастопалем украінскім адказам на расейскую атаку 28 красавіка па Умані і Дняпры, і ацэньвае эфектыўнасць выкарыстання беспілотнікаў у параўнанні з крылатай ракетай.

Украінскі бок афіцыйна не прызнае, што ўдар па базе ў Севастопалі – гэта справа ЗСУ. Аляксандр Каваленка лічыць, што ўкраінскія вайскоўцы і не павінны рабіць заяваў з прызнаннямі ў гэтым інцыдэнце. Бо падобным чынам сябе вёў расейскі бок, развязаўшы ў 2014 годзе гібрыдную вайну супраць Украіны. І ўвесь час расейская прапаганда заяўляла, што ў Луганскай і Данецкай вобласцях, а таксама на паўвостраве Крым – «гэта не яны».

«Гэта не іхныя войскі, гэта не іхныя танкі, гэта не іхная дэсантура, гэта не яны акупуюць нашы тэрыторыі. Ну, а калі Расейская Федэрацыя лічыць, што такі вось для яе дарэчны наратыў, што такі догмат яе задавальняе, што ж, можам пагуляць у падобную гульню», – з сарказмам сказаў Каваленка.

Кажучы сурʼёзна аб прычынах інцыдэнту, эксперт зазначыў, што пажар на нафтабазе мог быць вынікам негатыўных тэхнагенных працэсаў, якія адбываюцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі і на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, «тое, што называецца тэхнагенным калапсам». Аляксандр Каваленка адзначае, што пачынаючы з лютага 2022 года РФ кепска даглядае свае прадпрыемствы, не робіць там тэхнічнага абслугоўвання, рэгламентных і рамонтных працаў.

«Таму цяпер мы бачым, што ва ўмовах санкцыяў і падвышанай увагі ўсяго кіраўніцтва Расеі менавіта да так званай СВА, увага да абслугоўвання такіх абʼектаў зніжаецца. І там адбываюцца рознага роду надзвычайныя здарэнні», – канстатаваў Каваленка.

Са свайго боку так званы губернатар Севастопалю, акупаванага расейскімі войскамі, сцвярджае, што інцыдэнт на базе ёсць вынікам атакі ўкраінскіх беспілотнікаў. «Губернатар» таксама сцвярджае, што цягам апошняга месяца расейцы ўдала збівалі беспілотнікі. Каментуючы такія заявы, Каваленка з сарказмам адзначыў, што адстойваючы версію паспяховага ўкраінскага ўдару па нафтабазе, «губернатар» Севастопалю фактычна «дыскрэдытуе так званую СВА і расейскую армію», бо «як жа так, найлепшая ў свеце супрацьпаветраная абарона не змагла справіцца і абараніць стратэгічна важны абʼект».

База ГЗМ у Севастопалі – важны элемент сістэмы забеспячэння гаруча-змазачнымі матэрыяламі ўсёй паўднёвай групоўкі расейскіх войскаў на мацерыковай частцы Украіны. З яе забяспечваюцца левабярэжная Херсоншчына, Запарожская вобласць. Такі нафтаабʼект павінен лічыцца стратэгічным і адпаведным чынам абараняцца.

Уначы 29 красавіка ў Севастопалі загарэўся рэзервуар з палівам.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Каваленка нагадаў, што пачынаючы з 2022 года ў Крыме ўвесь час нешта здараецца – «дзіўны інцыдэнт на Крымскім мосце, затым адбыўся дзіўны інцыдэнт у бухце Севастопалю, які зусім нядаўна паўтарыўся».

«Гэта сведчыць аб тым, што сістэма бяспекі, якую выбудоўвала Расея на акупаваным паўвостраве гадамі, увогуле не працаздольная і неэфектыўная. Яна дастаткова ўразлівая, і, у прынцыпе, уся гэтая чарада падзеяў і непасрэдна сённяшняя падзея, гэта толькі пацвярджае», – заявіў вайсковы аглядальнік.

Таксама Каваланека зняпраўдзіў сцвярджэнне, што атака па нафтабазе магла быць хуткім адказам на расейскую атаку па Дняпры і Умані, дзе 28 кастрычніка ад удару расейскіх ракетаў загінулі больш за 20 мірных жыхароў. Такую зваротную аперацыю немагчыма арганізаваць так хутка, каб адказаць ужо на наступны дзень. Скептычна вайскова-палітычны аглядальнік ставіцца і да заклікаў расейскай прапаганды нанесці ўдар па ўкраінскіх вайсковых цэнтрах прыняцця рашэнняў (ЦПР) у адказ на інцыдэнт на базе ў Севастопалі. Бо ўсе ўкраінскія цэнтры рашэнняў пераведзеныя ў надзейныя бамбасховішчы са сваіх звычайных будынкаў.

«Гэта дурныя заклікі. Пасля кожнага такога закліку нічога не адбываецца, нават дэманстратыўна, бо насамрэч яны б маглі нанесці ўдар, напрыклад, па Вярхоўнай Радзе, або яны б маглі нанесці ўдар па Марыінскім палацы, яны б маглі нанесці ўдар па Банкавай, паспрабаваць хаця б, але гэтага не адбываецца. Такім чынам, яны распісваюцца ў сваёй недзеяздольнасці здзяйсняць падобнага роду крокі ў адказ».

Каваленка таксама лічыць, што расейскі бок баіцца таго, што падобныя ўдары па стратэгічных цэнтрах вайсковага і палітычнага кіравання ва Украіне могуць выклікаць адпаведныя ўдары па падобных абʼектах на тэрыторыі Расеі і нават у Маскве. У пацверджанне сваіх словах ён прывёў факты ўзмацнення супрацьпаветранай абароны адміністрацыйных будынкаў у расейскай сталіцы. Але і гэтае ўзмацненне «не замінае нейкім дзіўным і загадкавым абʼектам усё роўна ў ваколіцах Масквы кружляць і здзяйсняць рознага кшталту цікавыя палёты».

Абноўлена
Моцны пажар у Севастопалі – гарыць нафтабаза
2023.04.29 08:21

Яшчэ адна магчымая прычына інцыдэнтаў як у акупаваным Крыме, так і на тэрыторыі Расеі, у тым жа Белгарадзе, дзе быў пажар на ЦЭС, – гэта рост незадаволенасці з боку пэўных расейскіх сілаў, якія маюць негатыўнае стаўленне да дзеянняў Крамля. У Расеі ёсць «аэрамадэльныя гурткі», і людзі, якія могуць лёгка набыць дроны ў інтэрнэт-крамах і выкарыстаць іх для атак па расейскіх абʼектах.

Параўноўваючы эфектыўнасць выкарыстання беспілотнікаў і крылатых ракетаў, вайскова-палітычны аглядальнік зазначыў, што досыць танныя дроны эфектыўней за крылатыя ракеты коштам $ 13 млн за штуку, бо цана дронаў зусім маленькая ў параўнанні з коштам абʼектаў, якім яны могуць наносіць значную шкоду.

Нагадаем, зранку 29 красавіка «губернатар» Севастопалю Міхаіл Разважаеў паведаміў, што ўначы пачаўся пажар на базе гаруча-змазачных матэрыялаў у мікрараёне Казачая Бухта. Плошча пажару склала каля 1000 м2, пажару прысвоены самы складаны 4-ы клас, для ліквідацыі загарання на паліўным рэзервуары прыцягнутыя 18 пажарных разлікаў. Вядома, што апоўдні адкрытае гарэнне было адоленае. Разважаеў напісаў, што папярэдняя прычына загарання – атака беспілотніка.

У сваю чаргу Мінабароны Украіны не пацвердзіла афіцыйна, што гэта атака ЗСУ, толькі размясціла ў сваім тэлеграм-канале відэа пажару ў Севастопалі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў