Як выжываць незалежным медыям? «The Village Беларусь» спрабаваў, але праект замарозілі


Каманда некалі папулярнага выдання «The Village Беларусь» 5 чэрвеня пастанавіла замарозіць праект праз адсутнасць фінансавання на яго працяг. Як рэдакцыя выжывала да гэтага часу і ці зможа аднавіцца? Запыталіся ў галоўнай рэдактаркі Яўгеніі Сугак.

Сайт «The Village Беларусь»
Сайт «The Village Беларусь» 7 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

Рэдакцыя «The Village Беларусь» пачала працу ў 2017 годзе. Кампанія «Mint Media», якой належаў таксама сайт «Kyky.org», набыла правы на расейскую франшызу – свае «The Village» (ад ангельскага «Вёска») таксама маюцца ў Казахстане і ва Украіне.

Доўгі час сайт «The Village Беларусь» пісаў пераважна пра гарадскія навіны, але паступова пачаў публікаваць усё больш навінаў пра палітыку і эканоміку, пісаў пра каранавірус, выбары-2020 і рэпрэсіі. Паводле галоўнай рэдактаркі Яўгеніі Сугак, выданне змагалася «за зручны і вольны горад, супраць рэжыму і сваволі ўладаў».

У жніўні 2020 года сайт «The Village Беларусь» заблакавалі ў Беларусі, а напрыканцы 2022 года залічылі ў «экстрэмісцкія». У сакавіку 2023 года на сайце перасталі выходзіць навіны. Да блакавання яго чыталі каля 1,5 млн чытачоў за месяц.

Здымак: facebook.com/evgenia.su

Пагутарылі з Яўгеніяй Сугак пра тое, як працаваў заблакаваны на радзіме сайт – і як жывецца іншым медыям.

– Як «The Village Беларусь» выжываў пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе? З якога часу зніклі даходы ад рэкламы?

– Нас заблакавалі аднымі з першых – 9 жніўня 2020 года. Да гэтага моманту «The Village» зарабляў сам на сябе рэкламнымі спецпраектамі. Да гэтага мы не працавалі паводле грантавай мадэлі, але зразумелі, што цяпер у нас няма выбару.

Першы час некаторыя рэкламадаўцы яшчэ заставаліся з намі, але іх было зусім няшмат, і гэта былі хутчэй сяброўскія нам брэнды, якія жадалі падтрымаць сімпатычнае ім медыя. Ды хутка сышлі і яны, і справа не толькі ў праглядах, якія ўпалі з-за блакавання. Вялікім брэндам проста нельга размяшчацца на заблакаваным рэсурсе.

Так мы пачалі звяртацца па донарскае падтрыманне, бо іншую фінансавую мадэль існавання незалежнай прэсы ў выгнанні складана прыдумаць.

– Ці шмат працаўнікоў пацярпела ад рэпрэсіяў і ці шмат было вымушана пакінуць Беларусь?

– Беларусь пакінулі амаль усе працаўнікі. Тыя, хто застаўся, яшчэ некаторы час прапрацавалі на «The Village» з краіны, але пасля перасталі са зразумелых меркаванняў бяспекі. Некаторыя былі затрыманыя і асуджаныя.

Каментар
«Мы на дне, аднак Лукашэнка яго прабівае». Беларусь апусцілася на 157 месца ў рэйтынгу свабоды медыяў
2023.05.03 17:26

– Чаму рэдакцыя працягвала сваю дзейнасць, калі ўсім было ўжо не да «чыста гарадскіх» навінаў, і ўсе пісалі спачатку пра пратэсты, потым пра вайну? Як вы адаптаваліся да новай рэчаіснасці – і ці не здаецца вам цяпер, што вы зрабілі нешта не так?

– Ніякіх «чыста гарадскіх» навінаў ад пачатку пратэстаў на «The Village» не засталося. Мы распавядалі аб пратэстах, затрыманнях, судах, гвалце. Я казала, што мы гарадская газета, але ў нашым горадзе цяпер вось такое жыццё, а значыць, мы расказваем пра яго.

Праз пэўны час мы распачалі паціху уводзіць бытавыя навіны, таму што акрамя пратэстаў і рэпрэсіяў менчукі ездзілі на транспарце, хадзілі ў крамы і цікавіліся рознымі рэчамі.

Калі пачалася вайна, мы актыўна асвятлялі яе падзеі, за што былі заблакаваныя Раскамнаглядам на тэрыторыі Расеі. Яшчэ праз некаторы час нас прызналі «экстрэмістамі».

Першапачаткова мы маглі без моцнага рыпання застацца «гарадской газетай», у якой магло б атрымацца абыходзіць вострыя вуглы без асаблівых прэтэнзіяў да сябе, але мы нават не ставілі такога пытання для сябе. Мы не бачылі ніякага іншага варыянту, акрамя таго, як пісаць праўду пра тое, што адбываецца ў краіне.

Каментар
«Рыхтаванне да чагосьці мярзотнага». Змены ў закон аб медыях сталіся рэакцыяй на мэм пра 3 %
2023.04.18 21:15

— Што тэарэтычна можа выратаваць незалежнае беларускае выданне ў сённяшніх умовах? Ці магчыма «накраўдфандзіць» хоць бы невялікую рэдакцыю?

– Мне сітуацыя бачыцца трывожнай. Калі раней падтрыманнем донараў карысталіся некалькі незалежных медыяў, то пасля 2020-га года ўсе апынуліся ў выгнанні, ва ўсіх абрынулася фінансавая мадэль, і ўсім спатрэбілася падтрыманне.

У мяне маецца перасцярога, што донары не будуць гадамі падтрымоўваць усе медыі, і можа наступіць крызіс – скарачэнне рэдакцыяў або закрыццё выданняў. Таму так важна тлумачыць, што толькі дзякуючы незалежным беларускім медыям мы ведаем, што насамрэч адбываецца ў краіне. Што дзякуючы іх працы рэжым у чымсьці ўшчэмлены, што за ім назіраюць і яго дзеянні фіксуюць.

Ну, і важна тлумачыць, што беларусы павінны чытаць пра сябе на беларускіх рэсурсах, а не на расейскіх, хай нават ліберальных. Таму так важна, каб усе беларускія незалежныя медыи захаваліся і працягнулі сваю працу.

Што датычыць краудфандзінгу, хоць бы на невялікую рэдакцыю, ну, давайце паглядзім. На самым папулярным рэсурсе збору дапамогі ад чытачоў «Patreon» у аднаго з найбуйнейшых і чытаных медыящ – «Нашай Нівы» – каля 4000 еўраў данатамі штомесяц. У «Kyky» з іх моцным кам’юніці і лаяльнасцю – 1600 еўраў. А цяпер давайце згадаем еўрапейскія, ды нават беларускія заробкі і падумаем, якія рэдакцыі можна стварыць за гэтыя грошы.

– Ці атрымаецца калі-небудзь адрадзіць «той самы «The Village Беларусь»? Калі журналісты разыдуцца па іншых рэдакцыях і прафесіях, будзе складана іх сабраць назад?

– Я не думаю, што гэта можа быць «той самы «The Village». Людзі, якія ў ім працавалі, стварылі яго з нуля, надалі яму форму, асаблівы стыль, погляд, выбар тэмаў. Наўрад ці атрымаецца сабраць усіх ізноў, вырваўшы іх з новых месцаў працы. Але гэта будзе новы «The Village» – можа, лепшы за папярэдні.

Інтэрв’ю
«Беларусь перадусім». Вось што зразумеў Мікіта Мелказёраў пасля 77 вялікіх гутарак з беларусамі
2022.07.08 12:13

Алесь Наваборскі / Авер belsat.eu

Стужка навінаў