Пісалі пра Беларусь, у якой хацелі жыць, а апынуліся за мяжою. Што цяпер з Kyky.org і «The Village»


«Гарадскі сайт, у горад якога прыйшла рэвалюцыя»: так сябе апісвае «The Village Беларусь». А Kyky.org, які называе сябе лайфстайл-часопісам, пэўны час меў адрас «Перасядзент, уцякай». Дырэктарка праектаў Саша Раманава расказала, як перажылі 2020–21 гады выданні, якія калісьці называлі гіпстарскімі.

Александра Романова, директорка KYKY.org и The Village Беларусь
Саша Раманава, журналістка і дырэктарка онлайн-выданняў KYKY.org i The Village Беларусь.
Фота: НМ / Белсат

Сайт гарадскіх навінаў «The Village Беларусь» заблакавалі без тлумачэння прычынаў 12 жніўня 2020 года разам з яшчэ 70 беларускімі медыямі. У снежні 2020-га заблакавалі сайт онлайн-часопісу Kyky.org, а Telegram-канал выдання быў названы «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў верасні 2021-га. Сузаснавальнік выданняў Аляксандр Васілевіч толькі 4 лютага 2022 года выйшаў на волю, прабыўшы палітычным зняволеным з канца жніўня 2020 года.

Саша Раманава – дырэктарка кампаніі «Mint Media», што выдае «Kyky» і беларускі «The Village», – расказала «Белсату», як выданні перажылі блакаванне і вымушана працуюць з-за мяжы.

Пра што былі «Kyky» і «The Village Беларусь» да 2020 года

Да 2020 года, кажа Саша Раманава, ейная кампанія рабіла «стыльныя нішавыя выданні, якія канцэнтраваліся на лайфстайле». Kyky.org быў «лайфстайл-часопісам для разумных людзей, якія жывуць у Беларусі», а беларускі «The Village» (які, як украінскі і казахскі, працуе паводле франшызы аднайменнага расейскага) быў выданнем «для інтэлектуалаў-урбаністаў». Калі Раманава апісвае выданні, то задумваецца, ці можна яшчэ ўжываць слова гіпстарскі ў 2022 годзе.

«Ёсць такая канцэпцыя, папулярная цяпер у грамадстве, пра дзве Беларусі, – тлумачыць яна. – Беларусь дзяржаўная – усе гэтыя БелТА, «Жёлтые сливы» ды іншыя, БТ, СТВ і ОНТ. І Беларусь незалежная, якую расцілі і падтрымлівалі незалежныя СМІ.

Мы былі рупарам гэтай другой Беларусі, у якой былі цікавыя свае лакальныя беларускія героі, было кім ганарыцца і на каго арыентавацца. Нейкія гісторыі поспеху, ад беларускіх школьнікаў, якія паступілі ў Гарвард, да беларускіх прадпрымальніц у спісе «Forbes» і беларускіх стартапаў.

Рэдакцыя «Kyky.org» у 2015 годзе.
Фота: Kyky.org. Крыніца: baj.by

Мы пісалі пра такую Беларусь, у якой мы самі хацелі б жыць».

Раней пісалі толькі пра тыя палітычныя падзеі, якія беспасярэдне ўплывалі на мэтавую аўдыторыю, а на «Kyky» таксама, як згадвае Раманава, «як і ўсе, сцябалі і тролілі драндулет гэтай улады». Аднойчы ёй і галоўнай рэдактарцы Kyky.org нават давялося схадзіць у Міністэрства інфармацыі: першы намеснік міністра ведамства Павел Лёгкі запатрабаваў «прыбраць куліч з галавы Лукашэнкі» (фотажаба датычыла заяваў Лукашэнкі пра каронавірус).

У 2020 годзе выданні сталі пісаць пра палітыку значна больш. Рабілі гэта, ведаючы патрэбы аўдыторыі: Раманава кажа, што «ўсе 9 тысячаў ініцыятыўнай групы Бабарыкі – гэта нашыя ўсе людзі». З’явіўся «кантэнт, за які прылятае». Калі затрымалі Аляксандра Васілевіча, рэдакцыі пастанавілі вывозіць работнікаў з Беларусі, каб захаваць іх і паказаць Васілевічу: нічога не знікла.

Артыкулы
«Абвінавачання няма, але сутнасць ягонага перабывання ў турме ўсім зразумелая». Жонка Сашы Васілевіча – пра зняволенне мужа
2021.10.11 09:00

Саша Раманава смяецца, што канцэпцыя «дзвюх Беларусяў» спрацавала: настолькі хацелі жыць у дэмакратычнай еўрапейскай краіне, што аказаліся выгнанымі ў эміграцыю. Цяпер даводзіцца прыдумляць сабе новы спосаб існавання і шукаць, «навошта мы патрэбныя беларускаму грамадству».

Што робяць журналісты, калі Беларусь не такая, у якой ім можна жыць

«Я бачыла абвінавачанні ў «Фэйсбуку», што тыя, хто з’ехаў, не разумеюць тых, хто застаўся, – адказвае Раманава. – Я разумею, у чым рэч. Тыя два незалежныя СМІ, якія засталіся ў Беларусі, я бачу, які шлях яны для сябе выбралі, каб не трапляцца і пры тым расказваць людзям нейкія матывавальныя гісторыі, паказваць цікавыя месцы.

Ад гэтага мы адарваліся, бо напоўніцу выкарыстоўваем сваё становішча замежных СМІ, што ў бяспецы. Таму мы пішам пра палітыку, даем пляцоўку дэмакратычным сілам».

Саша Раманава ў 2017 годзе.
Фота: Суши Весла / Facebook

Яна паказвае прыклад нядаўняга інтэрв’ю з дачкой апазіцыйнага лідара Паўла Латушкі, якая «расказала даволі інтымныя рэчы са сваёй біяграфіі»: было б выданне ў Беларусі, пра дачку Латушкі не змаглі б напісаць. Дзеля гісторыяў беларусаў, якія немагчыма расказаць з тэрыторыі Беларусі, і працуюць:

«Мы не прапаганда: нам, хутчэй, цікавыя чалавечыя гісторыі, а не нейкі заклік да барацьбы.

Цяпер, калі ўсе стаміліся і ўва ўсіх дэпрэсія, нам хочацца знайсці нейкі матывавальны момант, нейкія чалавечыя гісторыі, каб падтрымаць і натхніць».

І гэтыя гісторыі змяніліся за паўтара года. З аднаго боку, праз «экстрэмісцкі» статус Kyky.org і тое, што ў «пакаянных» відэа згадваецца падпіска затрыманых на канал выдання, даводзіцца рабіць суразмоўцаў з Беларусі ананімнымі. З другога боку, праз масавую эміграцыю, выкліканую палітычным крызісам, запатрабаванымі сталіся эмігранцкія тэмы: дзе як жывецца, колькі ў якой краіне каштуе пражыць.

Як у Kyky.org і Міністэрства інфармацыі была «гонка блакаванняў»

Калі ў Беларусі заблакавалі Kyky.org, выданне проста зрабіла дамен-«люстэрка» Kyky.media. Але заблакавалі і гэты адрас.

Выданне завяло новы: Omon.wtf (англійскі скарот WTF расшыфроўваецца як «што за фігня?»), заблакавалі і яго. Потым былі адрасы Mininform.lol (LOL – «гучна смяюся»), Massandry.net (адсылка да запісу перамоваў прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант), Kykyold.org (cuckold з англійскай – муж, якому здраджвае жонка, рэдакцыя прысвяціла дамен выразе Лукашэнкі «любімую не аддаюць»), Sabachka.help (праўладны лозунг «За бацьку!» перадражнівалі: «Сабачку!»), Peresident.run («перасядзент, уцякай»), Nachesy.country («краіна начосаў» – фрызураў, папулярных у чыноўніц), Netetabletki.rip (адсылка да мему «дзед з’еў не тыя таблеткі»). Апошнім быў Samisebyazablochte.com: калі заблакавалі яго, рэдакцыя «Kyky» проста перастала рабіць новыя «люстэркі».

Саша Раманава тлумачыць: гэта была не проста гульня ў дагонкі, а асэнсаваная стратэгія. Бо на той момант далёка не ўсе чытачы ўмелі заходзіць на заблакаваныя сайты. Ужо калі «гіганты» кшталту Zerkalo.io сталі пісаць «гэты артыкул вы можаце прачытаць праз VPN», чытачы прывучыліся, а ў канцы 2020-га проста масава скардзіліся, што спасылкі не адкрываюцца.

Александра Романова, директорка KYKY.org и The Village Беларусь
Саша Раманава, журналістка і дырэктарка онлайн-выданняў Kyky.org i «The Village Беларусь».
Фота: НМ / Белсат

Выданні ўсё роўна страцілі шмат наведнікаў, штомесячныя прагляды старонак упалі з 5 мільёнаў да 500 тысячаў. Урэшце пастанавілі больш працаваць над сацыяльнымі сеткамі. Але з кожнага новага адрасу ўдалося зрабіць нагоду для навінаў на іншых выданнях, што, мяркуе Раманава, і звярнула шырэйшую ўвагу на змену адрасу ды ўздымала настрой чытачоў:

«Тады быў такі момант: калі ты гатовы быў шмат чым ахвяраваць – напрыклад, уласным трафікам, – каб дапамагчы народу Беларусі.

Калі прыгадаць той час, то гэта максімальная салідарнасць, узаемадапамога. Як маглі мы – нішавыя СМІ – мы ўзялі ўдзел ува ўсім гэтым, запомніліся. Так мы сабе гэта тлумачылі. Гэта можа наіўна гучаць цяпер, але на той момант рашэнне было такім. І лепей шкадаваць пра тое, што зроблена, чымся пра тое, што не зробленае».

Замест дэпрэсіі – чырвоныя вочы

Калі ў Аляксандра Васілевіча чынілі ператрус, менскія працаўнікі паехалі да ягонага дому і хаваліся ў кустах, калі яго выводзілі, згадвае Раманава. Потым быў складаны перыяд: не ўсе разумелі, як і навошта працягваць працаваць, з’ехаўшы ва Украіну з адною валізкаю.

Ды праца выданняў не спынялася ні на дзень, хоць не ўдалося сабраць усіх работнікаў у адной краіне. Заробкі намагаюцца плаціць своечасова, адчуваюць падтрыманне чытачоў (на «Patreon» можна асобна падтрымаць «Kyky» і асобна «The Village»). Офіс аказаўся нават не патрэбны пры наяўнасці відэасувязі.

Раманава кажа, працаўнікі праходзілі розныя станы і псіхалагічныя арэлі, але да псіхолагаў звярталіся адзінкі. Не скардзяцца, а кажуць сабе: тым, хто цяпер у турмах, цяжэй.

«У нас гісторыя такая: нам здаецца, што працагалізм, чырвоныя ад недасыпання вочы – гэта вельмі дапамагае, – распавядае Раманава. – Так робім не толькі мы, гэта трэнд беларусаў, якія з’ехалі ў 2020 годзе з палітычных матываў.

Людзі загружаюць сябе працаю максімальна, каб не думаць лішні раз пра тое, чаго табе не стае і які ты няшчасны».

Александра Романова, директорка KYKY.org и The Village Беларусь
Фота: НМ / Белсат

Ці чакаюць вяртання ў Беларусь? Раманава адказвае: усе хочуць вярнуцца, але дэдлайнаў наконт таго, калі ў Беларусі ўсё зменіцца ў лепшы бок, ніхто ўжо не ставіць, «бо наставіліся».

Цяпер даводзіцца ўжо займацца відамі на жыхарства (раней жылі на візах, якія падаўжаліся), заводзіць медычную страхоўку (іначай замежнікам трэба аддаваць сотню-другую еўраў за візіт да доктара).

«Мы б і радыя вярнуцца, але баюся, гэта не моцна залежыць ад журналістаў Kyky.org, – разважае Раманава. – Але са свайго боку мы працягваем рабіць тое, што рабілі».

Гісторыі
«Калі здымаю сюжэты ў Літве, заўсёды думаю: а ці трэба гэта тым, хто працягвае жыць у Беларусі?»
2022.02.18 12:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў