Каманда «The Village Беларусь» замарожвае праект праз адсутнасць фінансавання


Каманда некалі папулярнага выдання «The Village Беларусь» прыпыняе праект, бо не мае фінансавых сродкаў яго працягваць. Пра гэта паведамляе БАЖ са спасылкаю на галоўную рэдактарку выдання Яўгенію Сугак.

Галоўная рэдактарка гарадскога часопісу «The Village Беларусь» Яўгенія Сугак напісала 5 чэрвеня ў сваіх сацыяльных сетках, што выданне пераходзіць у сонны рэжым, а ўся каманда пакідае яго, бо няма сродкаў на працяг працы:

«Я і ўся каманда «The Village Беларусь» пакідаем яго, само выданне пераходзіць у стадыю гібернацыі праз адсутнасць фінансавання».

Выданне працавала 6 гадоў, змагалася «за зручны і вольны горад, супраць рэжыму і бязмежжа ўладаў». Да блакавання яго чыталі каля 1,5 мільёна чытачоў за месяц. Сайт і сацсеткі «The Village Беларусь» лукашэнкаўскі рэжым прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі ў канцы 2022 года.

Паводле БАЖ, гарадскі часопіс быў створаны паводле выкупленай франшызы ў расейскага выдавецкага дому «Look At Media» ў 2017-м, быў прысвечаны жыццю Менску. Аднак больш за год таму «The Village Беларусь» выйшаў з яе. Навіны на сайце не абнаўляліся з канца сакавіка 2023 года, апошні артыкул быў размешчаны 11 траўня.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў