Прэм'ер Галоўчанка спрабуе збыць у Сочы яшчэ больш трактароў ды іншай тэхнікі з Беларусі


Прэмʼер-міністр лукашэнкаўскага ўраду Раман Галоўчанка ў Сочы спрабуе дамовіцца з губернатарам Краснадарскага краю Веньямінам Кандрацьевым пра наладжванне на месцы збору аўтатрактарнай тэхнікі беларускай вытворчасці. Пакуль што справа пайшла толькі з трактарамі. Улетку пратэстуюць адзін трамвай, зроблены ў Беларусі. Пра гэта паведамляе БелТА.

Раман Галоўчанка і Веньямін Кандрацьеў, Сочы, Расея, 7 чэрвеня 2023 года.
Фота: belta.by

Раман Галоўчанка 7 чэрвеня наведаў Краснадарскі край Расеі, дзе сустракаўся з мясцовым губернатарам Веньямінам Кандрацьевым. Абмяркоўвалі эканамічную супрацу.

Кандрацьеў кажа, што гэты расейскі рэгіён зацікаўлены найперш у пастаўках беларускай пасажырскай тэхнікі – тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Аднак пастаўляць прапануе праз збор на тэрыторыі краю, што азначае выкарыстанне мясцовай працоўнай сілы і камплектавальных.

«Электробусы – гэта экалагічна чысты транспарт. Гэта важна не толькі для Сочы, мы гаворым пра ўсё ўзбярэжжа: і Анапа, і Геленджык, і Туапсэ, і Новарасійск», – патлумачыў краснадарскі губернатар.

Паводле Кандрацьева, Краснадарскі край зацікаўлены і ў пастаўках малочнай прадукцыі.

У сваю чаргу Галоўчанка расказаў, што паводле падобнай схемы ўжо пайшоў продаж трактароў, якіх сёлета збіраюцца прадаць каля тысячы штук, ёсць планы развіваць збор беларускіх трактароў у Краснадарскім краі. Збору іншай тэхнікі пакуль што не пачыналі.

«Сёння мы абмеркавалі, як інтэнсіфікаваць працу паводле такога алгарытму ў частцы пасажырскага транспарту. Гэта аўтобусы з вялікай умяшчальнасцю на газаматорным паліве. Ну і, вядома, электратранспарт. Ёсць кантракты на пастаўку тралейбусаў. У сярэдзіне лета прыбудзе беларускі трамвай на тэставую эксплуатацыю: спадзяёмся, што за гэтым пойдуць пастаўкі. Цікавасць праяўленая і да электробусаў», – расказаў Раман Галоўчанка.

Галоўчанка паведаміў, што планы абмяркоўваюцца з лістапада 2022 года, калі Кандрацьеў быў з візітам у Менску. Тады «напрацавалі дарожную мапу кірункаў супрацы». Краснадарскі губернатар быццам абяцаў забяспечыць «максімальна камфортныя ўмовы фінансаваму падтрыманню такіх праектаў». Паводле Галоўчанкі, беларускія вытворцы ў Краснадарскім краі маюць «адны з самых прывілеяваных умоваў для прамысловага збору», што дазваляе канкураваць з усімі вытворцамі. Аднак на практыцы ўсё пакуль што звялося да збору трактароў і тэставання аднаго трамвая, які прыедзе ў Сочы ў сярэдзіне лета.

Галоўчанка назваў і некаторыя паказальнікі гандлю з прычарнаморскім расейскім рэгіёнам: па выніках чатырох месяцаў тэмп росту склаў каля 150 % да адпаведнага перыяду мінулага года, нагандлявалі на $ 200 млн.

Нагадаем, што Расея і Беларусь застаюцца пад міжнароднымі санкцыямі за расейскую агрэсію ва Украіне, праз што расейскі рынак пакінулі заходнія вытворцы тэхнікі, ім шукаюць замену. Галоўны канкурэнт тэхнікі беларускай вытворчасці – тэхніка кітайскай вытворчасці.

Hавiны
Еўразвяз хоча ўключыць у санкцыйны пакет больш за 90 кампаніяў па ўсім свеце, якія дапамагаюць Расеі
2023.05.20 23:36

Пры гэтым Краснадарскі край сёння – рэгіён беспасярэдне каля тэатру баявых дзеянняў расейскай поўнамаштабнай вайны ва Украіне, цярпіць ад удараў беспілотнікаў, пасля чаго там гараць стратэгічнага значэння нафтабазы і нафтаперапрацоўчыя заводы.

Hавiны
Краснадарскі край РФ атакавалі беспілотнікі. Загарэўся нафтаперапрацоўчы завод
2023.05.31 09:37

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў