Еўразвяз хоча ўключыць у санкцыйны пакет больш за 90 кампаніяў па ўсім свеце, якія дапамагаюць Расеі


Еўразвяз распрацоўвае адзінаццаты пакет санкцыяў, у які будуць уключаныя больш за 90 кампаніяў па ўсім свеце, якія дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыйныя абмежаванні. Пра гэта нямецкаму выданню ZDF заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Сцягі Еўразвязу.
Фота: consilium.europa.eu

Еўразвяз мае сур’ёзны намер спыніць ухіленне Расеі ад санкцыяў праз замежныя кампаніі.

«У нас ёсць дакладныя доказы таго, што яны парушаюць санкцыі, то бок, пастаўляюць санкцыйныя тавары наўпрост у Расею з Еўразвязу ў абыход праз трэція краіны, – сказала старшыня Еўракамісіі. – Сярод гэтых больш чым 90 кампаніяў каля васьмі знаходзяцца ў Кітаі».

Кампаніі, зарэгістраваныя ў Кітаі, існуюць часткова на паперах і маюць уласнікаў іншай нацыянальнасці, зазначыла Урзуля фон дэр Ляен, таму Еўразвяз мае намер дзейнічаць і ў іх дачыненні.

«Гэта датычыць і ўсіх іншых кампаніяў з больш чым 90, супраць якіх мы прымяняем санкцыі», – сказала кіраўнічка Еўракамісіі.

Раней з’яўлялася інфармацыя, што ў 11 пакет санкцыяў могуць быць уключаныя кітайскія кампаніі, што пастаўляюць у Расею абсталяванне, якое можа быць выкарыстана ў вайскова-прамысловым комплексе, піша Reform.by са спасылкай на Financial Times. На той момант гаворка ішла пра 7 кампаніяў – дзве з мацерыковага Кітаю і пяць з Ганконгу.

У праекце таксама прысутнічаюць кампаніі з Арменіі, ААЭ і Сірыі.

Выданне «Важные истории» са спасылкай на расследаванне, праведзенае сумесна з нямецкім штотыднёвікам Der Spiegel і Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) распавядала, як Расея ў абыход санкцыяў штомесяц купляе праз Казахстан беспілотнікі і мікраэлектроніку на мільёны долараў.

Hавiны
ЗША вырашылі ўвесці новыя санкцыі адносна Расеі і Беларусі
2023.05.19 18:23

Новыя санкцыі ўвялі таксама ЗША – яны датычаць 46 фізічных асобаў і амаль 200 кампаніяў з Расеі і іншых краінаў.

Пра чарговы санкцыйны пакет супраць Масквы абвесціла Вялікая Брытанія. Паводле брытанскага прэм’ера Рышы Сунака, будуць забароненыя імпарт алмазаў, медзі, алюмінію і нікелю з Расеі. Таксама будуць уведзеныя санкцыі супраць 86 чалавек і кампаніяў з Расеі. Сярод апошніх – Росбанк, Тинькофф Банк, банк «ДОМ. РФ», АФК «Система», «Полюс», «Северсталь», кампаніі, звязаныя з «Росатомом».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў