«Паступова будзем мяняць». У менскім метро з’явяцца паказальнікі без беларускай лацінкі


Як сталася вядома «Белсату», у менскім метро зменяць навігацыйныя паказальнікі з беларускаю лацінкаю. Транслітарацыю выканаюць паводле новых правілаў, зацверджаных пастановаю Дзяржаўнага камітэту па маёмасці.

Менскае метро. 14 красавіка 2020 года.
Фота: minsknews.by

Табліцы з новай транслітарацыяй будуць вешаць паступова. У метрапалітэне кажуць, што вымушаныя падпарадкавацца новаму заканадаўству:

«Так, паступова будзем. Змянілася заканадаўства, таму будзем мяняць».

Праўда, пакуль яшчэ не вызначана, з якой мовы, беларускай ці расейскай, транслітаруюць назвы станцыяў і вуліцаў.

«Пакуль мы не ведаем гэтага. Гэтае пытанне яшчэ не развязанае. Толькі выйшла пастанова, таму пакуль рашэння тут ніякага не прымалі».

Цяперашнія ўлады фактычна прыдумалі сваю лацінку замест ранейшай беларускай. Пры транслітарацыі скасаваныя ўсе літары з адмысловымі знакамі: ž, š, č, ń, ĺ, ś, ŭ, ć, ź. Напрыклад, «ў» будзе перадавацца літарай «w», «ш» – спалучэннем «sh», «ч» – спалучэннем «ch».

Пастанова Дзяржаўнага камітэту маёмасці, што набыла моц 4 сакавіка, дазваляе транслітараваць геаграфічныя назвы не толькі з беларускай мовы, як было раней, але і з расейскай. Таму не выключана, што замест, напрыклад, «Kuncaŭščyna» ў менскім метро з’явіцца «Kuncevshchina», замест «Plošča Pieramohi» – «Ploshchad Pobedy», а замест «Kastryčnickaja» – «Oktjabrskaja».

Разбор
Тры алфавіты, два правапісы, унікальная Ў: топ фактаў пра беларускую мову
2023.02.21 13:26

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў