Тры алфавіты, два правапісы, унікальная Ў: топ фактаў пра беларускую мову


21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЭСКО 17 лістапада 1999 года. Такая дата была абраная таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане. Усходняя частка гэтай краіны праз колькі гадоў зрабілася незалежнай дзяржавай Бангладэш, а самі загінулыя маладзёны былі прызнаныя пакутнікамі за родную мову.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Часта кажуць, што беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай, паводле экспертаў ЮНЭСКО (праўда пацверджання гэтаму на сайце ЮНЭСКО мы не знайшлі. Выглядае, што гэта хутчэй легенда, а не факт). Гісторыкі сцвярджаюць, што беларуская мова яшчэ і самая старажытная сярод славянскіх. Яна прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і заняпаду. Былі і такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла, аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, прайшла выпрабаванні і цяпер займае сваё пачэснае месца сярод іншых моваў свету. У Дзень роднай мовы прапануем вам топ цікавых фактаў пра беларускую мову.

Даведка. Беларуская мова адносіцца да групы ўсходнеславянскіх моваў разам з расейскай і ўкраінскай. Паводле колькасці носьбітаў уваходзіць у сотню моваў свету (69-е месца). У 2019 годзе беларускую мову назвалі роднай звыш 5 млн чалавек. Гэта больш за носьбітаў літоўскай (3 млн), латышскай (1,75 млн), эстонскай (1,1 млн) і славенскай (2,5 млн) моваў.

Літаратурная беларуская мова налічвае да 500 000 словаў

Слоўнік літаратурнай беларускай мовы налічвае прыкладна 250 000–500 000 словаў. У дыялектнай мове (гэта агульная назва для гаворак людзей у пэўным рэгіёне) – каля 2 мільёнаў словаў. На тэрыторыі Беларусі існуюць сотні гаворак. Часам адрозніваюцца гаворкі не толькі суседніх вёсак, але і двух канцоў адной вёскі. Напрыклад, у пачатку вёскі могуць казаць «шапа», «пляшка», «лаўка», «калодзезь», а праз колькі хатаў – «шафа», «бутэлька», «крама», «студня».

«Прадмова» у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Прывядзем яшчэ адзін доказ багацця і разнастайнасці беларускай мовы. Расеец, да прыкладу, гаворыць: «Я люблю эту женщину. Я люблю котлеты с картошкой. Я люблю смотреть на заход солнца». У беларускай мове на гэтыя тры «люблю» ёсць тры розныя словы.

Сумесь беларускай і расейскай мовы называецца трасянкай

У прамым сэнсе слова абазначае сена нізкай якасці, якое ўтвараецца ад спалучэння сухой і свежаскошанай травы.

Беларускі філолаг Фёдар Янкоўскі вызначыў паміж беларускай і расейскай мовамі 27 фанетычных адрозненняў, 43 марфалагічныя і болей за 20 сінтаксічных. У доказ адрознення беларускай мовы ад расейскай узгадаем верш Сяргея Грахоўскага «Ветразь», дзе не ўжытае ніводнае слова, якое было б сугучнае са словам у расейскай мове.

У выpai вeтpaзь знiкae

Зa xвaляй, нiбы нa cпaчын,

І змopa ягo нe злякae,

Нe cпынiць тyгoй дaлячынь.

У змpoкy зixoткaя здpaдa

Зaвaбiць xлycнёй y вipы,

Нa зoлкy cкaнae пpынaдa

І квoлы пpaмeнь нa жвipы.

Рaптoўнa згaдaныя мpoi

У кapyнкax пяшчoтнaй тyгi

Пaвoльнa знiкaюць, як cтpoi,

У бязвaжкacцi квoлaй cмyгi.

Знiкae ўcxвaлёвaны вeтpaзь:

З кyнeгaю пiльнa caчy,

Як вoдap aздoбiў пaвeтpa,

І ў бeздaнi знiчкi лiчy.

У беларускай мове тры алфавіты

Беларуская пісьменнасць налічвае 10 стагоддзяў. Сярод першых пісьмовых помнікаў не толькі летапісы, але і графіці XI–XII стст., якія вернікі пакінулі пакінулі на сценах цэркваў. Пісаць жа па-беларуску можна ў трох алфавітах: беларуская лацінка, кірыліца і арабская вязь.

Кірыліца пачала ўжывацца ў час існавання старабеларускай мовы – у XIV ст. Ёй пісаліся статуты ВКЛ, дзяржаўныя пагадненні, лісты, судовыя дакументы. У 1517 г. Францішак Скарына на кірыліцы выдаў «Псалтыр» ды іншыя кнігі Бібліі. Дарэчы, мы атрымалі Святое пісанне на сваёй мове (1517–1525) раней за англічанаў (1611), французаў (1530) і расейцаў (1564). У нашыя дні гэта самы масавы варыянт алфавіту. Працытуем выказванне Францішка Скарыны пра мову:

«Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў».

У XVI ст. з’явілася лацінка. Кастусь Каліноўскі друкаваў сваю «Мужыцкую праўду» беларускай лацінкай. Ёй актыўна карысталіся беларускія літаратары XIX ст. Сярод іх – Францiшак Багушэвiч, аўтар прарочага звароту да суайчыннікаў «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Той люд жыве, што свае песні мае».

На пачатку XX ст. кірылічны і лацінскі алфавіты суіснавалі. Гэтак, пэўны час газета «Наша Ніва» друкавала тэксты на дзвюх графічных сістэмах, каб усе беларусы разумелі напісанае, таму што каталікі звыклі да лацінкі, а праваслаўныя разумелі толькі кірыліцу.

Цяпер лацінка ўжываецца ў тапаніміцы – назвах геаграфічных аб’ектаў. У 2007 г. Міжнародны камітэт ААН зацвердзіў беларускую лацінку для афіцыйнага ўжытку ў тапаніміцы. І яе можна вельмі проста знайсці: назвы станцыяў метро ў Менску, напрыклад, напісаныя беларускай лацінкай, а не па-англійску.

Назвы станцыяў метро ў Менску напісаныя беларускай лацінкай. Крыніца: citydog.io

Трэцяя графічная сістэма – арабская вязь. З XIV ст. на Беларусі пачалі сяліцца татары, якія трапілі ў палон падчас набегаў Арды. Паступова яны асіміляваліся, і ў выніку з’явіліся кітабы – кнігі, напісаныя па-беларуску арабскай вяззю.

Беларуская мова існуе ў двух правапісах

У 1918 г. мовазнаўца і грамадска-палітычны дзеяч Браніслаў Тарашкевіч выдаў «Беларускую граматыку для школ» кірыліцай і лацінкай. Гэта была першая практычная граматыка. Пэўныя яе недахопы дапрацоўваў у сваёй граматыцы Язэп Лёсік. Распрацаваны ім правапіс называецца класічным, іншая назва – тарашкевіца. З 1933 г. у выніку русіфікацыі замацавалася так званая наркамаўка. Гэты правапіс рэфармаваўся двойчы: у 1956-м і ў 2008-м. Апошнім варыянтам мы карыстаемся сёння.

Толькі ў беларускай мове ёсць літара Ў

Хоць гук у вымаўленні існуе здаўна, адмысловую літару Ў прыдумалі толькі ў сярэдзіне ХІХ ст. Гэтая адметнасць беларускай мовы ўвасобленая ў помніку, які стаіць у Полацку. Ля падножжа скульптуры выбітыя радкі з вершу народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».

Тры стагоддзі беларуская мова была дзяржаўнай у ВКЛ

З XIV ст. і да 1696 г. беларуская мова была афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага. Працытуем выбітнага дзяржаўнага дзеяча і дыпламата ВКЛ Льва Сапегу:

«Не чужой якой мовай, але сваёй уласнай законы пісаныя маем і на любую крыўду адпор сваімі законамі дадзім».

Пасля аб’яднання ВКЛ і Каралеўства Польскага ў 1569 г. беларуская мова паступова знікла з афіцыйнага ўжытку. З 1696 г. справаводства Рэчы Паспалітай было пераведзенае на польскую мову, а беларуская мова ўжывалася ў побыце.

Некаторы час беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі

У 1990 г. быў прыняты закон «Аб мовах», згодна з якім беларуская мова прызнавалася адзінай дзяржаўнай мовай незалежнай Рэспублікі Беларусь. Але пасля рэферэндуму 1995 г. статус дзяржаўнай набыла і расейская мова. У выніку адбылася татальная русіфікацыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: nashaniva.com

Беларускай мовы не хапае ў штодзённасці

У паўсядзённых зносінах ёй карыстаецца малы адсотак насельніцтва. Згодна з перапісам 2019 г., 61,2 % беларусаў лічаць беларускую мову роднай, аднак у побыце ⅔ беларусаў размаўляюць па-расейску. У Беларусі катастрафічна мала беларускамоўных класаў у школе, а вышэйшай адукацыі на беларускай мове няма наогул.

СП belsat.eu

Стужка навінаў