Улады прыдумалі сваю беларускую лацінку. «У нескладовае» цяпер – не «ŭ», а «w»


На Нацыянальным прававым партале апублікавалі пастанову Дзяржаўнага камітэту па маёмасці «Аб перадаванні найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моваў на іншыя мовы». Ад традыцыйнай беларускай лацінкі цяперашнія ўлады адмовіліся і выдумалі сваю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чыгуначны вакзал.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Цяпер пры транслітарацыі геаграфічных назваў не будуць выкарыстоўвацца літары са знакамі, якія называюцца гачыкамі: ž, š, č, ń, ĺ, ś, ŭ, ć, ź. «Ж» будзе перадавацца як Zh, «ш» – sh, «ч» – ch, «ў» – w, «х» – h. H раней – «г», «г» цяпер – g. Літары ń, ś, ć, ź, якія ўказваюць на мяккасць гука, цалкам прыбралі.

Паводле старых правілаў, напрыклад, Шчучыншчына пішацца Ščučynščyna. Цяпер – Shchuchynshchyna. Лепель цяпер Liepiel замест Liepieĺ, а Вародзькаў – Varodzkaw замест Varodźkaŭ. Больш не Plošča Pieramohi, а Ploshcha Pieramogi.

«Пры стварэнні картаграфічных і іншых твораў на замежных мовах, прызначаных для міжнароднага выкарыстання, транслітарацыя найменняў геаграфічных аб’ектаў Рэспублікі Беларусь даецца толькі з іх беларускай формы напісання», – гаворыцца ў прававым дакуменце.

Пастанова таксама прадугледжвае, што дазваляецца транслітараваць назвы не толькі з беларускай мовы, але і з рускай. Такім чынам, не выключана, што замест, напрыклад, «Kuncaŭščyna» у менскім метро з’явіцца «Kuncevshchina», замест «Plošča Pieramohi» – «Ploshchad Pobedy», а замест «Kastryčnickaja» – «Oktjabrskaja».

Навошта спатрэбілася змяняць транслітарацыю, у пастанове не тлумачыцца. Пры гэтым пазначана, што новыя правілы ўзгодненыя з МУС, МЗС, Мінкультуры і Нацыянальнай акадэміяй навук.

Раней у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі казалі, што на беларускую лацінку нібыта скардзяцца грамадзяне. «Паступаюць асобныя звароты грамадзянаў у гэтым пытанні, ім не ўсё зразумела», – гаварыў кіраўнік установы Ігар Сяргеенка. Барацьбу супраць адной з формаў беларускага пісьменства вяла і гарадзенская «інфаспецназаўка» Вольга Бондарава.

Hавiны
Ідэолагі хочуць пазбавіцца беларускай лацініцы ў напісанні тапанімічных назваў
2022.12.08 22:07

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў