Беларускім і расейскім тэнісістам дазволілі ўдзел у Алімпіядзе ў нейтральным статусе


Міжнародная федэрацыя тэнісу пастанавіла дапусціць да Алімпіяды ў Парыжы спартоўцаў з Беларусі і Расеі. Такім чынам, на Гульнях могуць выступіць Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка, хаця і ў нейтральным статусе.

Арына Сабаленка на фотасесіі пасля перамогі на «Australian Open». Мельбурн, Аўстралія. 28 студзеня 2024 года.
Фота: AustralianOpen / X.com

Заяву пра допуск прадстаўнікоў Расеі і Беларусі Міжнародная федэрацыя тэнісу апублікавала на сваім сайце.

«Міжнародны алімпійскі камітэт і Міжнародны паралімпійскі камітэт дазволяць кваліфікаваным спартоўцам з расейскімі і беларускімі пашпартамі ўдзельнічаць у Гульнях 2024 года ў Парыжы ў якасці індывідуальных нейтральных спартоўцаў. Міжнародная федэрацыя тэнісу пацвярджае, што тэнісісты з гэтых краінаў будуць дапушчаныя да спаборніцтваў у індывідуальнай і нейтральнай якасці», – паведаміла арганізацыя.

Там адзначылі, што іх пастанова «супадае з пазіцыяй бальшыні міжнародных федэрацыяў» і «адпавядае існай міжнароднай тэніснай палітыцы».

Такім чынам, Арына Сабаленка (другая ракетка свету) і Вікторыя Азаранка (трыццатая ў рэйтынгу) могуць выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы.

Пасля пачатку вайны ва Украіне Міжнародная федэрацыя тэнісу асудзіла расейскае ўварванне і прыпыніла сяброўства нацыянальных тэнісных федэрацыяў Беларусі і Расеі.

Агляд
Як спартоўцы з Беларусі прабіваюцца на міжнародную арэну?
2024.02.08 15:41

6 сакавіка сталася вядома, што паралімпійцам з дзвюх краінаў дазволілі ўдзел у Паралімпіядзе ў нейтральным статусе. Спартоўцам давядзецца прайсці правяранне наконт падтрымання вайны ва Украіне і таго, ці не былі яны нанятыя на вайсковую службу.

Летась у снежні МАК дазволіў удзел спартоўцаў з Беларусі і Расеі ў парыжскіх Гульнях – індывідуальна, без гімнаў і сцягоў. Нацыянальны алімпійскі камітэт нашай краіны назваў гэтую пастанову дыскрымінацыйнай.

Аб’ектыў
Іван Ціхан прапануе беларусам не ехаць на Алімпіяду
2024.02.08 20:47

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў