Узначаліць Еўрапейскую раду можа прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан


Калі цяперашні прэзідэнт Еўрапейскай рады Шарль Мішэль сыдзе ў адстаўку, замяніць яго можа прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан – такое меркаванне выказвае выданне Politico.

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан.
Фота: miniszterelnok.hu

Упершыню прэзідэнт Рады пакідае пост датэрмінова. Шарль Мішэль мусіў узначальваць Раду да канца лістапада 2024 года, аднак ён вырашыў балатавацца на выбарах у Еўрапарламент, якія адбудуцца 6 – 9 чэрвеня ў 27 краінах Еўразвязу. Калі Мішэля абяруць у парламент, ён зойме свой новы пост у сярэдзіне ліпеня, а пасада прэзідэнта Рады Еўразвязу стане вакантнай.

Паводле Politico, калі лідары Еўразвязу да адстаўкі Шарля Мішэля ў ліпені не дамовяцца пра пераемніка, старшынства ў Еўрапейскай радзе часова пяройдзе да Віктара Орбана як лідара краіны, якая будзе старшынстваваць у Радзе ЕЗ на ратацыйнай аснове з ліпеня па снежань 2024 года. Па меркаванні аўтараў Politico, большасць лідараў краінаў ЕЗ будуць імкнуцца не дапусціць такога сцэнару.

Пасля парламенцкіх выбараў лідары ЕЗ сустрэнуцца 17 і 27 – 28 чэрвеня. Імаверна, на гэтых сустрэчах яны будуць імкнуцца прыйсці да пагаднення датычна новага прэзідэнта Еўрапейскай рады.

Агляд
Манеўр (без) Орбана. Украіну запрасілі ў Еўразвяз, але грошай пакуль не далі
2023.12.15 17:35

Вугоршчына ўсё больш скандальнымі метадамі падрывае адзінства Еўразвязу. Віктар Орбан на нядаўнім саміце пайшоў на адкрыты шантаж Брусэлю сваім накладаннем вета на вылучэнне фінансавай дапамогі Украіне.

Еўрапарламент лічыць Вугоршчыну электаральнай аўтакратыяй. Вугоршчына за часоў кіравання Орбана часта канфліктуе з Еўразвязам (напрыклад, цяпер блакуе транш дапамогі Украіне памерам паўмільярда еўраў з прычыны трапляння вугорскага банку «OTP» у спіс тых, што вядзе бізнес з Расеяй). Орбана нямала крытыкавалі ў Еўразвязе за сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, а Злучаныя Штаты выказвалі занепакоенасць сустрэчаю з «чалавекам, адказным за ваенныя злачынствы ва Украіне» (улады Вугоршчыны не лічаць Пуціна злачынцам, пра тое ж кажа і Орбан).

Таксама Вугоршчына трымае сувязі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі: сёлета прымала з візітам міністра замежных справаў.

Аналітыка
«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі
2023.10.25 19:40

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў