Прыгожын у Расеі, а вагнэраўцы будуць бараніць Беларусь. Што распавёў журналістам Лукашэнка


Ранкам 6 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вырашыў выступіць перад прадстаўнікамі замежных медыяў, «са многімі з якіх ужо добра знаёмы». Ягоны выступ не транслявалі жыўцом, але яго пераказвала дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА і ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі. Выступ трываў тры з паловай гадзіны. Сцісла перадаем галоўнае.

Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі замежных медыяў
Аляксандр Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі замежных медыяў. Менск, Беларусь. 6 ліпеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

З якімі менавіта журналістамі сустракаецца Аляксандр Лукашэнка, не ўдакладняецца. Але «Пул первого» сцвярджае, што гэта «найбуйнейшыя СМІ» са Злучаных Штатаў, Расеі, Аб’яднанага Каралеўства, Францыі, Саудаўскай Аравіі, Катару і Беларусі, і гэта «тыя, хто актыўней за іншых цягам папярэдніх тыдняў прасілі аб інтэрв’ю». Лукашэнка прапанаваў ім зладзіць не прэс-канферэнцыю, а «гутарку».

Лукашэнка распавядаў нямала таго, што кажа звычайна: «міжнародны парадак знішчаны», «мы не жывем нават паводле паняткаў», «нас чакае сыход ад аднапалярнасці», «Еўропы няма – яна пад нагамі ЗША», «Захад ніколі нічога не прызнаваў і не прызнае», «рашэнні ЗША камедыйныя», «свет проста ашалеў, звар’яцеў», «Польшча хоча захапіць захад Украіны», «ніякага суверэнітэту я нікому не аддаваў», «я не трымаюся за ўладу», «непаседы Дуда і Зяленскі не пакінуць Беларусь у спакоі»…

А вось што важнага ён сказаў.

Прыгожына няма ў Беларусі. «Пытанне не да мяне», – заявіў Лукашэнка, бо «гэта расейская кампанія». Але лідар мяцежных баевікоў групы Вагнэра Яўгеній Прыгожын не ў Беларусі, а ў расейскім Санкт-Пецярбурзе або «зранку ў Маскву паехаў». Лукашэнка сцвярджае, што 5 ліпеня стэлефаноўваўся з Прыгожыным, а той сказаў, што «мы будзем працаваць на карысць Расеі і будзем выконваць свой доўг да канца». Пра перамовы з Прыгожыным, запэўнівае Лукашэнка, ён ні з кім не кансультаваўся, у тым ліку з Кітаем.

Лукашэнка чакае, што вагнэраўцы будуць яго бараніць. Рызыкаў ад іх размяшчэння ў Беларусі ён не бачыць. «Гэта не той выпадак, якім мяне з усіх бакоў намагаюцца напружваць», – загадкава адзначыў Лукашэнка. Ён сказаў, што яго «не турбуе» тое, што ў Беларусі будзе размешчаная «пэўная колькасць» баевікоў «на пэўных умовах». Галоўная ўмова – каб яны маглі быць задзеяныя «дзеля абароны дзяржавы». Цяпер баевікі групы Вагнэра «ў сваіх лагерах», дзе яны былі «на аднаўленні» пасля вывядзення з фронту (магчыма, гаворка пра тэрыторыю Расеі або акупаваныя тэрыторыі Украіны, але наўпрост гэта не было сказана). Калі баевікі захочуць размясціцца ў Беларусі, Лукашэнка хоча падпісаць з імі кантракт і вызначыць законам або сваім указам межы, у якіх вагнэраўцы будуць дзеяць. Паказаць заходнім журналістам лагеры баевікоў Лукашэнка прапанаваў у абмен на тое, што яму пакажуць лагеры «французскага легіёну» (калі гаворка пра Замежны легіён, Légion étrangère, то з яго дзейнасці не робяць сакрэту).

«Я не думаю, што „Вагнэр“ недзе паўстане і паверне сваю стрэльбу супраць беларускай улады і беларускай дзяржавы. У жыцці ўсякае бывае. Але я сёння не бачу такой сітуацыі», – сказаў Лукашэнка.

Баевікам сапраўды прапанавалі лагер пад Асіповічамі. Нягледзячы на спадарожнікавыя здымкі, якія паказваюць стварэнне намётавага лагеру ў Цэлі пад Асіповічамі, Лукашэнка сцвярджае, што «лагераў мы не ўзводзім», але групе Вагнэра сапраўды прапанавалі «некалькі былых вайсковых мястэчак», у тым ліку пад Асіповічамі. Баевікі, кажа Лукашэнка, пагадзіліся, але маюць «іншае бачанне размяшчэння, натуральна, пра гэта бачанне я вам не скажу», таму пытанне яшчэ не вырашанае. Будуць вагнэраўцы ў Беларусі ці не, яшчэ невядома, але калі захочуць, іх пусцяць. У бліжэйшы час Лукашэнка хоча сустрэцца з Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць тэму баевікоў, а Пуцін не збіраецца «замачыць» Прыгожына. Узброеныя сілы Беларусі, кажа Лукашэнка, не саступаюць «вагнэраўцам», але баевікі перададуць беларусам досвед у тактыцы і баявых дзеяннях.

Ядравую зброю нібыта ўжо прывезлі ў Беларусь. Лукашэнка зноў і зноў заяўляе, што расейская ядравая зброя ўжо ў Беларусі. Пацверджанняў гэтаму не было. Цяпер Лукашэнка кажа, што «пэўная колькасць ядравых боегаловак перамешчаная на тэрыторыю Беларусі», «па зямлі мы ядравыя боегалоўкі не перамяшчалі», яны «пад надзейнай аховай», «большая частка ўжо перасунутая», «да канца года дакладна, а я думаю, значна раней, цалкам перасунем боегалоўкі, прызначаныя для гэтага». Пра ядравую зброю ён кажа так, нібы яе перадалі яму ў карыстанне, хоць Расея настойвае, што захавае кантроль над зброяй. Лукашэнка абяцае «нікога не атакаваць» ядравай зброяй, калі не захоча або ён сам, або народ, або дзяржава.

Ужыванне ядравай зброі Лукашэнка дапускае. Кажа, «калі вы ўчыніце агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе імгненны», «рукі развязаныя» для выкарыстання ядравай зброі. Але калі Расея вырашыла б ужыць ядравую зброю з тэрыторыі Беларусі, Лукашэнка ўпэўнены, што «са сваім найбліжэйшым саюзнікам яна параілася б». Падрывам Запарожскай АЭС (аб такіх планах Расеі заяўляе Украіна) «вайну не завершыш», лічыць Лукашэнка, а ядравы ўдар Расеі па Украіне «цалкам магчымы, але не патрэбны». А тое, што кіраўнік Кітаю Сі Цзінь Пін папярэдзіў Пуціна аб непрымяненні ядравай зброі, «гэта фэйк, гэта хлусня».

Мяцеж Прыгожына не аслабіў Пуціна, запэўнівае Лукашэнка. Падчас таго, як баевікі бесперашкодна захоплівалі расейскія гарады, «ніякага хістання не было, Пуцін займаўся сваімі пытаннямі». Але ў час мяцяжу Беларусь была гатовая выслаць спецназ на абарону Масквы, прыводзіла сваё войска ў боегатовасць. А што Пуцін называў баевікоў здраднікамі, дык тое была «першая рэакцыя ранкам у суботу», і потым ацэнкі «можа, і не змяніліся, але сталі значна мякчэйшыя».

Удзел або няўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года Лукашэнка яшчэ «не планаваў». На пытанне аб тым, якой Беларусь будзе пасля яго, Лукашэнка сказаў, што «не задумваецца аб тым, што будзе далей» пасля яго, але калі будзе жывы пасля прэзідэнцтва, то будзе рабіць «усё ў любой ролі, каб у Беларусі быў свой лёс». І сказаў, што не ён вырашае, быць яму ва ўладзе ці не быць.

«Вы павінны ўжо папрасіць прабачэння перада мной. Ніякі я не дыктатар. А калі і дыктатар, дык не апошні. Я працую, а не паную. Так вырашыў народ, – кажа Лукашэнка, які раней неаднаразова прызнаваў сябе дыктатарам. – Улада не дадзеная дзеля таго, каб яна валялася ў гразі».

Лукашэнка дзіўна адказаў на пытанне пра магчымы напад вагнэраўцаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Журналіст BBC Стыў Розэнбэрг, які некалі ўгаварыў Лукашэнку прызнаць збіванне мірных пратэстоўцаў, на сустрэчы 6 ліпеня спытаў пра тое, ці гатовы Лукашэнка дазволіць баевікам групы Вагнэра выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну. Лукашэнка адказаў: «Мы ніколі ні на кога не нападалі. І з нашай тэрыторыі ніхто нападаць не збіраецца». Канал «Пул первого» вылучыў слова «нападаць» вялікімі літарамі. Пры тым не сакрэт, што расейскі напад на Украіну адбываўся з тэрыторыі Беларусі, і Лукашэнка сам прызнаваў свой саўдзел у нападзе. А сілавікі з Беларусі запэўнівалі Украіну, што нападу з боку Беларусі не будзе, – за дзень да нападу.

Зяленскі «канчаткова зразумеў, што не пераможа ў вайне», лічыць Лукашэнка. На ягоную думку, раней у прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага «з’явіліся крылы», а цяпер контрнаступ нібыта «нічым не скончыўся, акрамя гібелі тысяч і тысяч людзей», бо «атакавалі ў лоб» (насамрэч, не), таму цяпер той нібыта «робіць крокі, каб выйсці з гэтага стану». Пры тым сам Лукашэнка прызнае, што ва Украіны ёсць яшчэ немалыя рэзервы і найлепшыя падраздзяленні, не задзеяныя ў наступе. Ён чакае, што да саміту NATO ў Вільні, які пачнецца 11 ліпеня, Украіна «мусіць нешта прадэманстраваць». А Расея сёння – да завяршэння ўкраінскага наступу – з Украінай «можа размаўляць і дасягаць мірных пагадненняў», ды па завяршэнні наступу «сітуацыя зменіцца», а Украіна гэтага «не бачыць і не разумее», мяркуе Лукашэнка. Але Зяленскі, кажа Лукашэнка, хоча працягваць вайну да поўнага вызвалення тэрыторыі Украіны, а да перамоваў з Расеяй «Еўропа гатовая», найбольш зацікаўленая Францыя, шмат якія краіны прапануюць сябе пасярэднікамі, але «я сябе пасярэднікам ніколі не лічыў». Перамовы, прагназуе Лукашэнка, могуць пачацца «не ў верасні, крыху пазней». А калі ўкраінскі наступ праваліцца і паўднёвая групоўка будзе знішчаная, фантазіруе Лукашэнка, то Расея можа нанесці контрудар на поўдні, дайсці аж да Прыднястроўя – і тады «з дзяржаўнасцю Украіны пытанне будзе вырашанае».

Лукашэнка баіцца беспілотнікаў і ўласнай ліквідацыі, а саўдзел у выкраданні дзяцей адмаўляе. Ён расказаў, што «з сучаснымі тэхналогіямі знішчыць чалавека ці групу людзей, нават вельмі ахоўваных, не складае праблемаў», згадаў выкарыстанне дронаў у вайне ва Украіне. Ад гэтага ён перайшоў да таго, што яго з Пуціным прадстаўляюць свету «нейкімі варварамі, якія выкрадаюць людзей, дзяцей і ядуць іх». Саўдзел у выкраданні Расеяй украінскіх дзяцей ён адмаўляе: кажа, дзяцей з Данбасу вывозілі «дзеля ратавання», «некаторых з бацькамі».

«Лукашэнку ў Гаагу… За што? – пытаецца Лукашэнка. – За тое, што ён крадзе людзей. Мы нікога не крадзем. Гэта проста варварства з боку Захаду. Што вы мяне папракаеце, што я клічу гэтых небаракаў, каб яны адпачылі і падлячыліся!»

Што яшчэ распавёў Лукашэнка. На саміт ААН у верасні без Пуціна ён не паедзе. Зробім усё, каб манахі з Кіева-Пячэрскай лаўры знайшлі прытулак у Беларусі. У міжнароднай інтэграцыі бяда ў тым, што калі ідзем, то вельмі нясмела. За Расеяй будучыня планеты, Расея пераможа Украіну ў вайне.

Што гэта ўсё значыць?

У каментары «Белсату» палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст кажа, што пабачыў у выступе Лукашэнкі два пасланні. Захаду – «не чапайце мяне, а калі будзеце чапаць, адказ будзе вельмі жорсткі». Расеі – «я выконваю свае абавязкі, якія я ўзяў на сябе, і я буду кантраляваць „вагнэраўцаў“, калі яны з’явяцца ў Беларусі».

Палітычны аглядальнік праекту @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі кажа «Белсату», што галоўнымі тэмамі былі ядравая зброя і вагнэраўцы. Пытанні стаялі востра, Лукашэнка мусіў на іх адказваць, але адказы атрымаліся не пераканаўчыя і не на ягоную карысць. На думку Класкоўскага, гучала так, нібы Лукашэнка цяпер мусіць прызнаваць, што выкарыстаны Крамлём і мусіць чакаць, што з вагнэраўцамі і ядравай зброяй вырашыць Масква.

Абодва аналітыкі лічаць, што блытаніна ў выказваннях пра ядравую зброю можа быць наўмысная, каб пужаць Захад. Класкоўскі ўпэўнены, што Лукашэнка дакладна ведае, ці сапраўды зброя ўжо ў Беларусі. А Дракахруст падкрэслівае, што элемент няпэўнасці – частка дзеяння ядравай зброі, якім карыстаюцца ядравыя дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня выступаў перад вайскоўцамі і падрабязна апісаў сваю версію падзеяў у мяцяжы Прыгожына і вагнэраўцаў. Паводле яго, гэта ён угаварыў Прыгожына развярнуцца на паўдарогі да Масквы, чым уратаваў Расею ледзьве не ад грамадзянскай вайны. Лукашэнка заявіў, што гэта ён запрасіў баевікоў у Беларусь і дазволіў ім размясціцца ў закінутай вайсковай частцы, а міністр абароны Беларусі нібы хацеў бы скарыстацца досведам баевікоў.

Абноўлена
Лукашэнка ў час мяцяжу Прыгожына рыхтаваўся бараніцца ад Захаду і каліноўцаў
2023.06.27 12:16
Hавiны
«Хвілін 30 матам размаўляў», – Лукашэнка распавёў, як нібыта мірыў Прыгожына з Пуціным
2023.06.27 18:28
Hавiны
Лукашэнка сказаў не баяцца баевікоў Групы Вагнэра – хоча скарыстацца іхным досведам
2023.06.27 16:02
Hавiны
Лукашэнка падзякаваў сем’ям вайскоўцаў: мяцеж Прыгожына ўспрынялі «з разуменнем і энтузіязмам»
2023.06.27 15:38
Інтэрв’ю
А вагнэраўцы прыедуць? Мы патэлефанавалі ў КДБ – і нас не супакоілі, а сказалі слухаць Лукашэнку
2023.07.04 22:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў