Пяскоў патлумачыў, хто будзе кантраляваць ядравую зброю ў Беларусі


Дакладнай інфармацыі пра тое, хто будзе кантраляваць тактычную ядравую зброю ў Беларусі, пакуль няма. Аднак прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заклікаў арыентавацца на заявы расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна: раней той заявіў, што Расея не перадае Беларусі сваёй ядравай зброі, а толькі размесціць яе на тэрыторыі нашай краіны. Такім чынам, верагодна, кантроль над ёю будзе мець расейскі бок.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Крыніца: kremlin.ru

«Я прапаную вам арыентавацца на тлумачэнні Уладзіміра Пуціна, якія ён зрабіў у інтэрв’ю Паўлу Зарубіну. Ён пра гэта там казаў, проста перачытайце», – сказаў Пяскоў, адказваючы на пытанне пра тое, хто з краінаў будзе кантраляваць тактычную ядравую зброю, перададзеную Беларусі.

Аднак дакладнага адказу тады не было. У тым інтэрв’ю прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў: Масква і Менск дамовіліся, што, не парушаючы міжнародных абавязкаў, размесцяць тактычную ядравую зброю ў Беларусі. Пуцін патлумачыў, што Расея не перадае Беларусі сваёй ядравай зброі, а робіць тое, што рабілі ЗША дзесяцігоддзі. Паводле яго, будаўніцтва сховішча для тактычнай ядравай зброі ў Беларусі скончаць 1 ліпеня.

Таксама прадстаўнік Расеі на Радзе бяспекі ААН 31 сакавіка заявіў, што ядравая зброя ў Беларусі будзе пад расейскім кантролем. Яе размяшчэнне ён матываваў неабходнасцю гарантаваць «бяспеку Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі».

Аднак 31 сакавіка, адказваючы на пытанні запрошаных на Пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кіраваць усім, што ёсць на тэрыторыі краіны, будзе беларускі бок:

«Усё будзе паводле закону і паводле правілаў. Бескантрольнай зброі ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут».

Расейскі пасол у Беларусі Барыс Грызлоў 2 красавіка таксама выказаўся наконт размяшчэння ядравай зброі ў нашай краіне. Ён заявіў, што яна «будзе каля заходніх межаў Саюзнай дзяржавы».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў