Анатоль Котаў пра смерць сярод чынавенства: Фактычна ў небяспецы кожны


З’явілася інфармацыя наконт прычыны смерці міністра транспарту і камунікацыяў Аляксея Аўраменкі.  Аб’яднанне «BYPOL» са спасылкаю на ўдзельнікаў плану «Перамога» заявіла, што чыноўнік учыніў самагубства. Пра тое, чаму мужчына пайшоў на такі крок і ці выглядае гэтая справа дзіўна на фоне іншых раптоўных смерцяў сярод чынавенства, у жывым эфіры «Белсату» распавёў Анатоль Котаў, палітолаг і былы работнік адміністрацыі Лукашэнкі .

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Адзінае, што можна сказаць аб прычыне смерці, што ён не пайшоў з жыцця з натуральных прычынаў. І крыніца, якая гэта пацвердзіла сёння, – сам Лукашэнка. Бо, калі была вось гэтая прэс-канферэнцыя тры з паловаю гадзіны, ён два разы паўтарыў: загінуў».

Анатоль Котаў падкрэслівае, што шэраг смерцяў сярод чынавенства нельга называць суіцыдамі, бо гэта не пацверджаны факт, але іх усё ж нельга лічыць смярцямі з натуральных прычынаў:

«Трэба разумець, што ўсе лукашэнкаўскія чыноўнікі, я не тое кажу, што мне іх шкада, але яны штодня фактычна з 2020 года працуюць не проста ў стрэсе, а ў нейкім звышнапружаным становішчы. І, вядома, кожны там – гэта асобная парода людзей – нейкім чынам прызвычайваецца не рэагаваць на штодзённыя прачуханкі ці ад Лукашэнкі, ці ад прэм’ера, ці ад калегаў нейкія падставы, інтрыгі ў кулуарах. Але ўсё роўна гэта адбіваецца на здароўі і на псіхічным стане».

Белорусы провели акцию у посольства Беларуси в Варшаве
Прадстаўнік НАУ Анатоль Котаў. Варшава, Польшча. 21 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Таму палітолаг мяркуе, што гэта не дзіўна, калі чыноўнікі не вытрымліваюць, бо калі на чалавека ціснуць увесь час, то ён можа «зламацца». Але тое, што яны працягваюць працаваць на сваіх пасадах, не маючы ніякіх «вельмі каштоўных плюшак», – іхны свядомы выбар.

Чыннікамі ж такога ціску з боку рэжыму Анатоль Котаў называе не толькі палітычныя праблемы, але і карупцыйныя – цяжка цяпер уявіць, каб нехта ў гэтай сферы «застаўся чыстым»:

«Але гэта не той матыватар, каб нейкім чынам абарваць жыццё, што па цябе прыйдуць. Усе лукашэнкаўскія чыноўнікі ведаюць, што за імі штодня могуць прыйсці. І цяпер гэтая практыка проста ўкараняецца вельмі добра, вельмі цяжка будзе знайсці чалавека на больш-менш сур’ёзнай пасадзе, у якога не было б за сабою крымінальнай справы. Хаця б прыпыненай. Бо гэта адзін са спосабаў, які фактычна застаўся ў руках Лукашэнкі, каб трымаць лаяльнасць. Гэта «тэчкі лаяльнасці», якія не дазваляюць людзям сысці з сістэмы, бо сыход будзе азначаць турму».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік КДБ Беларусі. Крыніца: Sputnik

Калі палітолаг працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі, амаль на кожнага набліжанага да ўлады міністра існавала «тэчка лаяльнасці», якая нагадвала, што няхай ён цяпер і вельмі блізкі, але гэта нічога не значыць.

«Фактычна ў небяспецы кожны», – мяркуе Анатоль Котаў. Для стварэння атмасферы страху і ціску на чынавенства ў сённяшніх умовах не патрэбныя дадатковыя механізмы кшталту «эскадронаў смерці», бо хопіць ГУБАЗіКу ці КДБ, іншых спецслужбаў, якія фактычна з дазволу дзяржавы выконваюць гэтую функцыю, падкрэслівае суразмоўца.

Не дзеля застрашвання чынавенства запрошаныя ў Беларусь і вагнэраўцы, адзначыў палітолаг. Наймітаў Прыгожына ён лічыць пагрозаю для рэжыму, бо той не ў стане іх кантраляваць, кантроль наймітаў можа быць толькі грашовы, а ў Лукашэнкі такіх рэсурсаў цяпер няма.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў