Кіраўнік «эскадрону смерці» Паўлічэнка: Трэба выкарчаваць сілавікоў, якія адсядзеліся ў 2020-м


Былы кіраўнік брыгады спецназу Унутраных войскаў МУС Беларусі Дзмітрый Паўлічэнка заклікаў правесці чыстку тых супрацоўнікаў сілавых органаў, якія ў 2020 годзе бралі бальнічны альбо адпачынак. Пра гэта ён заявіў у інтэрвʼю тэлеканалу СТВ. 

Дзмітрый Паўлічэнка. Здымак з відэа: СТВ / YouTube

Дзмітрый Паўлічэнка заклікаў «знайсці і выкарчаваць» усіх супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія ў жніўні 2020 года ўзялі адпачынак альбо бальнічны. Апроч таго, былы камандзір брыгады спецназу і чалавек, якога вінавацяць у стварэнні «эскадрону смерці», выказаў сваё стаўленне да тых сілавікоў, якія сталі на бок народу.

Былы камандзір брыгады спецназу Унутраных войскаў МУС мяркуе, што сілавікі, якія бралі бальнічны альбо адпачынак у 2022 годзе, павінны быць знойдзеныя і выкарчаваныя, бо іхны ўчынак «горшы за здраду»:

«Ёсць свае баявыя сябры, але ёсць вось гэтае прамежкавае звяно, якое ні вашым ні нашым. Гэта яшчэ горш за здраду. Тыя, хто адсядзеў, тыя, хто чакаў. Ага, хто ўсё ж у гэтай сітуацыі выжыве? На жаль, такіх таксама быў не адзін дзясятак, і трэба іх знаходзіць, выкарчоўваць і ставіць на месца».

Паўлічэнка таксама выказаўся пра беларускіх сілавікоў, якія выступілі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і перайшлі на бок пратэстоўцаў. У прыватнасці колішні камандзір брыгады спецназу прызнаўся, што меў сяброўскія стасункі з Валерыем Сахашчыкам. Аднак цяпер пра сябра ды іншых сілавікоў-патрыётаў ён выказваецца негатыўна і абразліва.

«Ну, Сахашчык, ты не Сахашчык, ты сахаты лось. Я з табою сябраваў, мы з табою падымалі: я – сваю брыгаду, ты – сваю. Чаго ж ты прадаўся за 5 капеек ці за пяць чаго там у іх, злотых? І ўсе астатнія – гэта людзі-здраднікі. Вас Радзіма-маці вучыла бясплатна, апранала, навучала, плаціла вам заробак, давала кватэры. Што ж вам мала? І вы адплацілі такою здрадаю», – гэтак ацаніў Паўлічэнка грамадзянскую пазіцыю тых, хто стаў на бок народу.

Дзмітрый Паўлічэнка вядомы ўдзелам у стварэнні і кіраванні гэтак званых эскадронаў смерці – таемнага ўзброенага фармавання сілавікоў, што ў 1990-х гадах забівала апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. За гэта былы камандзір спецназу застаецца ў чорным спісе ЕЗ і пад санкцыямі ЗША. Аднак у інтэрвʼю СТВ ён чарговы раз аднекваўся ад свайго ўдзелу ў палітычных забойствах і называе ўсе абвінавачанні казкамі, хоць і прызнае, што браў удзел у «жорсткім навядзенні парадку».

«Мы сапраўды ў свой час вельмі жорстка наводзілі парадак тут у краіне. Гэта шмат каму не падабалася. І прыдумалі вельмі шмат легендаў і казак, нейкіх зніклых. Ну вось колькі іх шукаюць. Ужо ўсю Беларусь, мусіць, перакапалі, перашукалі, ужо кожнага беларуса спыталі. Ну і дзе яны?» – сказаў чалавек, якога лічаць кіраўніком «эскадронаў смерці».

Пры гэтым пра беспасярэдняе дачыненне Паўлічэнкі да палітычных забойстваў ёсць шмат сведчанняў ад сведак сілавых структураў і ўдзельнікаў «эскадрону смерці». 16 снежня 2019 года з’явілася інтэрв’ю з Юрыем Гараўскім, у якім той распавёў пра свой удзел у выкраданні і забойстве вядомых апазіцыянераў: былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара, а таксама бізнесоўца Анатоля Красоўскага. На думку Гараўскага, байцы падраздзялення маглі быць датычныя і да забойства журналіста Дзмітрыя Завадскага.

Паводле Гараўскага, Паўлічэнка асабіста страляў у захопленых «эскадронамі смерці» палітычных праціўнікаў Лукашэнкі, прычым страляў са спіны. Прынамсі былы собравец так расказваў пра дэталі забойства Паўлічэнкам Захаранкі пры асабістай сустрэчы з ягонаю дачкой Аленаю Захаранкаю.

«Яго паклалі тварам уніз. Яму стралялі ў спіну, вашаму бацьку, як і Ганчару, і Красоўскаму. Ім усім стралялі ў спіну», – распавёў Гараўскі.

Hавiны
«Ім усім стралялі ў спіну». Дачка экс-міністра Захаранкі сустрэлася з Гараўскім
2020.02.17 10:34

«Эскадрон смерці» быў створаны Віктарам Шэйманам, паплечнікам Лукашэнкі, у 1997 годзе. Групоўка займалася ліквідацыяй крымінальных аўтарытэтаў, а потым занялася выкраданнем і забойствамі палітычных апанентаў рэжыму. Дзмітрый Паўлічэнка быў беспасярэднім кіраўніком гэтай структуры.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў