«На дадзены момант без зменаў»: цела згвалтаванай беларускі застаецца на анатамаванні


«Белсат» звярнуўся ў Акруговую пракуратуру Варшавы з пытаннем, што адбываецца з целам памерлай у выніку нападу і згвалтавання Лізаветы і ці завершаная працэдура анатамавання.

Месца, дзе загінула беларуска Лізавета.
Фота: скрыншот з відэа tvn24.pl

Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Шымон Бана адказаў коратка:

«На дадзены момант без зменаў».

Гэта значыць, што цела застаецца на анатамаванні, і пра дату пахавання пакуль інфармацыі няма.

На пахаванне Лізаветы ейны хлопец адкрыў збор на 70 тысяч злотых, бо грошы з папярэдняга збору на лячэнне вяртаюцца ахвярадаўцам.

Са словаў Данілы, самае сціплае пахаванне ў Варшаве каштуе ад 10 тысячаў злотых. Пры гэтым месца на могілках будзе аплачанае толькі на дваццаць гадоў. Калі купіць месца назаўжды, то гэта каштуе ад 12 да 20 тысячаў злотых. Сярэдняе пахаванне ў Варшаве каштуе 14–16 тысячаў злотых, да гэтага трэба дадаць паслугі святара (прыкладна 1,3 тысячаў злотых) і гэтак далей. Важна таксама аформіць магілу, паставіць помнік.

«Для мяне і ўсіх, хто мяне падтрымлівае цяпер, важна, каб злачынец атрымаў максімальнае пакаранне за тое, што ён забраў чужое жыццё. У сувязі з гэтым неабходная сума для аплаты паслуг юрыста, які будзе абараняць інтарэсы Лізаветы ў крымінальным працэсе. У Варшаве гэта каштуе ад 20 000 злотых. Сродкі спатрэбяцца і пры рыхтаванні і легалізацыі дакументаў як на баку Польшчы, так і ў Беларусі. Таксама я хачу выказаць кожнаму з вас падзяку і абняць кожнага з вас за вашую дапамогу і падтрыманне!» – адзначыў хлопец.

Hавiны
Хлопец загінулай у Варшаве беларускі адкрыў новы збор – каб пахаваць каханую
2024.03.05 13:12

«У першым зборы паўдзельнічалі больш за 10 500 чалавек, якія ахвяравалі больш за 550 тысяч злотых. Але ён быў арганізаваны для рэабілітацыі і аздараўлення Лізаветы ў выпадку, калі б яна выжыла. Адпаведна, сродкі не могуць быць выкарыстаныя нямэтава, на іншыя патрэбы. Таму яны ўжо вяртаюцца ахвярадаўцам. У сувязі з неабходнасцю пахавання, аплаты цырымоніі паслугаў адваката, які будзе адстойваць інтарэсы Лізы ў судзе, бо справа будзе доўгай, як выглядае, бо родныя абвінавачанага будуць бараніцца.Таму быў адкрыты другі збор на 70 тысяч злотых», – распавяла «Белсату» кіраўніца праекту «Беларус беларусу» Валярына Кустава, якая падтрымлівае кантакт з хлопцам і сваякамі загінулай у Варшаве беларускі.

Калі нейкія сродкі застануцца, іх накіруюць родным Лізаветы, якія цяпер у складаным эмацыйным стане, ім патрэбныя паслугі псіхатэрапеўта і медыкаментозная дапамога, як і кожнаму чалавеку ў такой трагічнай сітуацыі, кажа Валярына.

На 12:30 6 сакавіка сабраныя амаль 110 тысяч злотых. Грошы ахвяравалі 2250 асобаў. Была ідэя збор прыпыніць, але людзям важна паказаць салідарнасць, таму збор яшчэ працягваецца, зазначыла Валярына Кустава.

Пахаванне Лізаветы запланаванае на 14 сакавіка, распавяла кіраўніца праекту «Беларус беларусу». Са словаў дзядзькі Лізаветы, яно адбудзецца на могілках пад Варшавай. На дадзены момант сваякі шукаюць залу для развітання, але не могуць адшукаць дастаткова вялікую, бо польскія традыцыі развітання крыху адрозніваюцца ад беларускіх, таму на ім можа быць абмежаваная колькасць чалавек, а развітацца з Лізай захоча шмат людзей. Валярына звяртаецца да чытачоў, якія ведаюць адрасы вялікіх залаў для развітання, з просьбай падзяліцца кантактамі.

Напад на Лізавету адбыўся 25 лютага, калі яна вярталася дадому ўначы. Злачынца кінуўся на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў. Лізавета ў непрытомным стане доўгі час ляжала на сходах. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, спрабавалі рэанімаваць Лізавету, а потым даставілі яе ў клінічны шпіталь.

Дзяўчына ўвесь час заставалася пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выніку таго, што нападнік яе душыў, у Лізаветы спынялася сэрца, у мозг нейкі час не паступаў кісларод, што выклікала незваротныя наступствы.

1 сакавіка стала вядома пра смерць дзяўчыны.

6 сакавіка ў Варшаве пройдзе марш памяці Лізаветы. Пунктам збору прызначылі месца, дзе адбылося злачынства: вуліца Журавя, 47 (Żurawia,б 47). Акцыя пачнецца а 18:00.

Агляд
Забойства Лізы шакавала Польшчу. Пачаліся дыскусіі, будуць маршы, магчымыя змены законаў
2024.03.05 12:41

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў