«Яны разумелі, што за імі прыйдуць». Гурт «Nizkiz» заставаўся ў Беларусі, нягледзячы на пагрозу арышту


Прапагандысты здзекліва паведамілі пра затрыманне ў Магілёве трох удзельнікаў гурта «Nizkiz», якія, як сцвярджалася, з’ехалі пасля пратэстаў 2020 года, а цяпер пастанавілі вярнуцца. Праваабарончы цэнтр «Вясна» зняпраўдзіў інфармацыю пра эміграцыю музыкаў, пра гэта ж у каментары «Белсату» сказала радыёвядоўца, музычная журналістка Марына Савіцкая.

Канцэрт «Nizkiz» у Менску 15 лютага 2020 года.
Фота: nizkiz.com

На відэа, запісаным пад прымусам сілавікоў, музыкі кажуць, што іхнай папулярнасцю скарысталіся і што іх папрасілі зняць падчас пратэстаў у Менску кліп на песню «Правілы».

Затрыманы лідар гурта Аляксандр Іллін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Дзмітрый Халяўкін. На волі застаўся толькі Леанід Несцярук, які, паводле «Нашай нівы», цяпер за мяжою.

Паводле якіх артыкулаў абвінавачваюць «Nizkiz», пакуль невядома.

Прапагандысты сцвярджаюць, што «пасля падзеяў 2020 года музыкі пакінулі Беларусь і вось пастанавілі вярнуцца», прычым не звярнуліся ў камісію для беларусаў, якія з’ехалі, таму і былі затрыманыя.

Hавiны
У Магілёве сілавікі брутальна затрымалі трох удзельнікаў гурта «Nizkiz»
2024.01.06 11:28

Праваабарончы цэнтр «Вясна» зняпраўдзіў інфармацыю пра эміграцыю музыкаў. У каментары «Белсату» радыёвядоўца, музычная журналістка Марына Савіцкая пацвердзіла, што ўдзельнікі гурта жылі ў Беларусі, толькі час ад часу выязджалі за мяжу на гастролі:

«Яны выязджалі выключна на канцэрты. Яны ніколі не з’язджалі на сталае месца жыхарства за мяжою. І канцэрты ў іх адбываліся не толькі ў Літве і Польшчы. На канцэртах у іх вельмі часта гучала фраза пра тое, што яны будуць вяртацца на радзіму, яны вельмі любяць Беларусь і яны хацелі заставацца менавіта там».

У Беларусі цяпер бракуе магчымасці ладзіць канцэрты, фактычна існуе забарона на выступы. І замежныя гастролі – адзіны шанец выйсці на сцэну.

«Музыкам хочацца недзе выступаць, заставацца са сваймі прыхільнікамі. Менавіта гэта правакуе выязджаць за мяжу і там ладзіць свае выступы, хаця б такімі шанцамі карыстацца», – падкрэсліла Савіцкая.

Яна сказала, што не ведае, чаму гурт заставаўся ў Беларусі:

«Яны не маглі не разумець, што аднойчы да іх могуць прыйсці. Не таму, што яны вельмі пратэсныя, а таму што цяпер у Беларусі ні з кім не выключаная такая сітуацыя. Калі нават няма за што – яны прыдумаюць нагоду».

Пры гэтым, паводле суразмоўцы «Белсату», у кожнай асобы свае прычыны, каб не з’язджаць: «Ёсць цяга да радзімы, любоў да краіны, і хочацца заставацца там. У кагосьці родныя, блізкія – там усё тваё жыццё фактычна».

Адметна тое, што ў тэлесюжэце прапагандысты неаднаразова падкрэслівалі тое, што музыкі не жылі ў Беларусі і іх затрымалі пасля таго, як яны вырашылі вярнуцца ў краіну. Пры гэтым звяртаецца ўвага, што хлопцы не звярнуліся ў так званую «камісію па вяртанні». З пытаннем, чаму менавіта на гэтым робіць такі акцэнт прапаганда, мы звярнуліся да псіхолага Наталлі Скібскай.

На яе думку, калі прапаганда пераследуе нейкую ідэю, то яе можна сфармуляваць так: трэба запалохаць тых, хто знаходзіцца за мяжой.

«Тыя, хто ўнутры краіны, ужо і так запалоханыя, бо яны знаходзяцца пад уладай, яны ўсё роўна жывуць на тэрыторыі Беларусі. І, калі што, яны могуць патрапіць у пастку. А вось тыя, хто знаходзіцца па-за тэрыторыяй Беларусі, ім трэба даваць нейкія месэджы. Вось гэта такі месэдж», – адзначыла Наталля Скібская.

Аб’ектыў
Па-эмігранцку: падвялі вынікі года для беларускае культуры
2023.12.27 21:02

belsat.eu

Стужка навінаў