Праваабаронцы склалі карту пераследу за распаўсюд «экстрэмізму»


Праваабаронцы прааналізавалі статыстыку пакаранняў беларусаў за 2023 год паводле арт. 19.11 Кодэксу аб адміністратыўных парушэннях і склалі адмысловую карту пераследу паводле гэтага артыкулу цягам мінулага года.

Прыкладная карта пераследу паводле арт. 19.11 КаАП у 2023 годзе, складзеная праваабаронцамі.
Фота: Spring96.org

Артыкул 19.11 КаАП («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць») прымяняецца ў дачыненні грамадзянаў за рэпосты, дасыланне ў асабістыя паведамленні, падпіскі ў сацсетках, дзе падпіскі бачныя іншым падпісчыкам, на матэрыялы, якія ўнесеныя ў так званы рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, у 2023 годзе паводле гэтага артыкулу было рэпрэсавана як найменей 2791 чалавек. І гэтая лічба не канчатковая, кажуць прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна», яна можа быць у некалькі разоў большай.

З гэтай колькасці было арыштавана мінімум 342 асобы, якія агулам былі пакараныя 6548 соднямі арышту. Штрафы атрымалі мінімум 254 асобы на агульную суму 370 703 рублёў. Пры гэтым большасць вынікаў судовых разбораў невядомая.

Яшчэ ўвесну 2023 года праваабаронцы «Вясны» падрыхтавалі адмысловае спавешчанне, у якім уздымалі тэму пераследу за «экстрэмісцкія матэрыялы».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў